Святлана Ціханоўская далучылася да дыскусіі «Палітычныя зняволеныя ў Беларусі: сумесныя намаганні па іх вызваленні», ключавымі тэмамі якой сталі выклікі, з якімі сутыкаюцца палітзняволеныя і іх сем’і з 2020 года, а таксама магчымыя меры па ўмацаванні правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі.
Падчас прамовы Святлана Ціханоўская сфакусавалася на праблемах палітзняволеных у Беларусі, а таксама заклікала краіны-члены АБСЕ падтрымаць справу, якую Літва перадала ў МКС.
Святлана Ціханоўская:
«Добры дзень, шаноўнае спадарства,
Дарагія беларускія сябры,
Амбасадар Оскалнс,
Прафесар Бенедэк,
Дарагая Вольга, дарагія сябры,
Хачу пачаць са слоў падзякі ўсім 30 краінам, якія далучыліся да Групы Сяброў дэмакратычнай Беларусі ў АБСЕ. Год таму нас было толькі дзесяць.
Гэтая група ўяўляе сабой кааліцыю аднадумцаў, якія падзяляюць адны і тыя ж каштоўнасці і вераць у мірную і дэмакратычную Еўропу, у якой няма месца тыраніі і вайне.
Вялікі дзякуй Польшчы не толькі за месца для правядзення гэтага мерапрыемства, але і за тое, што краіна стала прыстанішчам для сотняў тысячаў беларусаў. Разам з Літвой і Латвіяй Польшча прытуліла больш за 350 000 беларусаў, якія ратуюцца ад тэрору, і нават змяніла заканадаўства, каб нашыя людзі адчувалі сябе тут камфортна.
Хачу падзякаваць Мальце за яе лідарства ў АБСЕ і за арганізацыю гэтай канферэнцыі. Для нас няма больш неадкладнай тэмы, чым нашыя палітычныя вязні.
Іх лёс – мой асабісты боль. Як вы ведаеце, майго мужа Сяргея трымаюць у ізаляцыі ўжо больш за 500 дзён. Ніякай інфармацыі, ніякіх лістоў, ніякіх званкоў. Я нават не ведаю, ці жывы ён. Тое ж самае тычыцца Ігара Лосіка, Марыі Калеснікавай, Віктара Бабарыкі, Паліны Шарэнды-Панасюк і Мікалая Статкевіча.
Людзі ў турмах пазбаўленыя не толькі базавых правоў, але і элементарных рэчаў, такіх як юрыдычная ці медыцынская дапамога. У такой сітуацыі, напрыклад, Алесь Бяляцкі. Многія людзі літаральна паміраюць. Сярод больш чым 1300 палітычных зняволеных 29 знаходзяцца ў крытычным стане.
Сумесна з праваабаронцамі мы склалі гуманітарны спіс з 224 чалавек, у тым ліку непаўналетніх, пажылых людзей, людзей з сур’ёзнымі захворваннямі і шматдзетных маці. Гэтыя людзі павінны быць вызваленыя неадкладна і без усялякіх умоваў.
Тэрор, які пачаўся 4 гады таму, не спыняецца ні на дзень. Рэжым помсціць беларускаму народу за тое, што ён скарыстаўся сваімі законнымі правамі і запатрабаваў пераменаў і свабодных выбараў. Журналістаў і праваабаронцаў называюць тэрарыстамі і экстрэмістамі. Многіх людзей прыгаворваюць да гадоў турмы за каментарыі ў інтэрнэце ці за ахвяраванні сем’ям рэпрэсаваных.
Людзі, якія адбылі свае тэрміны, выглядаюць непазнавальна. Яны нібы вярнуліся з ГУЛАГа.
Нават тыя сотні тысячаў людзей, хто быў змушаны эміграваць, не могуць адчуваць сябе ў бяспецы. Многіх судзяць завочна. Іх сем’і ў Беларусі пераследуюць і запалохваюць. Так было з сынам Анатоля Лябедзькі і стрыечным братам Паўла Латушкі. Дзяржава канфіскуе і прадае маёмасць уцекачоў. Іх пазбаўляюць дакументаў, затрымліваюць на мяжы, аб’яўляюць у вышук праз Інтэрпол. Напрыклад, Андрэй Гнёт па запыту рэжыму Лукашэнкі ўжо год знаходзіцца пад хатнім арыштам у Сербіі.
Беларусь стала лабараторыяй рэпрэсіяў, а іншыя дыктатуры – напрыклад, пуцінская – пераймаюць яе вопыт. Але самае абуральнае – тое, што ўсё гэта здзяйсняюць з пачуццём поўнай беспакаранасці. Ахвяры не могуць абараніць свае правы ў судах, і ніводзін злачынец не быў прыцягнуты да адказнасці.
Нядаўна Лукашэнка памілаваў некалькі дзясяткаў з тысячаў палітвязняў. Гэта правільны крок, мы яго вітаем і такія крокі павінны працягвацца. Але як можна памілаваць чалавека, які не вінаваты?
На жаль, гэтае «памілаванне» адбывалася на фоне новых арыштаў. Учора я прачытала на сайце праваабарончага цэнтра «Вясна», што з ліпеня было вызвалена 115 чалавек. Але ў той жа час палітвязнямі былі прызнаныя яшчэ 142 чалавекі.
Таму нельга казаць пра якую-небудзь істотную змену палітыкі. І я сумняваюся, што рэжым праяўляе гуманізм. Хутчэй гэта жэст, накіраваны на паляпшэнне іміджу Лукашэнкі сярод беларусаў і ў вачах міжнароднай супольнасці перад так званымі выбарамі.
Галоўны сігнал, які мы хочам пачуць і павінны патрабаваць, – гэта спыненне рэпрэсіяў. Спыніце затрыманні, спыніце палітычныя працэсы. А потым вызваліце палітвязняў. Я разумею, што наўрад ці гэта адбудзецца ў адзін дзень, што гэта працэс, але яго трэба пачынаць зараз і не выбарачна, а ў адносінах да ўсіх.
Калі рэжым хоча нейкіх саступак – хаця мы да гэтага часу не ведаем, чаго менавіта там хочуць, – хай працягвае выпускаць людзей і спыніць браць новых закладнікаў.
Сітуацыя ў Беларусі нестабільная. І рэжым больш крохкі, чым здаецца. Беларускі народ не здаўся, ён працягвае супраціўляцца тыраніі і пратэставаць супраць вайны. Нават нягледзячы на рэпрэсіі, людзі не сталі любіць дыктатара і не змірыліся з ягоным рэжымам.
Мы павінны адстойваць нашыя прынцыпы і быць на баку людзей. Мы павінны змагацца за вызваленне ўсіх несправядліва затрыманых. Людзі павінны адчуваць, што яны не кінутыя, і што дэмакратычны свет на іхнім баку.
І любы знак салідарнасці, любая падтрымка мае значэнне. Калі ты знаходзішся ў халоднай камеры КДБ з маленькім акном памерам з шахматную дошку, толькі падтрымка звонку дапамагае табе выжыць. Ты ведаеш, што нехта знадворку змагаецца за цябе.
Я бачу, што, на жаль, апроч санкцыяў у нас вельмі мала міжнародных механізмаў уздзеяння на рэжым. Але я веру, што разам з АБСЕ і чальцамі гэтай групы сяброў Беларусі мы зможам змяніць сітуацыю.
Сёння я прыйшла да вас з некалькімі канкрэтнымі прапановамі таго, што АБСЕ і яе дзяржавы-сябры могуць зрабіць прама цяпер, каб спыніць рэпрэсіі, аднавіць правасуддзе і, нарэшце, вызваліць палітычных зняволеных.
Першае. Я прашу дзяржавы-сябры АБСЕ і арганізацыі грамадзянскай супольнасці падтрымаць зварот у Міжнародны крымінальны суд (МКС) наконт злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых Лукашэнкам і яго рэжымам. Толькі ўчора я прыехала сюды з Гаагі, дзе Літва падала ў МКС першую і пакуль адзіную справу па Беларусі. Роўна год таму ў гэтай зале мы абмяркоўвалі гэты механізм, і нарэшце мы да яго дайшлі. Дзякуй, Літва!
У звароце прапануецца расследаваць злачынствы рэжыму, у тым ліку дэпартацыю сотняў тысячаў беларусаў. Я заклікаю ўсе краіны, якія прысутнічаюць тут, падтрымаць Літву ў гэтай ініцыятыве і таксама падаць звароты ў МКС. Акрамя таго, прашу разгледзець магчымасць адкрыцця справаў у межах універсальнай юрысдыкцыі. Па некалькі такіх ужо ініцыяваныя ў Літве і Польшчы.
Сам факт магчымасці прыцягнення вінаватых рэжыму да адказнасці можа дапамагчы спыніць рэпрэсіі, змяніць паводзіны рэжыму і прымусіць яго вызваліць людзей. Але самае галоўнае – гэта дасць пацярпелым ад рэпрэсіяў надзею на аднаўленне справядлівасці.
Другое. Я прашу дзяржавы-сябры АБСЕ далучыцца да Міжнароднага гуманітарнага фонду для пацярпелых ад рэпрэсіяў у Беларусі. Фонд толькі што запушчаны, і першымі яго падтрымалі Швецыя і Нарвегія. Яны ўнеслі 1,5 мільёна еўра. Вядома, гэта толькі кропля ў моры таго, што патрэбна. Мэта фонду выключна гуманітарная: рэабілітацыя былых палітвязняў, падтрымка іх сем’яў і аказанне псіхалагічнай дапамогі. Мы просім падтрымаць гэты фонд у дадатак да ўжо дзейных праграмаў – такіх як Міжнародная платформа па прыцягненню вінаватых да адказнасці для Беларусі. Праца гэтых праграмаў стала асновай для звароту Літвы ў МКС.
Трэцяе. Я прашу выкарыстоўваць усе даступныя ў рамках АБСЕ механізмы для вызвалення палітычных зняволеных ці хаця б для паляпшэння іх умоваў утрымання. Дзякуй за запуск Венскага механізма па палітычных зняволеных два месяцы таму. Яго падтрымалі 38 дзяржаваў-членаў. Канешне, мы ведаем рэакцыю рэжыму: «Гэта не палітычныя зняволеныя, а злачынцы і тэрарысты». Але запуск гэтага механізма дзіўнай выявай супаў з «памілаваннем» больш 100 чалавек! Так што давайце працягваць. Не спыняйце задаваць рэжыму нязручныя пытанні. Не спыняйце аказваць ціск.
Я заклікаю БДІПЧ і Сакратарыят АБСЕ ў поўнай меры выкарыстоўваць свае мандаты. Патрабуйце, наколькі гэта магчыма, наведвання палітычных зняволеных у Беларусі, асабліва тых, хто знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі – Марыі Калеснікавай, Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага ці нашага лаўрэата Нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага. Патрабуйце іх неадкладнага вызвалення. Патрабуйце доступ на палітычна матываваныя суды.
Важна, каб гэтыя запыты рабіліся публічна. Лістоў па закрытых каналах недастаткова. Калі вам адмаўляюць у доступе, публікуйце гэтыя адказы. Рэжыму ў Мінску павінна быць сорамна за адмову ад супрацоўніцтва.
Я шчыра веру (сапраўды веру!), што АБСЕ можа стаць платформай для дыялогу не толькі наконт вызвалення палітычных зняволеных, але і наконт вырашэння палітычнага крызісу ў Беларусі агулам. І перш чым запрашаць лукашэнкаўскага міністра на наступную сустрэчу міністраў АБСЕ, дайце яму зразумець: яны павінны супрацоўнічаць і спыніць парушаць асноўныя каштоўнасці і прынцыпы гэтай арганізацыі.
Чацвёртае. Рэжым плануе правесці так званыя выбары ў 2025 годзе. Гэтыя выбары будуць фарсам: палітычныя лідары зняволеныя ў турмах, медыя знішчаныя, а за кратамі знаходзяцца тысячы людзей. Праводзіць дэмакратычныя выбары пры такім рэжыме немагчыма – людзі ўнутры яго проста баяцца пачуць голас народа.
Хаця рэжым і не збіраецца запрашаць назіральнікаў АБСЕ, гэта не значыць, што мы павінны проста маўчаць. Мы павінны даць сумленную адзнаку сітуацыі і выразна заявіць, што гэты фарс не мае нічога агульнага з рэальнымі выбарамі.
Мы не можам дазволіць рэжыму падмануць свет, «перавярнуць старонку» і вярнуцца да business as usual. Паверце, запыт на дэмакратычныя змены ўсё яшчэ жывы ўнутры беларускага грамадства. Людзі прагнуць дэмакратыі, яны гавораць пра будучыню.
І яны не бачаць будучыні пад дыктатурай ці пад Расіяй. Яны бачаць будучыню Беларусі ў еўрапейскай сям’і свабодных нацый.
Дарагія сябры,
Я хачу падзякаваць усім прысутным тут за тое, што думаеце пра Беларусь, за ваш унёсак у нашую барацьбу за свабоду – спачатку за свабоду тых, хто знаходзіцца за кратамі, а пасля і за свабоду ўсёй краіны. Дзень правасуддзя непазбежна настане. Давайце зробім усё магчымае, каб гэта адбылося як мага хутчэй.
Дзякуй. Жыве Беларусь!»