Беларускія дэмакратычныя сілы працягваюць умацоўваць стасункі з Украінай. Сёння Святлана Ціханоўская далучылася да Канферэнцыі Палка Каліноўскага «Шлях да Волі», а яе дарадца па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкаму супрацоўніцтву Анатоль Лябедзька і каардынатар «Народных амбасадаў» Міхаіл Рубін правялі перамовы з дарадцам Офіса прэзідэнта Зяленскага Міхаілам Падалякам.
Падчас сустрэчы Лябедзька, Рубін і Падаляк абмеркавалі шэраг актуальных для Беларусі пытанняў. У прыватнасці дыскусія закранула:
– магчымасць прызначэння спецпрадстаўніка Украіны па Беларусі;
– супольнае супрацьдзеянне расійскай агрэсіі;
– праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускія добраахвотнікі, валанцёры, дыяспара ва Украіне, і шляхі іх вырашэння;
– лёсы беларускіх палітвязняў і выкарыстанне ўкраінскага вопыту для паляпшэння сітуацыі.
«Пасля сустрэчы мы абодва канстатавалі: у дэмакратычнай Беларусі і Украіны аднолькавыя мэты і задачы. Каб яшчэ раз данесці гэта людзям, дамовіліся разам са спадаром Падалякам правесці супольны эфір на канале Пра Нас напрыканцы года. Там мы падсумуем вынікі 2023 года і адкажам на самыя актуальныя пытанні нашых людзей. Хутка анансуем дакладныя дату і час размовы», – паведаміў Анатоль Лябедзька.