25 верасня ў Вільнюсе дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў сустрэўся з прадстаўнікамі беларускіх праваабарончых арганізацый.
На сустрэчы абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі і рэпрэсіямі, якія працягваюцца, дакументаванне злачынстваў, міжнародныя механізмы адказнасці, транснацыянальныя рэпрэсіі і злоўжыванне механізмамі Інтэрпола, а таксама прававыя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы і беларускі за мяжой.
Асобна гаварылі пра тое, як эфектыўней выкарыстоўваць сабраныя праваабаронцамі даныя і экспертызу ў міжнароднай працы пры ўзаемадзеянні з урадамі, міжнароднымі арганізацыямі і інстытутамі, якія могуць прымаць канкрэтныя рашэнні.
«Практычна ўся наша міжнародна-прававая праца абапіраецца на велізарны масіў інфармацыі і доказаў, якія гадамі збіраюць беларускія праваабаронцы. Наша агульная задача — дабівацца таго, каб гэтыя матэрыялы станавіліся падставай для канкрэтных дзеянняў: абароны людзей і прыцягнення вінаватых да адказнасці», — адзначыў Леанід Марозаў.
У такой сумеснай працы ўжо ёсць канкрэтныя вынікі. Пры ўдзеле праваабаронцаў была падрыхтавана Канцэпцыя прыцягнення да адказнасці за рэпрэсіі ў Беларусі. Яшчэ адзін напрамак — супрацьдзеянне выкарыстанню механізмаў Інтэрпола для пераследу беларусаў за мяжой. Гэтай праблеме прысвечаны даклад «Wanted by Dictator: Red Notice State».
Па выніках сустрэчы Офіс прапанаваў праваабарончым арганізацыям аб’яднаць намаганні для падрыхтоўкі новага даследавання Belarus: «Welcome Home» — пра выпадкі затрыманняў і пераследу беларусаў пасля вяртання ў Беларусь з-за мяжы.
«Нам важна, каб еўрапейскія ведамствы прымалі такія рашэнні, абапіраючыся на актуальныя і дакументаваныя даныя. За фармальным рашэннем пра вяртанне чалавека ў Беларусь стаіць цалкам рэальная рызыка затрымання і крымінальнага пераследу. Менавіта таму мы хочам сабраць гэтыя выпадкі ў адным даследаванні і зрабіць гэтую інфармацыю даступнай тым, хто прымае рашэнні пра лёсы беларусаў і беларусак за мяжой», — падкрэсліў Марозаў.
