• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Выступ перад міністрамі культуры ЕС, сустрэча з беларусамі Познані, Signal па-беларуску. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 13-19 траўня 2024

    20 мая, 2024

    КАНФЕРЭНЦЫЯ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ У ВАРШАВЕ
    19 траўня адбылася канферэнцыя дэмакратычных сілаў у Варшаве, падчас якой кандыдаты ў Каардынацыйную раду маглі прадставіць свае праграмы. Сярод кандыдатаў – прадстаўнікі моладзевых ініцыятываў, НДА, беларускія добраахвотнікі, блогеры, палітыкі. Каардынацыйная рада з’яўляецца прадстаўнічым органам дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці. Упершыню будзе абірацца праз электроннае галасаванне.

    ДЗЕНЬ САЛІДАРНАСЦІ З БЕЛАРУСКІМІ ПАЛІТВЯЗНЯМІ
    21 траўня – Дзень салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі. Беларускія дыяспары, ініцыятывы і актывісты арганізавалі мноства мерапрыемстваў і імпрэзаў, якія працягнуцца з 19 да 25 траўня. Каманда Офіса Святланы Ціханоўскай сабрала іх у адзіны спіс. Ініцыятыва «Вольныя паштоўкі», якую вядзе Офіс Святланы Ціханоўскай, у рамках Дня салідарнасці з палітзняволенымі запусціла серыю тэматычных публікацыяў. У іх былыя палітвязні і вядомыя беларусы і беларускі спяваюць і расказваюць вершы палітзняволеных.

    23-25 траўня ў Празе запланаваная вялікая канферэнцыі па палітвязнях, якую арганізоўвае Офіс дэмакратычных сілаў у Чэхіі.

    СТАКГОЛЬМСКАЯ КАНФЕРЭНЦЫІ ПА БЕЛАРУСІ
    21-22 траўня запланаваная Стакгольмская канферэнцыі па Беларусі, якая стала вынікам супрацоўніцтва паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і шведскім МЗС. Удзел у канферэнцыі возьме Святлана Ціханоўская, беларускія і замежныя палітыкі. Запланаваны шэраг дыскусіяў па нацыянальнай ідэнтычнасці, палітвязнях, эканоміцы.

    СУСТРЭЧА З МІНІСТРАМІ КУЛЬТУРЫ ЕЎРАСАЮЗА
    13 траўня Святлана Ціханоўская выступіла ў Антверпене перад міністрамі культуры краінаў Еўрасаюза. У прамове беларуская лідарка падкрэсліла важнасць захавання беларускай культуры. Таксама Ціханоўская заклікала міністраў падтрымаць праекты, якія ўмацоўваюць беларускую ідэнтычнасць і запрашаць беларускіх мастакоў у выгнанні на еўрапейскія фестывалі і канферэнцыі, а таксама арт-рэзідэнцыі. Напрыканцы выступу лідарка ўручыла прэзідэнту Фландрыі Яну Ямбону карціну Алеся Пушкіна «Беларускае сонца» на знак сяброўства і падзякі за падтрымку беларусаў. Карціна будзе выстаўленая ў адным з музеяў Бельгіі. Святлана Ціханоўская: «Мы не можам вярнуць жыццё Алеся, але мы павінны вярнуць наш сцяг яго дому і нашай Радзіме».

    Таксама Ціханоўская правяла двухбаковыя сустрэчы з міністрамі культуры Харватыі, Літвы і Эстоніі

    ВІЗІТ У ПОЗНАНЬ І СУСТРЭЧЫ З ПОЛЬСКІМІ МІНІСТРАМІ
    Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у міжнароднай канферэнцыі Impact у Познані, дзе разважала на тэму перспектываў палітычных зрухаў у Беларусі і адказвала на пытанні. Яна адзначыла, што беларусы жывуць у сталінскіх умовах з ціскам і тэрорам. Падчас канферэнцыі Ціханоўская акрэсліла практычныя крокі, праз якія еўрапейская супольнасць можа дапамагчы беларусам. Ціханоўская таксама сустрэлася з міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім, міністрам па еўрапейскіх справах Адамам Шлапкам, легендарным польскім журналістам Адамам Міхнікам, гісторыкам Цімаці Снайдэрам і іншымі.

    Акрамя таго, Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай у Познані. Разам з ёй да размовы далучыліся намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінету Павел Латушка і прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык. Сустрэчу наведалі больш за 300 чалавек. Падчас сустрэчы адбылася дыскусія пра пытанні выбараў у Каардынацыйную раду, новага беларускага пашпарта, легалізацыі і праблемаў з выплатай пенсіяў для беларусаў у Польшчы.

    ВІЗІТ У ДАНІЮ
    Падчас візіту ў Данію 14-15 траўня Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністаркай краіны, выступіла на Капенгагенскім Саміце за дэмакратыю, выступіла на панэльнай дыскусіі пра жаночае лідарства, а таксама сустрэлася з міністрам па справах інтэграцыі для вырашэння праблемаў легалізацыі беларусаў у Даніі. Таксама Ціханоўская сустрэлася з былым прэм’ерам Даніі і генеральным сакратаром Андэрсам Фог Расмусенам.

    УЗНАГАРОДА «ЕЎРАПЕЕЦ ГОДА»
    14 траўня Святлана Ціханоўская атрымала прэстыжную ўзнагароду «Еўрапеец года» ад European Movement. Яна ўручаецца асобам, якія ўнеслі значны ўклад у еўрапейскую інтэграцыю і развіццё грамадства. У сваёй прамове беларуская лідарка падкрэсліла значэнне Беларусі для Еўропы, асабліва вылучаючы гістарычную і культурную супольнасць Беларусі з Еўропай.

    БЕЛАРУСЬ У РАДЗЕ ЕЎРОПЫ
    Дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыта Ворыхава ўзяла ўдзел у першай сустрэчы камітэта CDDEM Рады Еўропы. Падчас яе абмеркавалі найлепшыя шляхі прасоўвання рэалізацыі 10 Рэйк’явікскіх прынцыпаў дэмакратыі і ўзгаднілі план працы па дасягненні вынікаў, вызначаных у Тэхнічным заданні Камітэта Камітэтам міністраў.

    Таксама Ворыхава паўдзельнічала ў моладзевай імпрэзе Confidence in Tomorrow. Падчас яе былі распрацаваныя ідэі і прапановы па ўмацаванні дэмакратыі, заснаваныя на каштоўнасцях і прынцыпах Рады Еўропы, якія з’яўляюцца часткай агульнай спадчыны ўсіх людзей у Еўропе.

    АБМЕЖАВАННІ СУПРАЦЬ ПАМАГАТЫХ РЭЖЫМУ
    Албанія скасавала бязвізавы ўезд для дыпламатаў і чыноўнікаў рэжыму Лукашэнкі. Гэтае пытанне падымалася Святланай Ціханоўскай з албанскімі ўладамі раней.

    SIGNAL ПА-БЕЛАРУСКУ
    19 траўня выйшла беларускамоўная версія папулярнага мэсэнджэра Signal, якім карыстаюцца беларускія журналісты і актывісты для бяспечнай камунікацыі. Гэта стала вынікам перамоваў Святланы Ціханоўскай з прэзідэнткай фонду Signal Мерэдыт Уітакер.

    МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ СУПРАЦЬ ГАМАФОБІІ
    Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр дала інтэрв’ю газеце «Новы Час». У ім яна расказала пра складанасці і небяспекі, з якімі сутыкаецца ЛГБТК+ супольнасць у Беларусі. Рыхтэр падкрэслівае выкарыстанне дзяржаўнай прапаганды для стыгматызацыі і дыскрымінацыі, папярэджваючы пра магчымасць новых рэпрэсіўных законаў. Таксама яна выказвае занепакоенасць з нагоды агульнага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў краіне пад аўтарытарным рэжымам. Крысціна Рыхтэр прыняла ўдзел у адкрытым эфіры на старонцы Instagram праекта «Адно акно» ў рамках акцыі ў гонар Міжнароднага дня супраць гамафобіі.

    МЕДЫЯ
    Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Politiken. Выйшла некалькі навінавых артыкулаў (артыкул 1, артыкул 2, артыкул 3) і відэанавіна  на RTI (Тайвань), на  RTI (на рускай мове) навіна і відэанавіна, і таксама артыкул на ангельскай мове на RTI. Выйшаў другі выпуск шоу «Без ретуши», запушчанага «Маланка» і  KANAPLEV+LEIDIK.

    Апошнія навіны