Сёння ў Гаазе на сайд-івэнце ў межах саміту НАТА Святлана Ціханоўская прадставіць еўрапейскім палітыкам аналітычны дакумент «Red Paper». Што гэта за дакумент, падрыхтаваны Офісам, і чаму ён важны? Тлумачым максімальна проста.
Што такое «Red Paper»? І чаму такая назва?
Мы назвалі дакумент «Red Paper», каб падкрэсліць тэрміновасць і важнасць праблемы — пагроз бяспецы, звязанных з Беларуссю. Мы не проста заяўляем пазіцыю, а сістэмна абгрунтоўваем яе дадзенымі і даем рэкамендацыі.
Чаму мы публікуем яго менавіта цяпер?
Сітуацыя абвастрылася: пагроза з боку Расіі ўзмацняецца, з’яўляюцца сігналы пра магчымы напад на краіны НАТА з беларускай тэрыторыі. Цяпер крытычна важна зафіксаваць гэта і прапанаваць альтэрнатыву. Бо цяпер — ключавы момант для вызначэння будучыні Беларусі і яе адносінаў з Еўропай. Дакумент дакладна паказвае, якія магчымасці адкрываюцца пры супрацоўніцтве і якія рызыкі існуюць, калі не пачаць дзейнічаць ужо сёння.
Што «Red Paper» дае беларусам?
«Red Paper» прызваны дапамагчы аргументаваць, што Беларусь можа быць не толькі пагрозай, але і часткай рашэння для рэгіянальнай бяспекі. Гэта дае беларусам падставу не толькі адчуваць сябе ўключанымі ў размову пра будучыню Еўропы, але і абвяргаць распаўсюджаныя міфы. Напрыклад, пра тое, што без Расіі Беларусь нібыта асуджаная на ізаляцыю ці стане «другой Украінай».
Цалкам азнаёміцца з дакументам можна па спасылцы.