Святлана Ціханоўская ў другі раз узяла ўдзел у Сусветным эканамічным форуме ў швейцарскім Давосе, дзе ўзняла шэраг важных і актуальных пытанняў, у тым ліку – аб ролі Беларусі ў бяспецы Еўропы і абароне інтарэсаў беларусаў. Падчас форуму беларуская лідарка сустрэлася з шэрагам ключавых палітыкаў, а таксама з кіраўнікамі вядучых карпарацыяў і тэхналагічных кампаніяў.
Коратка пра сустрэчы Святланы Ціханоўскай:
– З прэзідэнткай Венгрыі Каталін Новак
У дыялогу з прэзідэнткай Венгрыі Каталін Новак лідарка акцэнтавала ўвагу на міжнароднай падтрымцы Беларусі. Напрыклад, на больш актыўным удзеле ў дапамозе грамадзянскай супольнасці, рэагаванні на парушэнні правоў чалавека ў нашай краіне і прыцягненні да міжнароднай адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. Таксама яна папрасіла Венгрыю прытрымлівацца супольнай палітыкі Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі.
– З прэзідэнтам Фландрыі Янам Ямбонам
З Янам Ямбонам Святлана Ціханоўская абмеркавала працу Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселю, а таксама ўдзел у сустрэчы еўрапейскіх міністраў культуры, якая адбудзецца ў траўні 2024. Беларуская лідарка таксама падкрэсліла важнасць падтрымкі рэзалюцыяў Еўрапарламенту, у тым ліку тых, якія датычацца легалізацыі беларусаў за мяжой.
– З прэм’ер-міністрам Нідэрландаў Маркам Рутэ
Лідарка абмеркавала сітуацыю ў Беларусі з прэм’ер-міністрам Нідэрландаў Маркам Рутэ. Палітыкі гаварылі пра крокі па прыцягненні Лукашэнкі і яго паплечнікаў да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці і вываз украінскіх дзяцей. Ціханоўская прапанавала, каб Нідэрланды ўзнялі гэтае пытанне ў Міжнародным крымінальным судзе. Асобна абмеркавалі пытанні легалізацыі беларусаў у Нідэрландах і магчымасць атрымання праязных дакументаў. Рутэ пацвердзіў, што гэтае пытанне зараз вырашаецца.
– З прэм’ер-міністрам Бельгіі Аляксандрам дэ Кро
Святлана Ціханоўская і прэм’ер-міністр абмеркавалі магчымыя шляхі падтрымкі Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселю. Лідарка заклікала Бельгію паставіць беларускае пытанне ў парадак дня і падтрымаць еўрапейскі выбар Беларусі падчас свайго старшынства ў Еўрасаюзе. Асобна Святлана Ціханоўская заклікала Бельгію працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі, а з іншага боку падтрымліваць беларускі народ.
– З прэм’ер-міністрам Балгарыі Нікалаем Дэнкавым
Падчас размовы Святлана Ціханоўская распавяла прэм’ер-міністру пра намаганні, якія цяпер робяцца на міжнароднай арэне для прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці, і папрасіла падтрымкі Балгарыі ў гэтым напрамку.
– З прэм’ер-міністрам Косава Альбінам Курці
– З прэм’ер-міністрам Ірландыі Леа Варадкарам
Лідарка падзякавала прэм’ер-міністру за падтрымку беларускіх культурніцкіх ініцыятываў. Палітыкі абмеркавалі далейшыя крокі, якія можа зрабіць Ірландыя, каб дапамагчы дэмакратычнай Беларусі на міжнароднай арэне.
– З прэм’ер-міністрам Грэцыі Кірыякасам Міцатакісам
У дыялогу з прэм’ер-міністрам Грэцыі Святлана Ціханоўская абмеркавала сітуацыю ў Беларусі і заклікала падтрымаць грамадзянскую супольнасць. Акрамя таго, бакі пагаварылі пра магчымасць візіту беларускай лідаркі ў Афіны.
– З міністрам замежных справаў Украіны Дзмітрыем Кулебам
Разам з міністрам замежных справаў Украіны Дзмітрыем Кулебам Святлана Ціханоўская выступала на панэльнай дыскусіі на тэму бяспекі ў рэгіёне. Пасля дыскусіі беларуская лідарка выказала словы падтрымкі ўкраінскаму народу. Бакі абмяняліся думкамі пра ўзаемадзеянне і магчымае супрацоўніцтва.
– З міністрам замежных спраў Літвы Габрыелюсам Ландсбергісам
– З міністаркай замежных справаў Нідэрландаў Ханке Бруінс Слот
Падчас сустрэчы з міністаркай Святлана Ціханоўская падкрэсліла важнасць працягу падтрымкі беларускіх незалежных медыя і грамадзянскай супольнасці.
– З міністаркай замежных справаў Эквадору Габрыэлай Зомерфельд
У дыялогу з міністаркай беларуская лідарка заклікала да больш актыўнага супрацоўніцтва паміж дэмакратычнай Беларуссю і краінамі Лацінскай Амерыкі і выказала спадзяванне, што Эквадор будзе гэтаму спрыяць. Святлана Ціханоўская звярнула ўвагу міністаркі на геапалітычную сітуацыю ў Беларусі і падкрэсліла неабходнасць узнімаць гэтае пытанне на міжнароднай арэне.
– З міністрам замежных справаў Коста-Рыкі Арнольда Андрэ Цінока
Бакі абмеркавалі супрацоўніцтва дэмакратычных сілаў Беларусі з краінамі Лацінскай Амерыкі, узаемадзеянне ў межах ААН і з Арганізацыяй амерыканскіх дзяржаваў, а таксама магчымасці падтрымкі беларускага бізнесу.
– З былым прэм’ер-міністрам Швецыі Карлам Більтам
Карл Більт, былы прэм’ер-міністр Швецыі і сустаршыня Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах выказаў падтрымку беларускаму народу. Таксама ён запрасіў Святлану Ціханоўскую наведаць Швецыю з працоўным візітам.
– З былой прэм’ер-міністаркай Фінляндыі Санай Марын
Зараз Сана Марын працуе ў Інстытуце Тоні Блэра, які, у тым ліку, кансультуе ўрады Малдовы і Украіны. Бакі абмеркавалі магчымае супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Інстытутам Блэра, а таксама прааналізавалі вынікі беларуска-фінскай Канферэнцыі. Асобную ўвагу Святлана Ціханоўская надала праблеме беларускіх палітвязняў – і прапанавала Сане Марын узяць патранаж над адным са зняволеных.
– З прэзідэнткай Еўрапейскага руху і членам Еўрапейскага Парламента Евай Мэйдэл
Абмеркавалі супрацоўніцтва з тэхналагічнымі карпарацыямі, падтрымку беларускіх медыя і ініцыятываў.
– З кіраўніком МЗС Аўстрыі Аляксандрам Шаленбергам і былой кіраўніцай МЗС Іспаніі Аранчай Гансалес
– Са спікеркай Сената Швейцарыі Евай Герцаг
На сустрэчы са спікеркай Святлана Ціханоўская распавяла пра сітуацыю з беларускімі палітвязнямі, а таксама пра саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расіі супраць Украіны. Таксама бакі абмеркавалі магчымы ўдзел дэмакратычных сілаў у Саміце спікераў, які пройдзе ў красавіку. Напрыканцы сустрэчы беларуская лідарка запрасіла Герцаг наведаць Вільню.
– З віцэ-прэзыдэнткай Google па сувязях з урадамі Анэт Кробер-Рыель
Бакі абмеркавалі шэраг актуальных пытанняў, звязаных з Беларуссю, пасля чаго Ціханоўская перадала спіс канкрэтных запытаў ад беларускіх журналістаў і грамадзянскай супольнасці. У прыватнасці, просьбы датычыліся прыярытэзацыі беларускага кантэнту над расійскім для карыстальнікаў з нашай краіны, лакалізацыі сэрвісаў Google для Беларусі, падтрымкі беларускамоўнага кантэнту, прадастаўлення інструментаў Google і арганізацыі трэнінгаў для медыя і грамадзянскай супольнасці.
– З адміністратаркай USAID Самантай Паўэр
З Самантай Паўэр беларуская лідарка абмеркавала вынікі Стратэгічнага дыялогу «Беларусь-ЗША» і дамовілася на працяг супрацоўніцтва. Асобна Святлана Ціханоўская заклікала USAID працягваць падтрымку незалежных медыя і грамадзянскай супольнасці.
– З прэзідэнтам Канферэнцыі Еўрапейскіх Рабінаў Пінхасам Гольдшмідтам
У размове з Гольдшмідтам Святлана Ціханоўская выказала свае спачуванні ахвярам вайны супраць ХАМАС. Лідарка адзначыла, што Народная амбасада Беларусі ў Ізраілі актыўна іх падтрымлівае.
Гольдшмідт, у сваю чаргу, выказаў гатоўнасць падтрымаць візіт Ціханоўскай у Ізраіль, як толькі гэта будзе магчыма. Напрыканцы размовы беларуская лідарка падарыла Гольдшмідту бел-чырвона-белы сцяг.
– З фінансістам Білам Браўдэрам, адным з ініцыятараў Акту Магніцкага
– З былым кіраўніком Еўракамісіі і былым прэм’ерам Партугаліі Жазэ Мануэлем Барозу
Жазэ Мануэль Барозу паабяцаў Святлане Ціханоўскай падтрымліваць Беларусь на парадку дня, і пагадзіўся арганізаваць нефармальныя кансультацыі па выпрацоўцы стратэгіі па Беларусі.
– З прафесарам Ельскага ўніверсітэта і спецыялістам па гісторыі Усходняй Еўропы Цімаці Снайдэрам
– З прадстаўніком кампаніі Palantir Technologies, былым дырэктарам Радыё Свабода Джэймі Флаем
На сустрэчы з Джэймі Флаем Святлана Ціханоўская абмеркавала варыянты супрацоўніцтва з Palantir і іншымі тэхналагічнымі кампаніямі.