Падчас візіту ў Познань беларуская лідарка правяла сустрэчу з мясцовай дыяспарай. Разам са Святланай Ціханоўскай да размовы далучыліся намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка і прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык.
Сустрэчу, якую зладзіла ініцыятыва «Ліхтар» ва ўніверсітэце імя Адама Міцкевіча, наведалі больш за 300 чалавек.
Падчас кароткай прамовы, якая адкрывала івэнт, Ціханоўская падзякавала беларускім арганізацыям за актыўнасць, якую яны праяўляюць у Познані – і заклікала не паддавацца дэпрэсіі і апатыі.
«Я ведаю, што навіны з Беларусі не даюць аптымізму. Я разумею, што часам апускаюцца рукі. Але гэтага і дабіваецца рэжым – загнаць нас у апатыю, фрустрацыю, расчараванне. І ведаеце, якая самая лепшая зброя супраць гэтага? Гэта дзейнасць. Калі дзейнічаеш – часу на апатыю і дэпрэсію не застаецца», – адзначыла лідарка.
Асноўную частку мерапрыемства склала дыскусія, падчас якой абмяркоўваліся пытанні выбараў у Каардынацыйную раду, новага беларускага пашпарта, легалізацыі і праблем з выплатай пенсіяў для беларусаў у Польшчы.
Напрыканцы сустрэчы Ціханоўская заклікала беларусаў далучыцца да Міжнароднага дня салідарнасці з палітычнымі вязнямі, які пройдзе 21 траўня.