• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская прызначыла Сяргея Зікрацкага прадстаўніком па прававых пытаннях

    12 мая, 2021

    Сяргей Зікрацкі – вядомы беларускі адвакат. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Беларусі, дадатковую – у Вялікабрытаніі, Латвіі, Польшчы. Спецыялізаваўся на юрыдычнай дапамозе беларускаму бізнесу, медыя і IT-кампаніям. У 2020-2021 абараняў на палітычна матываваных працэсах TUT.BY, журналістку Белсат Кацярыну Андрэеву, праграмную дырэктарку Прэс-клуба Алу Шарко, быў адным з абаронцаў Максіма Знака. У сакавіку яго выключылі з калегіі адвакатаў.

    У якасці прадстаўніка Ціханоўскай па прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі будзе:

    • займацца падрыхтоўкай і даваць прававы аналіз і ацэнку дакументаў, рашэнняў і заяў, якія прымаюцца ў Офісе Святланы Ціханоўскай;
    • даваць прававы аналіз і ацэнку беларускага заканадаўства і іншых прававых актаў, што прымаюцца, у пытанні іх адпаведнасці Канстытуцыі, а таксама ўплыву на правы і свабоды грамадзян;
    • працаваць з прадстаўніком Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і спецпрадстаўніком Святланы Ціханоўскай па выбарах над праектам Выбарчага кодэкса і праектам Канстытуцыі;
    • працаваць з іншымі прадстаўнікамі Святланы Ціханоўскай па сумежных пытаннях;
    • распрацоўваць рэформу прававых і інстытуцыянальных механізмаў па абароне правоў і свабодаў у адпаведнасці з Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі;
    • каардынаваць працу з Міжнароднай платформай па адказнасці (Dignity), а таксама аўтарамі пазоваў у замежных дзяржавах супраць прадстаўнікоў рэжыму;
    • каардынаваць працу па пытаннях універсальнай юрысдыкцыі;
    • узаемадзейнічаць з беларускімі праваабарончымі арганізацыямі, міжнароднымі арганізацыямі і спецустановамі сістэмы ААН па пытаннях правоў чалавека ў Беларусі.

    Сяргей Зікрацкі: «Упэўнены, што амаль кожны беларус за апошні год адчуў на сабе наступствы прававога дэфолту. Я як адвакат сутыкаўся з гэтым кожны дзень. Мой калега, Максім Знак, які аказваў юрыдычную дапамогу Святлане Ціханоўскай раней, прама зараз знаходзіцца за кратамі. За кратамі па палітычных матывах знаходзяцца і сотні іншых беларусаў. Перад намі стаіць задача абараняць правы беларусаў на міжнародным узроўні і падрыхтаваць канцэпцыю рэформы заканадаўства ў самых розных сферах, каб укараніць іх у новай Беларусі».

    Святлана Ціханоўская: «У нашай краіне рэжым робіць усё, каб афіцыйны закон падмяніць злачыннымі паняццямі. І пазбаўленне адвакацкай ліцэнзіі Сяргея Зікрацкага, як і рэпрэсіі над яго калегамі, – чарговы таму прыклад. Але я цаню, што прафесіянал з такой рэпутацыяй будзе працаваць у маёй камандзе. І веру, што яго вопыт дапаможа нам змагацца за тое, каб вярнуць у Беларусь законнасць і вызваліць усіх, каго кінулі ў турму за адно толькі жаданне жыць у свабоднай краіне».

    Звязацца з Сяргеем Зікрацкі можна па пошце – [email protected].

    Апошнія навіны