На палях Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у штогадовай цырымоніі Atlantic Council Global Citizen Awards, якая сабрала прадстаўнікоў урадаў, міжнароднага бізнесу, грамадзянскай супольнасці і медыя. Сёлета ўзнагароды атрымалі прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб, прэм’ер-міністр Аўстраліі Энтані Альбаніз, прэзідэнт і генеральны дырэктар Formula 1 Стэфана Дамінікалі і акторка і спявачка Сінція Эрыва.
Падчас цырымоніі Святлана Ціханоўская сустрэлася з былым дзяржаўным сакратаром ЗША Майкам Пампеа, прэзідэнтам Чэхіі Петрам Паўлам, прэзідэнтам і генеральным дырэктарам Atlantic Council Фрэдэрыкам Кэмпэ, віцэ-старшынём і генеральным дырэктарам Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Бенедыктам Франке, а таксама кіруючым дырэктарам, галоўным дырэктарам па бізнесе і кіраўніком глабальных праграм Сусветнага эканамічнага форуму Мірэкам Душэкам.
Сярод суразмоўцаў Ціханоўскай былі таксама міністарка замежных справаў Аўстраліі Пэні Вонг, пастаянны прадстаўнік ЗША пры ААН і былы дарадца прэзідэнта Дональда Трампа па нацыянальнай бяспецы Майк Волц, а таксама віцэ-прэзідэнт Google і кіраўнік кампаніі па ўзаемадзеянні з урадамі і публічнай палітыцы Каран Бхація.
Асобна Ціханоўская паразмаўляла з прэзідэнтам і генеральным дырэктарам Formula 1 Стэфана Дамінікалі, які сёлета атрымаў Global Citizen Award. Яна распавяла яму пра сітуацыю ў Беларусі і беларускіх палітвязняў.
Такія сустрэчы даюць магчымасць не толькі распавядаць пра Беларусь і знаходзіць новых міжнародных партнёраў, але і наладжваць кантакты з сусветным бізнесам. Дэмакратычным сілам важна ўжо цяпер думаць пра эканамічную будучыню Беларусі, прыцягненне інвестыцый і ўдзел міжнародных кампаній у развіцці краіны пасля дэмакратычных пераменаў.
«Важна, каб на такіх міжнародных пляцоўках пра Беларусь не забывалі і бачылі ў ёй не толькі сённяшнія пагрозы, звязаныя з рэжымам Лукашэнкі і Расіяй, але і будучага надзейнага партнёра. Пасля пераменаў Беларусі будуць патрэбныя інвестыцыі, тэхналогіі і міжнародны бізнес. Таму такія кантакты трэба будаваць ужо сёння», — адзначыла Святлана Ціханоўская.
