• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Вызваленне палітвязняў! Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 8–14 верасня

    15 верасня, 2025

    ВЫЗВАЛЕННЕ ПАЛІТВЯЗНЯЎ

    11 верасня былі вызваленыя 52 палітвязні з турмаў Беларусі, сярод іх — 38 беларускіх грамадзянаў. Яны былі прымусова вывезеныя з Беларусі ў Літву. Сярод палітвязняў знаходзіўся Мікалай Статкевіч, які адмовіўся пакідаць Беларусь. Яго месцазнаходжанне на гэты момант невядома. 

    12 верасня адбылася сумесная прэс-канферэнцыя. Святлана Ціханоўская прывітала вызваленых на волі, падзякавала асабіста прэзідэнту Трампу і адміністрацыі ЗША, а таксама Еўрапейскаму саюзу, Літве, Польшчы, і ўсім краінам, якія змагаліся за палітвязняў, і падкрэсліла, што неабходна дабівацца вызвалення кожнага і кожнай, і спынення рэпрэсіяў. На жаль, пакуль з’яўляецца больш зняволеных, чым тых, хто выходзіць на свабоду. 

    Частка вызваленых была выдвараная з Беларусі без пашпартоў, што з’яўляецца грубым парушэннем іх правоў, і цяпер яны ў працэсе атрымання часовых дакументаў у Літве. Многім патрэбная рэабілітацыя, псіхалагічная і медычная дапамога. 

    Поўная прамова Ціханоўскай на канферэнцыі.
    Відэа

    Фотарэпартаж

    СУСТРЭЧА З ПРАДСТАЎНІКАМІ АРГАНІЗАЦЫЯЎ ДАПАМОГІ ПАЛІТЗНЯВОЛЕНЫМ

    11 і 12 верасня Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі Офіса і Кабінета правялі сустрэчы з прадстаўнікамі і прадстаўніцамі арганізацыяў дапамогі палітзняволеным у Вільні і Варшаве. Галоўная мэта — скаардынаваць працу па аказанні дапамогі вызваленым палітвязняў і падрыхтаваць неабходную інфраструктуру. Зроблена ацэнка патрэбаў і наяўных магчымасцяў праваабарончых ініцыятываў, каб прыняць любую колькасць зняволеных. 

    Фотарэпартаж

    СУСТРЭЧЫ Ў БЕЛЫМ ДОМЕ

    10 верасня Дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі разам з Сяргеем Ціханоўскім сустрэліся ў Белым доме са спецыяльным памочнікам Трампа і дырэктарам па Еўропе Чарльзам МакЛафліным. Абмеркавалі наступныя крокі дзеля вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсіяў. Дэмакратычныя сілы знаходзяцца ў сталым кантакце як з Белым домам, так і дзяржаўным дэпартаментам ЗША. Акрамя гэтага, Кучынскі і Ціханоўскі сустрэліся з кангрэсменамі абедзвюх партыяў ЗША: Джо Уілсанам, Біллам Кіцінгам і Крысам Смітам. 

    ПАЧАТАК ВУЧЭННЯЎ «ЗАХАД-2025»

    12 верасня пачаліся беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2025». Святлана Ціханоўская адзначыла: «Лукашэнка зноў падстаўляе беларускі народ пад удар. Замест таго, каб думаць пра бяспеку людзей, ён дапамагае Пуціну ў яго агрэсіі супраць Украіны і пагражае нашым суседзям. Мы, беларусы, не выбіралі гэтага шляху. Наш сапраўдны інтарэс — жыць у свабоднай і мірнай краіне, быць часткай бяспечнай Еўропы».

    Заява Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ў сувязі з пачаткам вучэнняў.

    ЗАКРЫЦЦЁ ПОЛЬСКА-БЕЛАРУСКАЙ МЯЖЫ

    Напярэдадні вучэнняў «Захад-2025» Польшча закрыла польска-беларускую мяжу 12 верасня. Святлана Ціханоўская пракаментавала

    «Нелегітымны рэжым вядзе Беларусь у ізаляцыю і ператварае яе ў крыніцу пагрозаў для рэгіёна. У той час, калі рэжым дзейнічае як саўдзельнік у вайне Расіі супраць Украіны, суседзі маюць права ўмацоўваць сваю бяспеку. Але я хачу падкрэсліць: беларускі народ не з’яўляецца пагрозай для сваіх суседзяў». Ціханоўская прапанавала абмяжоўваць рух для тавараў, але захоўваць пасажырскае злучэнне. Дарадца па прававых пытаннях Святланы Ціханоўскай Леанід Марозаў пракаментаваў рашэнне аб закрыцці мяжы:
    «Мы разлічваем, што гэтыя меры будуць часовымі, і працягваем заставацца на сувязі з польскім урадам, каб інфармаваць беларусаў пра далейшыя змены».

    СУПРАЦОЎНІЦТВА З ПАЛІТЫЧНЫМІ ПАРТЫЯМІ

    10 верасня Ціханоўская правяла відэазванок з прадстаўнікамі 8 палітычных партыяў Беларусі, у тым ліку Сацыял-дэмакратамі, Зялёнымі, Рухам «За Свабоду», АГП, «Разам» і іншымі. Абмеркавалі лепшую каардынацыю паміж Офісам і партыямі, супольныя дзеянні на міжнароднай арэне. Ціханоўская адзначыла ключавую ролю партыяў у беларускім дэмакратычным руху і заклікала партыі быць актыўнымі, а таксама ўдзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду.

    ПАПУЛЯРЫЗАЦЫЯ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ 

    Ціханоўская правяла сустрэчу з Паўлам Баркоўскім, прадстаўніком па нацыянальным адраджэнні ў Кабінеце, і яго новымі намеснікамі — Андрэем Лаўрухіным і Ірэнай Кацяловіч. Абмеркавалі план працы прадстаўніцтва, новыя праекты ў напрамках культуры і адукацыі. Раней Ціханоўская правяла ўстаноўчыя размовы з новай прадстаўніцай Кабінета па эканоміцы Алінай Рыжычэнка і кіраўніцай Місіі ў Кіеве Святланай Шацілінай.

    УДЗЕЛ У ЕЎРАПЕЙСКІМ ФОРУМЕ ЗА СВАБОДУ І ДЭМАКРЫТЫЮ

    14 верасня Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у Першым Еўрапейскім Форуме за Свабоду і Дэмакратыю, арганізаваным Еўрапарламентам на востраве Вентатэне, дзе быў напісаны «Маніфест Вентатэне». У дыскусіі, прысвечанай Беларусі, беларуская лідарка закранула тэмы беларускай ідэнтычнасці, супраціву ўнутры краіны і ўнёску ў дэмакратыю, які можа зрабіць кожны.

    КАНФЕРЭНЦЫЯ ПА БЯСПЕЦЫ З УДЗЕЛАМ ЛІТОЎСКАГА МЗС

    11 верасня ў Віленскім універсітэце Святлана Ціханоўская разам з міністрам замежных справаў Літвы Кястуцісам Будрысам прыняла ўдзел у дыскусіі «Па-за межамі нявызначанасці: бяспека Беларусі і Еўропы». Падчас дыскусіі абмяркоўвалі дэмакратычную будучыню Беларусі, круглы стол з прадстаўнікамі рэжыму, падтрымку і супрацоўніцтва з Літвой.
    Фотарэпартаж

    ДАПАМОГА РЭПРЭСАВАНЫМ І ВЫЗВАЛЕНЫМ ПАЛІТВЯЗНЯМ

    11 верасня Ціханоўская сустрэлася з дырэктаркай па Усходнім суседстве Адрыян Кіралі, намеснікам кіраўніка дэпартамента Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Давідам Куленам. Абмяркоўвалі тэрміновую падтрымку для вызваленых палітвязняў і для праваабаронцаў, санкцыйную палітыку ў дачыненні да Беларусі, а таксама падтрымку медыя, грамадскіх і культурніцкіх ініцыятываў. 

    Фотарэпартаж

    СУСТРЭЧА З АМБАСАДАМІ ПАЎНОЧНЫХ І БАЛТЫЙСКІХ КРАІНАЎ

    11 верасня ў Вільні адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай з амбасадарамі і спецыяльнымі пасланнікамі паўночных і балтыйскіх краінаў. Ціханоўская прывітала дыпламатаў і падзякавала за прынцыповую пазіцыю і паслядоўную падтрымку дэмакратычнай Беларусі. Падчас сустрэчы абмеркавалі палітвязняў і падтрымку пасля вызвалення, працяг рэпрэсіяў, санкцыйную палітыку і бяспеку рэгіёну, падтрымку незалежных СМІ і прыцягненне рэжыму да адказнасці.

    СУПРАЦОЎНІЦТВА З СЕЙМАМ ЛІТВЫ
    12 верасня дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька правёў сустрэчу з намеснікам кіраўніка дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь» Жыгімантасам Павілёнісам. Абмеркавалі беларускую павестку падчас старшынства Літвы ў Еўрапейскім саюзе, планы дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь», вызваленне беларускіх палітвязняў і рэфлексію групы «За дэмакратычную Беларусь». На гэтым тыдні Ціханоўская сустрэнецца з новым спікера Сейма Юозасам Олекасам. 

    ПРЭЗЕНТАЦЫЯ RED PAPER У ПРАЗЕ

    У Празе прайшла дыскусія «Спадчына Аршанскай перамогі: адказ дэмакратычнай Беларусі на вучэнні «Захад-2025» у межах Канферэнцыі па ўсходняй палітыцы Чэхіі 2025. З вітальным словам выступіла кіраўніца Офіса дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі Крысціна Шыянок. Падчас дыскусіі былі прэзентаваныя дакументы «Захад-2025: пад туманам вучэнняў» і Red Paper па рэгіянальнай бяспецы Беларусі.

    СМЕРЦЬ ПАЛІТВЯЗНЯ ЗА КРАТАМІ

    На гэтым тыдні стала вядома пра смерць яшчэ аднаго палітвязня — Андрэя Паднябеннага. Гэта дзявятая смерць палітвязня за кратамі, пра якую вядома. Святлана Ціханоўская: «За жаданне лепшай будучыні для сваёй сям’і Андрэя спачатку пазбавілі свабоды, а ў няволі забралі самае каштоўнае — жыццё. Няма нічога страшнейшага, чым страціць роднага чалавека. Няма прабачэння тым, хто датычны да гэтага злачынства».

    ДЗЕНЬ БЕЛАРУСКАЙ ВАЙСКОВАЙ СЛАВЫ

    8 верасня Святлана Ціханоўская павіншавала беларусаў з Днём беларускай вайсковай славы і адзначыла: «Сёння як ніколі важна ўсведамляць каштоўнасць беларускай незалежнасці. Незалежнасць — гэта гарантыя бяспечнай будучыні для нашых дзяцей, магчымасць жыць у краіне, дзе паважаюць чалавечую годнасць і шануюць сваю спадчыну. Толькі ад нас залежыць, ці будзе Беларусь свабоднай і мірнай».

    ДРУГІ КАНГРЭС ПА ПАЛІТЗНЯВОЛЕНЫХ У БЕЛАРУСІ
    26 і 28 верасня ў Польшчы пройдзе кангрэс Другі Кангрэс па палітзняволеных у Беларусі #WithoutJustCause. Гэта двухдзённая сустрэча арганізацыяў, ініцыятываў, палітзняволеных і праваабаронцаў, якая стане пляцоўкай для сустрэчаў, агучвання ідэяў і праблемаў у пытанні палітзняволеных у Беларусі.

    Запрашаем далучыцца:
    рэгістрацыя на Кангрэс;
    заяўка на ўдзел у кірмашы ці выступ-прэзентацыю;
    акрэдытацыя для медыя.

    Мерапрыемства арганізаванае Офісам дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы ў супрацоўніцтве з Офісам Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаным Пераходным Кабінетам і партнёрскімі арганізацыямі: Вясна, Dissidentby, Вольныя, Фонд «Краіна для жыцця» — пры падтрымцы фонду Rosa Luxemburg Stiftung.

    МЕДЫЯ
    Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Stop the World (Аўстралія), БЕЛСАТ DOC (Беларусь), Financial Times (Міжнароднае), Зеркало (Беларусь), Open (Італія), БелСАТ (Беларусь), БелСАТ (Беларусь), БелСАТ (Беларусь), YouTube Беларусi

    Апошнія навіны