Ціханоўская заручылася падтрымкай Грэцыі, прызначыла Зікрацкага прадстаўніком па прававых пытаннях, абмеркавала з прадстаўнікамі ЕС праект Усёабдымнага плана дапамогі для Беларусі і 4-ты пакет санкцый. Офіс Ціханоўскай працягвае настойваць на міжнароднай ізаляцыі рэжыму, дапамозе палітвязням, рабочым і студэнтам. Чытаць далей:
- Міжнародная праца
– Еўракамісія прадставіла Ціханоўскай працоўны праект Усёабдымнага плана дапамогі Беларусі. План прадугледжвае фінансавую макрадапамогу для Беларусі і падтрымку з удзелам МВФ, Сусветнага банку, ЕБРР – на пераходны перыяд і пасля новых выбараў. План уключае і правядзенне буйнога інвестфоруму па Беларусі.
– Святлана Ціханоўская выступіла на Дэльфійскім эканамічным форуме ў Афінах і правяла сустрэчы з прэзідэнтам Грэцыі, міністрам замежных спраў Грэцыі, мэрам Афінаў, прэм'ер-міністрам Паўночнай Македоніі, былым прэзідэнтам Еўрапейскай рады Дональдам Тускам. Ціханоўская падзякавала Грэцыі за адмову ўручаць даверчыя граматы Лукашэнку, які страціў легітымнасць. Грэцыя падтрымлівае санкцыі і Усёабдымны план дапамогі Беларусі. Больш падрабязна пра вынікі візіту Ціханоўскай у Грэцыю – на «Белсаце».
– Кіраўнік Кабінета Валер Кавалеўскі расказаў прадстаўнікам «Народных пасольстваў» аб міжнароднай працы каманды Ціханоўскай. Таксама ён правёў паспяховыя кансультацыі па пытанні адмовы ўручаць даверчыя граматы рэжыму. Амбасадары Грэцыі, Люксембурга і Францыі адмовіліся ад удзелу ў цырымоніі.
– Міністры замежных спраў Грэцыі і Славакіі ў размовах паведамілі Ціханоўскай, што ЕС рыхтуе чацвёрты пакет санкцый супраць памагатых рэжыму і бізнесаў, якія падтрымліваюць рэжым.
- Узаемадапамога і падтрымка
– Святлана Ціханоўская прызначыла Сяргея Зікрацкага прадстаўніком па прававых пытаннях. Зікрацкі будзе працаваць над рэформай механізмаў абароны правоў беларусаў, каардынаваць працу па ўніверсальнай юрысдыкцыі, працаваць з праваабаронцамі па тэме абароны палітвязняў і рэпрэсаваных беларусаў. Больш падрабязна пра сваю працу Зікрацкі распавёў у эфіры «Еўрарадыё».
– Кавалеўскі расказаў пра размову Ціханоўскай з дзейснымі сілавікамі Беларусі: «Нашая пазіцыя адназначная: званні і рангі супрацоўнікаў і дыпламатаў, якія страцілі іх за дапамогу пратэсту, будуць адноўленыя, выслуга – захаваная».
– Дарадца Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі і кіраўнік Кабінета Валер Кавалеўскі паўдзельнічалі ў пасяджэнні ініцыятывы «Сход» і адказалі на пытанні беларусаў па планах Офіса.
– Ціханоўская падтрымала студэнтаў і выкладчыкаў, якіх пачалі судзіць 14 траўня. У дзень суда яна ўсклала ў Афінах кветкі да мемарыяла студэнтам-героям, чыё паўстанне стала пачаткам канца дыктатуры ў Грэцыі. 14 траўня каля суда былі затрыманыя некалькі студэнтаў, журналісты і прадстаўнік Ціханоўскай па Канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька. Насуперак рэпрэсіям, каманда Лябедзькі будзе працягваць працу над праектам Канстытуцыі.
– Валанцёры Офіса падвялі вынікі кампаніі #мненужныпереговоры. Яны надрукавалі і распаўсюдзілі 36 тысяч улётак і 50 тысяч налепак. Таксама яны адправілі больш за 600 лістоў і паштовак ветэранам, надрукавалі і распаўсюдзілі ўлёткі і налепкі пра «Рабочы рух».
– Прадстаўнік Ціханоўскай па эканоміцы Алесь Аляхновіч падрыхтаваў да публікацыі праект эканамічнай падтрымкі стачачнаму руху і тым, хто трапіў пад рэпрэсіі за пратэст. Ён уключае адмену пазыкаў з-за скасавання кантрактаў, аднаўленне званняў і працоўнага стажу. Праект будзе апублікаваны на працягу тыдня.
– Ціханоўская ў інтэрв'ю беларускім і замежным выданням распавяла пра сітуацыю ў Беларусі, рэпрэсіі і працу па падрыхтоўцы да перамоў: «Белсат», Aftenposten (Нарвегія), Corriere (Італія).