Падчас візіту ў Польшчу беларуская лідарка сустрэлася з міністрам унутраных справаў Томашам Семонякам у Варшаве. Разам з Ціханоўскай у сустрэчы браў удзел яе намеснік у Аб’яднаным Пераходным Кабінеце Павел Латушка.
Бакі абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі і магчымыя шляхі іх вызвалення – у тым ліку закранулі справу Анджэя Пачобута. Дыялог таксама закрануў пытанні бяспекі на польска-беларускай мяжы і пазоў Літвы ў Міжнародны крымінальны суд.
Ціханоўская падзякавала міністру за працу рабочай групы па пытаннях легалізацыі, спрашчэнню ўмоваў знаходжання беларусаў у Польшчы, а таксама за шырокія выключэнні для праезду аўтамабіляў на беларускіх нумарах. Лідарка перадала Томашу Семоняку новыя прапановы ад дэмакратычных сілаў па агучаных пытаннях – і прапанавала стварыць міжведамасную рабочую групу па Беларусі.
Святлана Ціханоўская: «Я ўдзячная міністру за сустрэчы і за падтрымку. Мы працягваем супрацоўніцтва і будзем разам вырашаць пытанні і праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы. Польшча заўсёды была побач з беларусамі, і я ўдзячная за прынцыповую пазіцыю гэтай краіны па ціску на рэжым Лукашэнкі».
Таксама Святлана Ціханоўская высока ацаніла ўнёсак польскіх уладаў і грамадства ў барацьбу з паводкамі, падкрэсліўшы, што беларусы ў Польшчы актыўна далучыліся да валанцёрскіх ініцыятываў.