• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Сквер імя Францішка Скарыны ў Рызе, брыфінг для амбасадараў 30 краінаў. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 27 лістапада – 3 снежня 2023

    03 снежня, 2023

    ВІЗІТ У ЛАТВІЮ. 27-28 лістапада Святлана Ціханоўская знаходзілася з працоўным візітам у Рызе. Падчас візіту беларуская лідарка правяла перамовы з прэзідэнтам Латвіі, прэм’ер-міністаркай, дзяржаўным сакратаром МУС Латвіі, спікеркай латвійскага Парламента, мэрам Рыгі, групай «За дэмакратычную Беларусь», а таксама беларусамі Рыгі. На сустрэчах Ціханоўская ўздымала пытанні легалізацыі беларусаў і прызнання пратэрмінаваных пашпартоў за сапраўдныя, сітуацыі на мяжы і неабходнасць захавання пасажырскага руху, падтрымкі медыя і грамадзянскай супольнасці, еўрапейскага выбару для Беларусі і інш. Яна таксама распавяла пра праект новага беларускага пашпарта і папрасіла падтрымаць гэтую ініцыятыву.

    У Рызе беларуская лідарка наведала Нацыянальную бібліятэку, якой перадала кнігу Уладзіміра Арлова «Беларусь», якая будзе выстаўлена ў цэнтральнай зале, і яшчэ некалькі кніг беларускіх аўтараў. Таксама яна наведала выставу Вячкі Целеша, беларускага мастака і грамадскага дзеяча Латвіі. 

    БРЫФІНГ ДЛЯ АМБАСАДАРАЎ. 29 лістапада Святлана Ціханоўская правяла брыфінг для амбасадараў 30 краінаў свету ў Вільні. У мерапрыемстве ўдзельнічалі дэлегацыя Еўрасаюзу і амбасадары Літвы, ЗША, Бельгіі, Кіпра, Люксембурга, Балгарыі, Чэшскай Рэспублікі, Венгрыі, Румыніі, Германіі, Латвіі, Даніі, Эстоніі, Фінляндыі, Швецыі, Італіі, Францыі, Нідэрландаў, Іспаніі, Ірландыі, Грэцыі, Польшчы, Харватыі, Вялікабрытаніі, Нарвегіі, Японіі, Арменіі, Ізраіля, Малдовы і Канады. Падчас сустрэчы ўдзельнікі гаварылі пра падтрымку беларускіх палітвязняў і рэпрэсаваных, а таксама абмеркавалі легалізацыю беларусаў і выдачу пашпартоў замежніка. Ціханоўская расказала пра распрацоўку новага беларускага пашпарта і апошнюю хвалю ператрусаў у актывістаў дэмакратычнага руху. 

    БЕЗВЫБОРЫ РЭЖЫМА. Беларуская лідарка прапанавала беларусам 5 спосабаў, як тут і зараз рэагаваць так званы «Адзіны дзень галасавання». Яна таксама падкрэсліла, што ні беларусы, ні міжнародная супольнасць вынікі гэтых БЕЗВЫБАРАЎ не прызнаюць. 

    Святлана Ціханоўская: «Я заклікаю вас выказаць нязгоду з выбарчым фарсам – хаця я разумею, што ва ўмовах тэрору бяспечных спосабаў амаль не засталося. Але вось тое, што кожны з вас можа рабіць ужо зараз:

    1. Пазбягайце ўдзелу ў любых рэжымных мерапрыемствах.
    2. Выкарыстоўвайце незалежныя медыя для атрымання праўдзівай інфармацыі. Пры гэтым выкарыстоўвайце VPN і прыбірайце лічбавыя сляды.
    3. Не дазваляйце рэжыму падмануць сябе, вашых блізкіх і сяброў. Тлумачце, чаму тое, што абвясціў Лукашэнка – гэта БЕЗВЫБАРЫ.
    4. Збірайце доказы злачынстваў рэжыму і яго памагатых. Яны павінны ведаць, што панясуць адказнасць за свае дзеянні.
    5. Выкарыстоўвайце сродкі творчага самавыражэння: музыку, кіно, мастацтва, сатыру і іронію. Нават размова на беларускай мове можа быць спосабам выражэння нязгоды».

    КАНФЕРЭНЦЫЯ «ШЛЯХ ДА ВОЛІ» У КІЕВЕ. 29 лістапада ў Кіеве прайшла Канферэнцыя «Шлях да Волі», якую арганізаваў фонд Палка Каліноўскага ў партнёрстве з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці Канферэнцыі з вітальным словам: «У нас могуць быць розныя палітычныя погляды, розныя лёсы, але ў нас ёсць супольная мэта – свабодная Беларусь. Гэта тая мэта, якая натхняе нас і дае сілы працягваць нашу барацьбу. На кожнай сваёй сустрэчы, у кожным выступе я заклікаю свет падтрымаць Украіну і беларускіх добраахвотнікаў. Мы павінны быць салідарнымі і падтрымліваць адно аднаго. Толькі разам, аб’ядноўваючы нашыя сілы і рэсурсы, мы можам перамагчы».

    Удзел у Канферэнцыі таксама бралі прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька і Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Генадзь Манько. 

    БЕЛАРУСЬ-УКРАІНА. Беларускія дэмакратычныя сілы працягваюць умацоўваць стасункі з Украінай. Дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкаму супрацоўніцтву Анатоль Лябедзька і каардынатар «Народных амбасадаў» Міхаіл Рубін правялі перамовы з дарадцам Офіса прэзідэнта Зяленскага Міхаілам Падалякам. Падчас сустрэчы Лябедзька, Рубін і Падаляк абмеркавалі шэраг актуальных для Беларусі пытанняў: магчымасць прызначэння спецпрадстаўніка Украіны па Беларусі, супольнае супрацьдзеянне расійскай агрэсіі, а таксама праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускія добраахвотнікі, валанцёры, дыяспара ва Украіне, і шляхі іх вырашэння.

    БЕЛАРУСЬ-ГЕРМАНІЯ. Германія пачала выдачу пашпартоў замежніка для беларусаў, якія пражываюць у гэтай краіне. Гэта вынік супольных намагання Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і беларускай дыяспары ў Германіі

    БЕЛАРУСЬ-ЕС. Святлана Ціханоўская прыняла ў сваім Офісе амбасадара Дзірка Шубеля, адказнага за Усходняе партнёрства. Абмеркавалі ўдзел Святланы Ціханоўскай у сустрэчы Рады міністраў замежных справаў ЕС 10 снежня, а таксама падрыхтоўку да другой сустрэчы Кансультатыўнай групы паміж ЕС і дэмакратычнай Беларуссю. Гаварылі таксама пра падтрымку з боку ЕС еўрапейскіх памкненняў беларусаў і праекту новага беларускага пашпарта.

    ВЫЗВАЛЕННЕ ПАЛІТВЯЗНЯЎ. 2 снежня дарадцы Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька і Франак Вячорка ўзялі ўдзел у слуханнях Каардынацыйнай Рады па стратэгіі вызвалення палітвязняў. Абмяркоўвалі магчымасці для перамоваў, інструменты ціску на рэжым і дыпламатычныя шляхі, якія могуць паспрыяць вызваленню палітычных зняволеных.

    САЛІДАРНАСЦЬ З ПАЛІТВЯЗНЯМІ. Святлана Ціханоўская разам з дачкой Агніяй далучыліся да ініцыятывы «Вольных Паштовак». «Вольныя Паштоўкі» запусцілі адвэнт-каляндар у падтрымку нашых палітвязняў. Да 25 снежня трэба выконваць простыя заданні: напісаць ліст палітвязню, падзяліцца вершамі з-за кратаў ці проста паслухаць музыку, якую стварылі нашыя героі. Спампаваць каляндар можна па спасылцы!

    Святлана Ціханоўская: «Праз цікавасць да ўсяго новага і нязведанага дзяцей лёгка можна далучаць да добрых справаў. Я распавяла Агніі пра адвэнт-каляндар «Вольных Паштовак». І сёння мы разам з ёй паспрабавалі выканаць адно з гэтых заданняў – зрабіць арыгамі, кветачку цюльпана. Агнія ўпершыню рабіла арыгамі і ёй вельмі спадабалася. А я была радая правесці час з дачкой і паказаць прыклад таго, што рабіць добрыя справы зусім не складана. Дарагія мае, далучайцеся да месяца салідарнасці з «Вольнымі Паштоўкамі» і выконвайце заданні з календара!». 

    ВЫСТУП ПЕРАД МАЛАДЫМІ ДЫПЛАМАТАМІ. Святлана Ціханоўская выступіла на Акадэміі маладых дыпламатаў з лекцыяй «Паміж геапалітыкай і памкненнямі: Беларусь, Расія і Еўрасаюз». Удзел бралі больш за 100 маладых лідараў і актывістаў з больш чым 40 краінаў.

    ПЕРАТРУСЫ Ў БЕЛАРУСІ. У Беларусі прайшла чарговая хваля масавых ператрусаў і арыштаў маёмасці. Сілавікі прыходзілі і працягваюць прыходзіць да прадстаўнікоў Каардынацыйнай Рады, Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Народнага Антыкрызіснага Упраўлення, Народных амбасадаў Беларусі і да членаў іх сем’яў, а таксама да блізкіх прадстаўнікоў іншых дэмакратычных структур. 

    Святлана Ціханоўская пракаментавала: «Рэжым вядзе сапраўднае паляванне на беларусаў, якія кожны дзень працуюць дзеля пераменаў у краіне, і запалохвае іх сваякоў. Але тады, паводле логікі рэжыму, у Беларусі кожны трэці – тэрарыст і злачынец. Лукашэнка працягвае ціснуць на ўсіх нас за тое, што, нават знаходзячыся ў выгнанні, мы ўсё роўна працягваем працу. Нас называюць тэрарыстамі, выстаўляюць пагрозай для грамадства, бяруць у закладнікі нашых блізкіх. Але сапраўдныя злачынцы – зусім не актывісты ў выгнанні, а тыя, хто працягваюць ператвараць Беларусь у турму». 

    СЛУЦКІ ЗБРОЙНЫ ЧЫН. 27 лістапада гадавіна Слуцкага збройнага чыну. І ў савецкія часы, і зараз, гэтая частка нашай гісторыі замоўчваецца ці ад яе ўвогуле адмаўляюцца. З гэтай нагоды беларуская лідарка запісала зварот, у якім нагадала пра падзеі таго часу: «У 1920 годзе беларусы больш за месяц змагаліся за свабоду і права жыць у вольнай краіне. Сёння Беларусі зноў пагражае паглынанне. Як і 100 гадоў таму, Расія насаджае ўласныя ідэі і каштоўнасці, каб знішчыць нашае права на самавызначэнне. Але мы не маем права саступіць у гэтай барацьбе. Бо інакш знікне не толькі наша краіна, але і наша ідэнтычнасць. Беларусы, бараніце родную культуру, мову, гісторыю. Гэта і будзе нашым сучасным супрацівам імперскаму «рускаму свету».

    ПРА МІЖНАРОДНУЮ КАМАНДУ ОФІСА. Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі распавядае пра працу каманды па знешняй палітыцы Офіса. Ён запісаў відэа, у якім вы даведаецеся чатыры прычыны, па якіх менавіта візіт Святланы Ціханоўскай у Германію мае асаблівае значэнне.

    АДУКАЦЫЯ Ў БЕЛАРУСІ. У Беларусі ўлады абвясцілі тры важныя крокі ў сферы адукацыі на 2024 год. Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова адзначыла: «Рэжым хоча збіраць з беларусаў больш грошай і зняць з ВНУ адказнасць за якасць адукацыі. Ізаляванасць ад міжнароднай акадэмічнай супольнасці, звальненне мноства выкладчыкаў пасля 2020 года і адсутнасць аўтаноміі ў нашых ВНУ абмяжоўваюць шанцы беларусаў на атрыманне якаснай адукацыі ў краіне».

    Нагадваем, што кожны месяц каманда Офіса па пытаннях адукацыі публікуе дайджэст «Асветы», дзе сабраныя новыя і актуальныя праграмы міжнароднай падтрымкі для беларускіх студэнтаў і даследчыкаў. З яго дапамогай можна знайсці мноства магчымасцяў, каб атрымаць якасную адукацыю па розных напрамках.

    РАЗМОВЫ З БЕЛАРУСАМІ. На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская правяла штотыднёвыя асабістыя размовы з беларусамі. Прачытаць пра тое, што такое асабістыя размовы і як яны праходзяць, можна тут.

    МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю LTV7 (Латвія), LSM (Латвія), TVNET (Латвія), CNN Portugal (Партугалія).

    Апошнія навіны