З 13 па 18 верасня ў Празе прайшла ІІІ Акадэмія жаночага палітычнага лідарства, арганізаваная Офісам дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы ў супрацы з Офісам Святланы Ціханоўскай і пры падтрымцы чэшскага прадстаўніцтва фонду Rosa Luxemburg Stiftung (RLS). У праграме ўзялі ўдзел 11 беларускіх жанчын з Польшчы, Літвы і Нямеччыны, пры гэтым конкурс сёлета склаў 5 чалавек на месца.
Гэтая Акадэмія была накіравана на падрыхтоўку жанчын з палітычным досведам да больш актыўнага ўдзелу ў грамадскіх працэсах і прадстаўлення беларускай дэмакратычнай супольнасці на нацыянальным і міжнародным ўзроўнях.
Праграма ўлучала тэарэтычны блок па паліталогіі, канфлікталогіі і будаванні супольнасцей, практычныя заняткі па адвакацыі, публічных выступах, асабістым брэндзе і пратаколе, а таксама сустрэчы з замежнымі дыпламаткамі і чэшскімі палітыкесам. Сярод іх — былая віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Вэра Ёурава, былая кандыдатка на прэзідэнтку Славаччыны Магда Вашарыява, дэпутаткі чэшскага парламента Катэрына Дэмэтрашвілі і Габрыэла Свараўска. Удзельніцы таксама наведалі МЗС Чэхіі, амбасаду Нямеччыны, Амерыканскі цэнтр ў Празе і штаб-кватэру Радыё Свабода.
Акадэмія дала ўдзельніцам не толькі веды, але і рэальны інструментарый для далейшай працы. Разуменне палітычных працэсаў, навыкі работы з медыя і асабістага брэнду — гэта тыя кампетэнцыі, якія ўзмацняюць голас жанчын у палітыцы і рабяць яго больш чутным.
Сустрэчы з еўрапейскімі і чэшскімі палітыкесамі і дыпламатычным корпусам далі ўдзельніцам наўпроставыя кантакты, якія могуць стаць асновай для будучага міжнароднага супрацоўніцтва. Не менш важным вынікам стала сетка ўзаемнай падтрымкі паміж самімі ўдзельніцамі: 11 жанчын з розных гарадоў і розных сфер дзейнасці вяртаюцца, гатовыя падтрымліваць адна адну ў сваёй дзейнасці.
Акадэмія ўжо другі год рэалізуецца дзякуючы супольнай працы Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы, Офіса Святланы Ціханоўскай і чэшскага прадстаўніцтва фонду Rosa Luxemburg Stiftung.
