«Шэсць гадоў таму мне было вельмі цяжка знайсці словы пасля забойства Рамана. І сёння гэта ўсё гэтак жа цяжка. Нават сама думка пра тое, што чалавек можа выйсці ў свой двор і быць там забітым, дагэтуль не ўкладаецца ў галаве.
За гэтыя шэсць гадоў не адбылося таго, што павінна было адбыцца з самага пачатку: сумленнага і празрыстага расследавання. Крымінальную справу прыпынілі яшчэ ў 2021 годзе, а вінаватыя дагэтуль не панеслі адказнасці. Пры гэтым у журналісцкіх расследаваннях даўно названыя імёны людзей, чыю датычнасць да злачынства трэба праверыць.
Рамана забілі, а потым зрабілі выгляд, што нічога не адбылося. Але адчуванне гэтай страшнай несправядлівасці нікуды не знікла.
Мы памятаем Рамана. Яго твар і словы: «Я выходжу». Памятаем, што з ім зрабілі, і як цяжка яго родным. І памятаем, колькі пытанняў усё яшчэ чакаюць адказаў.
Мы будзем дамагацца сапраўднага расследавання і адказнасці для ўсіх, хто мае дачыненне да яго смерці. Бо, нягледзячы на час, які мінуў, нам па-ранейшаму патрэбная справядлівасць. Шэсць гадоў маўчання не сціраюць ні злачынства, ні адказнасці за яго».
