У Страсбургу завяршыўся навучальны курс па еўрапейскіх стандартах роўнасці і антыдыскрымінацыі для прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці.
На працягу некалькіх месяцаў актывісты, юрысты, журналісты і даследчыкі вывучалі практыку Рады Еўропы, Еўрапейскага суда па правах чалавека і Еўрапейскай Камісіі супраць расізму і нецярпімасці.
Падчас заключнага мерапрыемства ўдзельнікі прадставілі новыя матэрыялы, у тым ліку гласарый ключавых паняццяў у галіне роўнасці і недыскрымінацыі на беларускай мове.
Леанід Марозаў, дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях, які прысутнічаў на фінальным мерапрыемстве, адзначыў:
«Для беларусаў гэты курс — не толькі веды, але і рэальныя інструменты. Мы фарміруем падмурак для краіны, дзе годнасць і роўнасць кожнага чалавека будуць абароненыя на заканадаўчым і практычным узроўні. Гэтыя матэрыялы стануць часткай доўгатэрміновай стратэгіі дэмакратычных сілаў і будуць карысныя і сёння, і ў будучыні».
Праграма рэалізавана пры падтрымцы Рады Еўропы і Еўрапейскага саюза ў рамках праектаў па належным кіраванні і недыскрымінацыі. Яна ўваходзіць у план мерапрыемстваў кантактнай групы Рады Еўропы і дэмакратычных сілаў Беларусі на 2024–2025 гады.