Учора ўсе мы назіралі, як рэжым Лукашэнкі паспешліва адправіў да мяжы вызваленых палітычных зняволеных. У выніку дыпламатычных намаганняў ЗША былі вызваленыя 52 чалавекі. Ужо пасля размоваў з першымі з іх нам стала вядома, што перад дэпартацыяй у некаторых адабралі пашпарты. Паводле наяўнай інфармацыі, супрацоўнікі КДБ непасрэдна перад выездам канфіскавалі пашпарты, замест якіх ім выдалі толькі даведкі з Аддзялення па грамадзянстве і міграцыі — часовыя паперы фармату А4, якія не маюць прыкметаў паўнавартаснага дакумента, што пацвярджае асобу. У Мікалая Дзядка супрацоўнікі КДБ наогул парвалі пашпарт. Такая практыка рэжыму Лукашэнкі наўпрост супярэчыць міжнародным абавязкам Беларусі ў сферы правоў чалавека.
Артыкул 12 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП) гарантуе кожнаму права пакідаць любую краіну, у тым ліку сваю ўласную, і вяртацца ў яе. Пакт таксама накладвае прамы забарону на адвольнае пазбаўленне права на ўезд у сваю ўласную краіну. Пазбаўленне беларусаў іх нацыянальных пашпартоў фактычна робіць немагчымай рэалізацыю гэтых правоў.
Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека (арт. 13 і 15) гарантуе кожнаму чалавеку свабоду перамяшчэння, выбару краіны для пражывання і зноў замацоўвае права вяртацца ў сваю краіну.
Канвенцыя аб статусе асобаў без грамадзянства 1954 г. і Канвенцыя аб скарачэнні безграмадзянства 1961 г. прадугледжваюць забарону на стварэнне сітуацыяў, калі чалавек застаецца без сапраўдных дакументаў, якія пацвярджаюць асобу.
Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суда (арт. 7, п. 1(d)) адносіць «дэпартацыю або прымусовае перамяшчэнне насельніцтва» да ліку злачынстваў супраць чалавечнасці, калі такія дзеянні здзяйсняюцца ў рамках сістэматычнай або масавай атакі на мірнае насельніцтва. Такія дзеянні рэжыму могуць быць кваліфікаваныя як злачынства супраць чалавечнасці, калі будзе даказана, што гэта частка больш шырокай рэпрэсіўнай палітыкі.
Каментарый дарадцы Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях, Леаніда Марозава:
«Мы ўчора атрымалі гэтую інфармацыю і працягваем збіраць пацвярджэнні. Сітуацыя жудасная: людзей пазбавілі іх нацыянальных пашпартоў і прымусова дэпартавалі. Гэта не толькі грубае прыніжэнне чалавечай годнасці, але і парушэнне нормаў міжнароднага права і базавых правоў чалавека.
Беларусь, як краіна, што падпісала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, абавязаная забяспечваць свабоду перамяшчэння і паважаць права на грамадзянства. Замест гэтага людзей фактычна выкінулі за межы краіны з даведкамі з АГіМ, якія, натуральна, не прызнаюцца паўнавартаснымі дакументамі, што пацвярджаюць асобу.
Я разглядаю гэтую практыку як патэнцыйнае парушэнне, якое падпадае пад вызначэнне прымусовага перамяшчэння насельніцтва, прадугледжанае Рымскім статутам. Гэта павінна атрымаць міжнародную прававую ацэнку».
У цяперашні час Офіс Святланы Ціханоўскай удакладняе ўсе дэталі таго, што адбылося, і мае намер прыцягнуць увагу міжнародных арганізацыяў да гэтага абуральнага парушэння.