Амбасада Іспаніі у Вільні арганізавала сустрэчу Святланы Ціханоўскай з дыпламатамі з 30 краінаў. На дадзены момант Іспанія старшынюе ў Еўрапейскім саюзе.
Падчас сустрэчы ўдзельнікі гаварылі пра падтрымку беларускіх палітвязняў і рэпрэсаваных, а таксама абмеркавалі легалізацыю беларусаў і выдачу пашпартоў замежніка. Ціханоўская расказала пра распрацоўку новага беларускага пашпарта і апошнюю хвалю ператрусаў у актывістаў дэмакратычнага руху.
«Яшчэ адна важная мэта на 2024 год – гэта еўрапейская будучыня Беларусі – Еўрасаюз, альтэрнатыва тыраніі Лукашэнкі і «рускаму свету». Назіраючы за тым, як Малдова, Украіна і Грузія інтэгруюцца ў ЕС, людзі задаюць сабе пытанне – а чаму не Беларусь?», – адзначыла Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы.
У мерапрыемстве ўдзельнічалі дэлегацыя Еўрасаюзу і амбасадары Літвы, ЗША, Бельгіі, Кіпра, Люксембурга, Балгарыі, Чэшскай Рэспублікі, Венгрыі, Румыніі, Германіі, Латвіі, Даніі, Эстоніі, Фінляндыі, Швецыі, Італіі, Францыі, Нідэрландаў, Іспаніі, Ірландыі, Грэцыі, Польшчы, Харватыі, Вялікабрытаніі, Нарвегіі, Японіі, Арменіі, Ізраіля, Малдовы і Канады.