СУСВЕТНЫ ЭКАНАМІЧНЫ ФОРУМ. Святлана Ціханоўская другі год запар удзельнічала ў Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, каб прадставіць пазіцыю беларусаў па сітуацыі ў рэгіёне, вайне ва Украіне, заручыцца падтрымкай міжнародных арганізацыяў і палітычных лідараў, знайсці новых саюзнікаў і партнёраў. Беларуская лідарка двойчы выступіла на закрытых сустрэчах сусветных лідараў, дзе сабраліся прадстаўнікі амаль 50 краінаў свету. Разам з прадстаўнікамі эканамічнай каманды Офіса, НАУ і АВВА Ціханоўская выступіла на сайд-івэнце па Беларусі, які прайшоў у Грэцкім Доме.
Святлана Ціханоўская была спікеркай падчас асноўнай праграмы Форуму. Першая дыскусія датычылася калектыўнай бяспекі Еўропы, другая – сітуацыі са свабодай слова ў свеце. Лідарка правяла шэраг сустрэчаў з сусветнымі палітыкамі, дзе актуалізавала важныя для Беларусі пытанні: вызваленне палітвязняў, падтрымка незалежных медыя, пагроза незалежнасці Беларусі з боку Расіі. Таксама лідарка абмяркоўвала легалізацыю беларусаў за мяжой і прызнанне новага беларускага пашпарта. Удалося ўсталяваць кантакты з прадстаўнікамі Венгрыі, Коста-Рыкі, Косава і Эквадора. Таксама Святлана Ціханоўская наведала Дом Google і перадала кіраўніцтву шэраг прапановаў ад беларускіх незалежных медыя і грамадзянскай супольнасці.
ГАДАВІНА ПАЎСТАННЯ КАЛІНОЎСКАГА. 21 студзеня Святлана Ціханоўская разам з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам, прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам і амбасадарам Украіны ў Літве Пятром Бештам ушанавалі памяць герояў, што бралі ўдзел у паўстанні 1863-1864 гадоў. Мемарыяльныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да чарговай гадавіны рэвалюцыйных падзеяў, адбыліся ў Вільні. Спачатку ў Кафедральным саборы зладзілі святую Імшу, а пасля ўрачыстая цырымонія прайшла на могілках Росы, дзе пахаваныя выбітныя дзеячы вызваленчага руху – Кастусь Каліноўскі і Зыгмунт Серакоўскі. Падчас цырымоніі беларуская лідарка выступіла з прамовай, якую прысвяціла нязломнасці духу беларускага народа і еднасці людзей у змаганні з тыраніяй.
БЕЗВЫБАРЫ. На Сусветным эканамічным форуме Святлана Ціханоўская выказалася наконт безвыбараў у лукашэнкаўскі Парламент. «Так званыя «парламенцкія выбары» не маюць нічога агульнага з дэмакратычным працэсам. Гэта фарс, імітацыя, цырк – і людзі ў Беларусі гэта разумеюць. Тая кампанія, што ладзіць зараз рэжым, не можа быць нейкай вызначальнай падзеяй у жыцці краіны. Таму мы заклікаем людзей увогуле не праяўляць нейкую пратэсную актыўнасць – ігнараваць выбары, каб не ахвяраваць сваёй воляй альбо жыццём дарма. Парламенцкія выбары нічога не зменяць у Беларусі», – падкрэсліла беларуская лідарка.
БЕЛАРУСЬ-ФІНЛЯНДЫЯ. Фінляндыя стала 24 краінай у Альянсе парламенцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь». Падчас працоўнай паездкі ў Хельсінкі Святлана Ціханоўская разам з дарадцам па міжпарламенцкім супрацоўніцтве Анатолем Лябедзькам сустракаліся са спікерам фінскага Парламента Юссі Хала-Аха, дзе бакі дамовіліся аб стварэнні групы «За дэмакратычную Беларусь». У выніку гэтай сустрэчы Фінляндыя стала 24 краінай свету, дзе створаная дэпутацкая міжфракцыйная група ў падтрымку Беларусі. «Мы прагаварылі некаторыя пункты супольнай працы: па-першае – магчымасць стажыровак для маладых беларусаў у парламенце Фінляндыі. Другі пункт – рэцэнзіі і прававая экспертыза праектаў законаў для новай Беларусі. Трэці пункт – супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях», – распавёў Анатоль Лябедзька.
ЛЕГАЛІЗАЦЫЯ Ў ЛАТВІІ. Прадстаўнік Офіса ў Латвіі і ў Эстоніі Віталь Малчанаў правёў перамовы з прадстаўнікамі МУС Латвіі. Асноўнай тэмай дыялогу стала пытанне легалізацыі беларусаў Латвіі, у якіх скончыўся ці блізкі да завяршэння тэрмін дзеяння пашпарта. «На жаль, заканадаўства Латвіі на дадзены момант не дазваляе атрымліваць пашпарты замежніка. Аднак прадстаўнікі МУС, як і кіраўніцтва краіны ў цэлым, пайшлі нам насустрач – і мы знайшлі рашэнне, якое абароніць беларусаў. Для таго, каб пачаць працэс па легалізацыі ў Латвіі, просім звярнуцца да нас праз тэлеграм-бот @AskOffice_Bot ці электронную пошту askoffice@tsikhanouskaya.org, апісаўшы дэталі вашага кейса», – пракаментаваў вынікі сустрэчы Віталь Малчанаў.
ЛЕГАЛІЗАЦЫЯ Ў ЧЭХІІ. У Чэхіі не будуць патрабаваць апастыль у беларусаў з доўгатэрміновымі візамі, ВНЖ ці ПМЖ. Пра гэта паведаміла прадстаўніца Офіса Святланы Ціханоўскай у Чэхіі Крысціна Шыянок: «Чэшскі бок адрэагаваў на наш запыт, і патрабаванне апастылізацыі дакументаў з РБ было прыпыненае для тых, хто знаходзіцца ў Чэхіі па чэшскай доўгатэрміновай візе альбо на падставе дазволу на доўгатэрміновае ці пастаяннае пражыванне. Спадзяемся, што гэтае рашэнне спросціць жыццё ў Чэхіі для тых з вас, хто не мае магчымасці паехаць у Беларусь».
САЛІДАРНАСЦЬ З ПАЛІТВЯЗНЯМІ. 15 студзеня прэзідэнтка Еўрапарламента Раберта Метсола абвясціла, што стала хроснай Паліны Шарэнды-Панасюк. Такую прапанову зрабіла Раберце Метсоле Святлана Ціханоўская, падчас іх сустрэчы 13 студзеня ў Вільні. «Сённяшняе рашэнне Раберты – яшчэ адзін доказ таго, што мы не адныя ў сваёй барацьбе. Калі нехта з міжнародных партнёраў становіцца хросным хаця б для аднаго з нашых герояў, я адчуваю цеплыню ў сэрцы. Бо разумею: гэта яшчэ адзін гучны голас, які нагадвае ўсяму свету пра нашых герояў», – пракаментавала беларуская лідарка.
РАЗМОВЫ З БЕЛАРУСАМІ. На наступным тыдні, 22 студзеня, Святлана Ціханоўская правядзе асабістыя размовы з беларусамі. Гэта добрая магчымасць паразмаўляць наўпрост з беларускай лідаркай. Вы атрымаеце персанальны час для званка, дзе зможаце задаць свае пытанні, падзяліцца ідэямі ці распавесці пра праблемы. Рэгістрацыя па спасылцы.
ВАЛАНЦЁРСКАЯ ПРАГРАМА. Хочаце дапамагаць камандзе Святланы Ціханоўскай? Усё, што вам трэба ведаць пра валанцёрскую праграму Офіса па гэтай спасылцы. Калі вы хочаце далучыцца да працы валанцёрскай праграмы – проста абярыце «Стаць валанцёрам Офіса» ў телеграм-боце @AskOffice_bot і адкажыце на пытанні.
МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Зеркало (Беларусь), TVN24 (1, 2) (Польшча), Радыё Рацыя (1, 2) (Беларусь), Polskie Radio (Польшча), MTV (Фінляндыя), Vasabladet (Фінляндыя), Helsingin Sanomat (Фінляндыя), Yle Nyheter TV (Фінляндыя), Turun Sanomat (Фінляндыя), Ilta-Sanomat (Фінляндыя), Keskisuomalainen (Фінляндыя), Demokraatti (Фінляндыя), Salon Seudun Sanomat: SSS (Фінляндыя), Радыё Yle (Фінляндыя).