«Больш за пяцьсот гадоў таму адбылася бітва пад Воршай — адзін з ключавых момантаў у гісторыі беларусаў, калі нашыя продкі абаранілі свае землі ад захопнікаў Маскоўскай дзяржавы.
Гісторыя паўтараецца: нават праз стагоддзі мы вымушаныя зноў праходзіць праз падобныя канфлікты, адстойваць землі суседзяў і свой суверэнітэт. Але, як і пяцьсот гадоў таму, перамога будзе за тымі, хто шануе свабоду і праўду, хто здольны яднацца перад тварам ворага і дапамагаць адно аднаму.
Вось ужо тры з паловай гады працягваецца поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. Увесь гэты час беларусы з палка Каліноўскага і іншых фармаванняў у шэрагах ЗСУ мужна змагаюцца за ўкраінскія зямлі, нягледзячы на небяспеку і страты. Расійскі дыктатар імітуе мірныя перамовы, але разам з Лукашэнкам ідзе на эскалацыю: ужо праз некалькі дзён пачынаюцца новыя вучэнні «Захад-2025». Падчас іх будуць адпрацоўвацца сцэнары выкарыстання ядзернай зброі. Захопніцкія амбіцыі Расіі не знікаюць, а толькі ўзрастаюць, і мы, беларусы, жывём на самай мяжы гэтых пагрозаў.
Сёння як ніколі важна ўсведамляць каштоўнасць беларускай незалежнасці. Незалежнасць — гэта гарантыя бяспечнай будучыні для нашых дзяцей, магчымасць жыць у краіне, дзе паважаюць чалавечую годнасць і шануюць сваю спадчыну. Толькі ад нас залежыць, ці будзе Беларусь свабоднай і мірнай».