• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • ЕС прадставіў Святлане Ціханоўскай працоўны праект Усёабдымнага плана па Беларусі

    10 мая, 2021

    Сёння прайшла анлайн-сустрэча Святланы Ціханоўскай з Мацеем Папоўскі, генеральным дырэктарам дэпартамента палітыкі добрасуседства і перамоў па пашырэнні Еўракамісіі (DG NEAR). На сустрэчы, якая адбылася па ініцыятыве Еўракамісіі, беларускай лідарцы быў прадстаўлены праект Усёабдымнага плана дапамогі ЕС для Беларусі. Праца над праектам плана вялася апошнія месяцы ва ўзаемадзеянні з камандай Святланы Ціханоўскай.

    План прадугледжвае фінансавую макрадапамогу для эканомікі Беларусі і падтрымку палітычных і эканамічных рэформаў у тым ліку з удзелам Міжнароднага валютнага фонду, Сусветнага банка, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця і іншых міжнародных фінансавых інстытутаў. Падрыхтоўка да рэалізацыі Плана прадугледжвае магчымасць правядзення такіх мерапрыемстваў як Форум інвестараў для новай Беларусі і канферэнцыю донараў. Абавязковай умовай плана з'яўляецца тое, што ён паступіць дэмакратычнай Беларусі – а не рэжыму – у пераходны перыяд і пасля правядзення новых свабодных выбараў.

    Ціханоўская падзякавала ЕС за распрацоўку Плана і заклікала як мага хутчэй завершыць яго і агучыць меркаваны аб'ём падтрымкі. Яна таксама адзначыла, што важна дзейнічаць хутка, каб беларусы, супраць якіх Лукашэнка працягвае ўжываць усё больш жорсткія рэпрэсіі, ужо сёння ведалі пра практычныя крокі Еўрапейскага Саюза ў той момант, калі дэмакратычныя змены ў Беларусі надыдуць.

    У падтрымку плана выступілі прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі – Каардынацыйная Рада, Народнае Антыкрызіснае Кіраванне і Вераніка Цапкала, якія падпісалі зварот да Прэзідэнта Еўракамісіі Уршулі ван дэр Ляен з заклікам апублікаваць План і падтрымаць ідэю правядзення міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню для вырашэння крызісу ў Беларусі.

    Апошнія навіны