У Нью-Ёрку на палях Генеральнай асамблеі ААН Святлана Ціханоўская выступіла на штогадовай сустрэчы Clinton Global Initiative (CGI). CGI аб’ядноўвае палітычных лідараў, бізнес, дабрачынныя фонды і грамадзянскую супольнасць вакол канкрэтных ініцыятываў для вырашэння глабальных праблем.
Ціханоўская ўзяла ўдзел у дыскусіі «Europe at a Turning Point: Strengthening Security, Solidarity, and Trust», прысвечанай бяспецы Еўропы, падтрымцы Украіны і здольнасці дэмакратычных краін дзейнічаць разам.
Адной з галоўных тэмаў стала тое, як беларусы рыхтуюцца да дэмакратычных пераменаў ва ўмовах, калі рэпрэсіі ў краіне працягваюцца. Ціханоўская адзначыла, што задача дэмакратычных сілаў — не чакаць моманту пераменаў, а ўжо цяпер рыхтаваць для іх падмурак: інстытуты, кадры, рэформы і механізмы пераходнага перыяду.
«Дыктатуры могуць здавацца вечнымі — пакуль раптам не падаюць. Наша задача — не прадказаць дакладную дату пераменаў, а зрабіць так, каб Беларусь была да іх гатовая», — сказала Ціханоўская.
Асобная частка дыскусіі была прысвечаная ролі жанчын у дэмакратычных пераменах. Ціханоўская нагадала, што ў 2020 годзе беларускія жанчыны здолелі вельмі хутка аб’яднацца і ўзяць на сябе лідарства ў момант палітычнага крызісу.
Паводле Ціханоўскай, удзел жанчын дазваляе ўключыць у палітычныя рашэнні тое, што часта застаецца па-за ўвагай: наступствы рэпрэсій для сем’яў палітвязняў, дзяцей і штодзённага жыцця людзей, а таксама практычныя патрэбы грамадства падчас аднаўлення краіны.
«Жанчыны ў нашым руху паказалі неверагодную мужнасць. Маці, настаўніцы, прадпрымальніцы бралі на сябе ролі, да якіх ніхто іх не рыхтаваў, — і станавіліся лідарамі», — сказала Святлана Ціханоўская.
