• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Генеральная асамблея ААН, легалізація беларусаў, вызваленне беларуса ў Арменіі. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 21–27 верасня

    28 верасня, 2026

    ВІЗІТ У ЗША. ГЕНАСАМБЛЕЯ ААН 

    21–24 верасня Святлана Ціханоўская знаходзілася ў Нью-Ёрку, дзе на палях Тыдня высокага ўзроўню 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН правяла шэраг сустрэчаў і прыняла ўдзел у міжнародных мерапрыемствах.

    21 верасня на палях Генасамблеі ААН прайшоў сайд-івэнт «Беларусь: саўдзельнік вайны Расіі супраць Украіны і пагроза міжнароднай бяспецы». Сустрэчу арганізавалі Латвія і Еўрапейскі Саюз пры садзейнічанні Офіса Святланы Ціханоўскай і з удзелам прадстаўнікоў Украіны, Літвы, Эстоніі, Ірландыі, Швецыі і Чэхіі. У цэнтры ўвагі былі сітуацыя ў Беларусі, удзел рэжыму Лукашэнкі ў расійскай вайне супраць Украіны і наступствы для рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі.

    Падчас візіту Святлана Ціханоўская сустрэлася з сенатаркай ЗША Джын Шахін, прэзідэнтам Румыніі Нікушорам Данам, прэм’ер-міністрам Славеніі Янезам Яншам, былым дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампеа і 42-м прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам. На сустрэчах з міністаркай замежных справаў Фінляндыі Элінай Валтонен і палітычным дзяржаўным сакратаром МЗС Пасі Раялам абмяркоўвалася дапамога беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Па выніках сустрэчаў Фінляндыя абвясціла пра дадатковыя 100 тысяч еўра на дапамогу палітвязням, вызваленым і іх сем’ям.

    У межах Clinton Global Initiative Святлана Ціханоўская выступіла ў дыскусіі, прысвечанай бяспецы Еўропы, падтрымцы Украіны і салідарнасці дэмакратычных краінаў. Таксама яна ўзяла ўдзел у Atlantic Council Global Citizen Awards, дзе правяла размовы з палітычнымі і бізнес-лідарамі, у тым ліку прэзідэнтам Чэхіі Петрам Паўлам, прадстаўнікамі Atlantic Council, Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, Сусветнага эканамічнага форуму і Google.

    БЕЛАРУС ЛЕЎ МІХЕЕЎ ВЫЗВАЛЕНЫ Ў АРМЕНІІ

    Беларус Леў Міхееў, якога пасля высылкі з Грузіі затрымалі на армянскай мяжы праз міждзяржаўны вышук па запыце беларускіх уладаў, вызвалены. Да вырашэння сітуацыі далучыліся беларускія праваабаронцы ў Грузіі і Арменіі, прадстаўнікі армянскага і грузінскага бакоў, а таксама юрысты Офіса Святланы Ціханоўскай. 

    БЕЛАРУСЫ ЗМОГУЦЬ ПАДАВАЦЬ ДАКУМЕНТЫ НА ВНЖ ЛІТВЫ Ў АРМЕНІІ І ГРУЗІІ

    З 1 лістапада грамадзяне Беларусі змогуць падаваць заявы на часовы ВНЖ Літвы праз падраздзяленні знешняга пастаўшчыка паслуг у Арменіі і Грузіі. Офіс Святланы Ціханоўскай уздымаў пытанне даступных і бяспечных міграцыйных працэдураў для беларусаў у гэтых краінах у дыялогу з літоўскімі партнёрамі. 

    СУСТРЭЧА ОФІСА З БЕЛАРУСКІМІ ПРАВААБАРОНЦАМІ

    Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў сустрэўся з прадстаўнікамі беларускіх праваабарончых арганізацый у Вільні. Абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі і рэпрэсіямі, дакументаванне злачынстваў, міжнародныя механізмы адказнасці, транснацыянальныя рэпрэсіі і злоўжыванне механізмамі Інтэрпола, а таксама прававыя праблемы беларусаў за мяжой.

    ПРАВАВЫЯ ПРАБЛЕМЫ БЕЛАРУСАЎ У ІТАЛІІ

    У калегіі адвакатаў Фларэнцыі прайшла рабочая сустрэча, прысвечаная прававым праблемам беларусаў у Італіі. У ёй узялі ўдзел дарадца Святланы Ціханоўскай Леанід Марозаў, прадстаўніца беларускай супольнасці Юлія Юхно і праваабаронца «Вясны» Уладзімір Лабковіч. Асноўнымі тэмамі сталі пратэрмінаваныя беларускія пашпарты, міжнародная абарона, легалізацыя, транснацыянальныя рэпрэсіі і рызыкі вяртання ў Беларусь. Бакі дамовіліся развіваць супрацоўніцтва паміж беларускай і італьянскай юрыдычнымі супольнасцямі.

    ІІІ АКАДЭМІЯ ЖАНОЧАГА ПАЛІТЫЧНАГА ЛІДАРСТВА

    Падведзены вынік ІІІ Акадэміі жаночага палітычнага лідарства, якая прайшла 13–18 верасня ў Празе. Праграма была накіраваная на падрыхтоўку жанчын з палітычным досведам да больш актыўнага ўдзелу ў грамадскіх працэсах і прадстаўлення беларускай дэмакратычнай супольнасці на нацыянальным і міжнародным узроўнях.

    УЗНАГАРОДЖАННЕ ДАНЧЫКА МЕДАЛЁМ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ

    У Нью-Ёрку Святлана Ціханоўская ўзнагародзіла беларускага спевака і журналіста Данчыка (Багдана Андрусішына) медалём Францыска Скарыны — за шматгадовы ўнёсак у развіццё беларускай культуры, мовы і свабоды слова. «Данчык сваёй музыкай заразіў Беларуссю тысячы людзей. Для многіх менавіта праз яго песні беларуская мова стала бліжэйшай, а беларуская культура — сваёй», — адзначыла Святлана Ціханоўская.

    АГЛЯД ПАДЗЕЯЎ У СФЕРЫ АДУКАЦЫІ І НАВУКІ

    Апублікаваны агляд падзей у сферы адукацыі і навукі за жнівень 2026 года. Сярод ключавых тэмаў — пераслед прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці, сітуацыя вакол Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і іншыя падзеі, якія ўплываюць на беларускую адукацыю і навуку.

    МЕДЫЯ

    AFP (Міжнароднае), Радыё Свабода (Беларусь), Укрінфарм (Украіна), Голас Амерыкі (Міжнароднае), BBC Newsday (Міжнароднае), Deutsche Welle (Міжнароднае), Origo (Венгрыя), «Обычный вечер» (Беларусь).

     

    Апошнія навіны