«Паважаныя прэзідэнт Гітанас Наўседа,
Прэзідэнт Анджэй Дуда,
Амбасадар Пятро Бешта,
Дарагія сябры,
У кожнага народу ёсць гераічныя старонкі ў гісторыі, і для нас, беларусаў, Паўстанне 1863 году – адна з іх.
Нашыя продкі адмовіліся жыць пад прыгнётам акупантаў. Яны выбралі годнасць замест пакоры. Свабоду замест рабства. Цывілізаваную Еўропу замест варварскай імперыі.
І хоць паўстанне не скончылася перамогай, яно засведчыла палітычнае нараджэнне беларускай нацыі.
А Кастусь Каліноўскі, які кіраваў паўстаннем на нашых землях, – стаў сімвалам нашай супольнай барацьбы за свабоду.
Cёньня чатыры народы – Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны – яднаюць месцы яго нараджэння, ягонага змагання і пакутніцкай смерці. Яднае памяць пра яго ў імені палка, які бароніць сёння Украіну.
У паўстанцкім парыве нашыя паняволеныя народы былі з’яднаныя. Гэтае аб’яднанне дзеля свабоды папярэднічала будучай Аб’яднанай Еўропе.
Нашыя народы змагаліся за свабодную будучыню ўсяго кантыненту. Але тады гэтага не зразумелі, не адчулі ў еўрапейскіх сталіцах. І не прыйшлі на дапамогу.
Нашыя народы паняволілі надоўга. Найлепшых людзей вынішчылі. Справа свабоды пацярпела паразу.
І сёння чарговы раз лёс свабоды, дэмакратыі і права народаў на самавызначэнне вырашаецца ў нашым рэгіёне.
І зноў мы супрацьстаім той самай імперыі. І зноў мусім спадзявацца на салідарнасць дэмакратычнага свету.
Тая ж імперыя і цяпер імкнецца разбураць еўрапейскую салідарнасць з Украінай, а паміж нашымі народамі спрабуе сеяць недавер. Але ў іх нічога не атрымаецца. І тое, што мы тут усе разам – таму сведчанне.
Тагачаснай Расійскай імперыі карцела не толькі знішчыць права нашых народаў на самастойнае жыццё, але і самую іхную ідэнтычнасць – мову, культуру, гістарычную памяць і еўрапейскія каштоўнасці. «У нас адно вучаць у школах, каб цябе зусім перарабіці на маскаля», – выкрываў палітыку «рускага міру» Каліноўскі.
Гэтаксама і цяпер Расія спрабуе сцерці ўкраінскую і беларускую самасвядомасьць, каб палегчыць і апраўдаць далейшую агрэсію. А прарасійскі рэжым у Беларусі выкараняе беларускую мову і закрывае школы польскай і літоўскай меншасцяў.
Рэжымы Лукашэнкі і Пуціна спрабуюць знішчыць саму памяць пра тое паўстанне. Імя Кастуся Каліноўскага выціраюць са школьных падручнікаў.
Месяц таму ў Лідзе знішчылі надпіс на магіле святара-паўстанца Адама Фалькоўскага. Яго расстралялі за тое, што зачытаў маніфест паўстанцаў і заклікаў сваіх вернікаў да барацьбы.
Тыраны могуць знішчыць помнікі, перапісаць падручнікі, закатаваць людзей у турмах, але ім ніколі не ўдасца знішчыць гераічны паўстанцкі дух.
Гэты дух сёння жыве ў мільёнах беларусаў. У тых, хто выходзіў на вуліцы ў 2020-м. У нашых бясстрашных ваярах, якія бароняць Украіну. У нашых нязломных палітвязнях, якія праходзяць праз здзекі у лукашэнкаўскіх турмах. Ён жыве ў нашых партызанах. У сумленных выкладчыках і музыках. Мастаках і актывістах.
Гэты дух жыве ўва ўсіх нашых свабодалюбных народах.
І наш абавязак – давесці да канца справу, распачатую паўстанцамі.
Я веру, што гэтым разам у нас усё атрымаецца. Тыранія пацярпіць паразу.
Я веру, што гэтым разам дэмакратычны свет не пакіне нашыя народы сам-насам з агрэсарам.
Украіна абавязкова пераможа. А Беларусь вернецца ў Еўрапейскую сям’ю, якой належыць гістарычна.
Жыве Беларусь! Слава Україні! Niech Żyje Polska! Tegyvuoja Lietuva!»