Беларуская лідарка працягвае працоўны візіт у Польшчу. Сёння ў Варшаве адбылася прэс-канферэнцыя Аб’яднанага Пераходнага Кабінета з нагоды перадачы ўрадам Літвы дакументаў у Міжнародны суд аб злачынствах рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў. Удзел у мерапрыемстве разам з Ціханоўскай узяў Павел Латушка, Алег Кулеша і прадстаўнік Хельсінскага камітэту.
У сваім выступе беларуская лідарка растлумачыла важнасць пазову Літвы ў Міжнародны крымінальны суд і падкрэсліла: краіны-суседзі істотна пацярпелі ад дзеянняў рэжыму і гатовыя дамагацца справядлівасці. Беларуская лідарка таксама заклікала іншыя краіны падтрымаць Літву і накіраваць аналагічныя запыты ў суд.
«Мы цалкам падтрымліваем Літву і заклікаем урады іншых краінаў накіраваць афіцыйныя лісты ў Міжнародны суд з заклікам правесці расследаванне злачынстваў рэжыму. Учора польскае МЗС афіцыйна заявіла, што поўнасцю падтрымлівае Літву і яе пазоў у Міжнародны крымінальны суд. Польшча, Літва, а таксама Латвія і Украіна – найбольш пацярпелі ад дзеянняў рэжыму і зацікаўленыя ў тым, каб дыктатар урэшце быў прыцягнуты да адказнасці. Месяц таму Украіна таксама афіцыйна далучылася да Рымскага статуту. Гэта значыць, што калі будзе распачата расследаванне ці выдадзены ордар на арышт, то Украіна таксама будзе абавязаная яго выконваць. Гэта асабліва важна ў кантэксце ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны».