Святлана Ціханоўская знаходзіцца ў Італіі, дзе цяпер адбываецца Першы Еўрапейскі Форум за Свабоду і Дэмакратыю пры падтрымцы Еўрапарламента.
У форуме ўдзельнічаюць журналісты, навукоўцы, еўрапейскія палітыкі, лаўрэаты Нобелеўскай прэміі, а таксама маладыя актывісты.
Падчас дыскусіі, прысвечанай Беларусі, Святлана Ціханоўская закранула наступныя тэмы:
– Сітуацыя ў краіне цяпер:
«Кожны дзень на працягу пяці гадоў запар беларусаў затрымліваюць за палітычныя погляды, за антылукашэнкаўскія выказванні, за падтрымку Украіны, за ахвяраванні ўкраінскаму войску. Салідарнасць цяпер — гэта злачынства. Калі купляеш дзіцяці палітвязня калядны падарунак, можаш апынуцца ў турме на гады. І гаворка не пра дні, а пра пяць, дзесяць, пятнаццаць гадоў зняволення».
— Пра становішча беларускай ідэнтычнасці:
«Гэты рэжым хоча знішчыць усё беларускае, правесці русіфікацыю. Яны робяць тое самае, што і на акупаваных тэрыторыях Украіны. І нашая задача — захаваць ідэнтычнасць, адкрыць Беларусь Еўропе».
– Пра праведзеную працу:
«Варта памятаць: мітынгі на вуліцах — гэта толькі адна частка паўстання і рэвалюцыі. Важна стаяць разам, захоўваць адзінства, будаваць грамадства, якое супрацьстаіць рэжыму. За гэтыя пяць гадоў мы шмат дасягнулі».
– Пра супраціў унутры краіны:
«Людзі, што застаюцца ў Беларусі, перадаюць інфармацыю пра тое, што адбываецца на месцах, робяць малыя акты сабатажу. Ёсць людзі з улады, побач з Лукашэнкам, якія таксама хочуць дапамагчы. Яны перадаюць інфармацыю, напрыклад, як абыходзяцца санкцыі, як рэжым мілітарызуе эканоміку і зарабляе на крыві ўкраінцаў. Яны таксама хочуць пераменаў, дэмакратызацыі, і дапамагаюць, як могуць».
– Пра ўнёсак, які можа зрабіць кожны:
«Дэмакратыя — гэта адказнасць не толькі палітыкаў ці парламентарыяў, а кожнага чалавека. Кожны чалавек можа рабіць свой унёсак: распаўсюджваць праўду, размаўляць з суседзямі, дапамагаць іншым, паказваць сваю волю праз учынкі. Мы павінны трымаць адзінства, бо дыктатары гуляюць на нашых пачуццях, хочуць разбурыць веру знутры. Мы не павінны дапусціць гэтага. Гэта мой пасыл усім людзям і народам, якія змагаюцца за перамены ў сваіх краінах, за дэмакратыю».
– Вызваленне палітвязняў:
«Мы ўдзячныя прэзідэнту Трампу і яго камандзе за пачатак гэтых гуманітарных вызваленняў. Але існуюць шматлікія складанасці вакол гэтых так званых вызваленняў. Людзей выпусцілі з турмаў, але яны не вольныя. Іх прымусова дэпартуюць з краіны. Яны не маюць выбару — застацца ў Беларусі ці быць адпраўленымі ў Літву. Гэта супярэчыць усялякай справядлівасці».