ПРАЦОЎНЫ ВІЗІТ У ЗША
З 22 па 25 верасня Святлана Ціханоўская правяла працоўны візіт у ЗША. Падчас візіту яна правяла шэраг важных сустрэчаў. Падчас 80-й Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку лідарка сустрэлася з:
– Прэзідэнтам Чэхіі Петрам Павелам;
– Прэзідэнтам Фінляндыі Аляксандрам Стубам;
– Прэзідэнтам Партугаліі Марселу Рэбелу ды Соза;
– Спецпасланнікам ЗША па пытаннях Украіны і Расіі Кітам Келагам;
– Вярхоўнай прадстаўніцай ЕС па знешняй палітыцы і бяспецы Каяй Калас;
– Міністрам замежных справаў Украіны Андрэем Сябігай;
– Міністаркай замежных справаў Ісландыі Торгердур Катрын Гунарсдотцір;
– Прэм’ер-міністрам Бельгіі Бартам дэ Вевером;
– Прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам;
– Міністаркай замежных справаў Аўстрыі Бэатай Майнл-Райзінгер;
– Міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім;
– Міністрам замежных справаў Харватыі Горданам Грлічам Радманам;
– Старшынёй Еўрапейскай Рады Антоніу Коштам;
– Міністрам замежных справаў Германіі Йоханам Вадефулем;
– Амбасадарам Літвы ў ЗША Гедымінасам Варвалісам;
– Кангрэсменам ЗША ад Рэспубліканскай партыі Джо Уілсанам.
Ціханоўская таксама сустрэлася з новым прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім. Гэта першая сустрэча з новым кіраўніком краіны пасля яго ўступлення на пасаду.
Дэлегацыя Еўрасаюза ў ААН разам з Даніяй, Германіяй, Літвой, Латвіяй, Эстоніяй і Офісам Святланы Ціханоўскай правялі круглы стол аб адказнасці і вяршэнстве права ў Беларусі. Агулам удзельнічалі больш за 40 прадстаўнікоў МЗС Даніі, Латвіі, Літвы, Нарвегіі, Ісландыі, Германіі, іншых краінаў. Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай, у якой прапанавала падтрымаць пазоў Літвы ў Міжнародны крымінальны суд, правесці слуханні ў Радзе Бяспекі ААН у фармаце Аррыа, прыняць рэзалюцыю ў Трэцім камітэце ААН, падтрымаць працу праваабаронцаў, міжнародную платформу IAPB і міжнародны гуманітарны фонд. Падчас сустрэчы былі прэзентаваныя даклад iSANS па транснацыянальных рэпрэсіях у Беларусі, Red Paper па еўрапейска-беларускай бяспецы, даклад BelPol пра саўдзел рэжыму ў агрэсіі супраць Украіны.
У Нью-Ёрку беларуская лідарка прыняла ўдзел у мерапрыемстве WPL Future Positive Convening, якое ўжо трынаццаты год праходзіць у межах Генасамблеі ААН, і арганізаванае супольнасцю Women Political Leaders. Сустрэча сабрала прэзідэнтак, міністарак, дэпутатак і мэрак з розных краінаў свету, а таксама амбасадарак сеткі WPL, каб абмеркаваць умацаванне ўплыву жанчын у палітыцы і павелічэнне іх прадстаўленасці на ўсіх узроўнях улады.
Пасля гэтага, Ціханоўская ўзяла ўдзел у дыскусіі «На мяжы? Ці ў небяспецы свабода СМІ? Глабальны погляд на свабоду прэсы» ў межах юбілейнага, 15-ага саміту Concordia 2025 у Нью-Ёрку. Размова была прысвечаная выклікам для незалежных медыя ў час ціску ў сацыяльных сетках, штучнага інтэлекту і недахопу фінансавання.
25 верасня Ціханоўская прыняла ўдзел у сустрэчы ў прэстыжнай школе права Нью-Ёркскага ўніверсітэта. Мерапрыемства адбылося пры ўдзеле студэнтаў, акадэмічнага складу і мясцовай беларускай супольнасці Нью-Ёрка. Падчас дыскусіі ўдзельнікі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, уплыў амерыканскай палітыкі на вызваленне палітвязняў і перспектывы развіцця падзеяў у рэгіёне, а таксама адказалі на пытанні з залі.
Напрыканцы візіту 26 верасня Ціханоўская выступіла з лекцыяй Вацлава Гавела ў Чыкага. Лідарка сустрэлася з мясцовымі беларусамі, кіраўніцтвам універсітэта і дэканам факультэтаў, а таксама выступіла з лекцыяй «Сіла бяззбройных: супраціў тыраніі ў Беларусі». Лекцыя Вацлава Гавела з‘яўляецца штогадовай, і летась яе даваў чэшскі прэзідэнт Петр Павел. На лекцыі прысутнічалі больш за 300 чалавек, у тым ліку студэнты і прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці.
Акрамя гэтага, падчас візіту беларускі пісьменнік і адвакат Максім Знак стаў лаўрэатам прэстыжнай узнагароды «За парушэнне спакою» адважнаму пісьменніку ў небяспецы», якую штогод уручае Чэшскі цэнтр Вацлава Гавела ў Нью-Ёрку. Узнагарода адзначае пісьменнікаў і творцаў, якія праяўляюць мужнасць у абароне праўды і свабоды. Святлана Ціханоўская адзначыла: «Ушаноўваючы сёння Максіма, мы ўшаноўваем кожнага беларуса, які адмовіўся здацца».
ІІ КАНГРЭС ПА ПАЛІТЗНЯВОЛЕНЫХ У БЕЛАРУСІ
26 верасня ў Варшаве пачаўся ІІ Кангрэс па палітзняволеных у Беларусі. Удзельніцы і ўдзельнікі разам з міжнароднымі партнёрамі абмяркоўвалі, як праз сумесныя намаганні ўнутры краіны і на міжнародным узроўні дамагчыся вызвалення людзей і спынення рэпрэсіяў.
У межах першага дня праграмы адбыліся чатыры панэлі:
- Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2025 годзе. Жыццё пасля турмы;
- Уразлівыя групы сярод палітзняволеных. Жыццё ў турме;
- Праца дэмакратычных сілаў і міжнародных арганізацыяў па падтрымцы і вызваленні палітвязняў;
- Патрэбы няўрадавага сектара. Інструменты і фонд падтрымкі.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі амбасад ЗША, Чэхіі, Славакіі, Нідэрландаў, Бельгіі і Канады.
Святлана Ціханоўская закрыла першы дзень кангрэса, і ў сваім звароце падзякавала беларусам за салідарнасць і дапамогу.
27 верасня ў Варшаве адбыўся вялікі фэст у рамках кангрэса.
28 верасня ў Познані прайшоў другі дзень Кангрэса, які быў прысвечаны размове пра палітзняволеных. Асобнымі блокамі абмяркоўвалася, якой падтрымкі бракуе пацярпелым ад рэжыму і якім чынам варта карэктна прадстаўляць тэму палітзняволеных у медыя. Асаблівая ўвага была нададзеная неабходнасці дакументаваць досвед палітычнага зняволення і факты катаванняў.
АДНАЎЛЕННЕ ЗЛУЧЭННЯ ПАМІЖ БЕЛАРУССЮ І ПОЛЬШАЙ
23 верасня Польшча адкрыла граніцы з Беларуссю. Святлана Ціханоўская пракаментавала гэтае рашэнне: «Я вельмі радая, што пасажырскае злучэнне паміж Беларуссю і Польшчай адновіцца. Мы ўдзячныя польскаму боку, з якім Офіс заставаўся ў шчыльным кантакце апошнія тыдні. Зразумела, што Польшча вымушаная дзейнічаць ва ўмовах правакацыяў з боку рэжыму Лукашэнкі. І ў выніку гэтых дзеянняў найбольш пакутуюць беларусы».
ЗАЯВА НЕЗАЛЕЖНЫХ ЭКСПЕРТАЎ ААН НАКОТ ЗНІКНЕННЯ МІКАЛАЯ СТАТКЕВІЧА
23 верасня незалежныя эксперты ААН выступілі з рэзкай заявай з нагоды знікнення Мікалая Статкевіча. Па іх словах, ёсць усе падставы лічыць, што беларускі палітык стаў ахвярай гвалтоўнага знікнення і адвольнага затрымання. Эксперты падкрэслілі: рэжым абавязаны неадкладна паведаміць праўду пра яго лёс, месцазнаходжанне і стан здароўя. Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў адзначыў: «Мы настойваем на тым, каб прадстаўнікі рэжыму неадкладна далі інфармацыю пра лёс Мікалая Статкевіча, і спынілі практыку гвалтоўных знікненняў, адвольных затрыманняў і палітычна матываваных пераследаў».
НАВУЧАЛЬНЫ КУРС ПА ЕЎРАПЕЙСКІХ СТАНДАРТАХ РОЎНАСЦІ
24 верасня ў Страсбургу завяршыўся навучальны курс па еўрапейскіх стандартах роўнасці і антыдыскрымінацыі для прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці. На працягу некалькіх месяцаў актывісты, юрысты, журналісты і даследчыкі вывучалі практыку Рады Еўропы, Еўрапейскага суда па правах чалавека і Еўрапейскай Камісіі супраць расізму і нецярпімасці. Падчас заключнага мерапрыемства ўдзельнікі прадставілі новыя матэрыялы, у тым ліку гласарый ключавых паняццяў у галіне роўнасці і недыскрымінацыі на беларускай мове.
МЕДЫЯ
BBC News (Міжнароднае), Настоящее время (Міжнароднае), DR (Данія), New York Times (ЗША), New to The Street TV (Міжнароднае), La Stampa (Італія), La Stampa (Італія).