• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Пазіцыя па рэжымных «выбарах», візіт у Германію. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 20-26 лістапада 2023

    26 лістапада, 2023

    БЕЗВЫБАРЫ РЭЖЫМУ. Беларуская лідарка запісала відэазварот да беларусаў аб «выбарах», якія рэжым прызначыў на 2024 год: «Давайце называць рэчы сваімі імёнамі. Так званы «Адзіны дзень галасавання», які прызначыў рэжым – гэта БЕЗВЫБАРЫ. Рытуал без сэнсу і справядлівасці. Паважаныя беларусы, пазбягайце ўдзелу ў рэжымных мерапрыемствах. Будзьце пільныя і не дайце сябе падмануць».

    ВЫБАРЫ Ў КААРДЫНАЦЫЙНУЮ РАДУ. Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у нарадзе з Каардынацыйнай Радай і прадстаўнікамі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па выбарах у Каардынацыйную раду. Абмяркоўвалі стварэнне аргкамітэту і фармат правядзення выбараў. 

    ВІЗІТ У ГЕРМАНІЮ. 25 лістапада Святлана Ціханоўская выступіла на З’ездзе нямецкай партыі Зялёных у Карлсруэ, дзе заклікала ўдзельнікаў дапамагчы беларусам не толькі наблізіць змены ў краіне, але і падрыхтавацца да іх. Яна папрасіла дапамагаць палітвязням і спрасціць легалізацыю для беларусаў у Германіі.

    Таксама Святлана Ціханоўская правяла перамовы з віцэ-канцлерам Робертам Хабэкам, міністаркай замежных справаў Германіі Аналенай Бербак, кіраўніком групы «За дэмакратычную Беларусь» у Бундэстагу Робінам Вагенерам і лідарамі нямецкай партыі Зялёных. На сустрэчах абмяркоўвалі пытанні легалізацыі беларусаў у Германіі, прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці, абыходу санкцый з боку рэжыму і закрыццё шчылінаў, падтрымкі палітвязняў і грамадзянскай супольнасці Беларусі. 

    ВЫСТАВА ПРА ПАЛІТВЯЗНЯЎ. 21 лістапада ў Вільні беларуская лідарка наведала адкрыццё выставы «Беларускі мартыралог». Гэта серыя партрэтаў беларускіх палітзняволеных мастачкі Ксішы Анёлавай. Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці: «Калі я гляджу на гэтыя партрэты – мне балюча. Шмат з гэтых людзей я ведаю асабіста. Я не магу ўявіць, як ім складана цяпер і фізічна, і псіхалагічна. Але я таксама ведаю, што яны там – разлічваюць на нас з вамі. Тэма палітвязняў павінна гучаць кожны дзень – на міжнародных форумах, высокіх сустрэчах і ў публікацыях СМІ».

    ПАДТРЫМКА ПАЛІТЗНЯВОЛЕНЫХ. Святлана Ціханоўская запрашае вас прыняць удзел у «Каляднай пошце» – акцыі, якая выконвае навагоднія жаданні дзяцей нашых герояў. «Навагоднія святы – час, калі мы ўсе спадзяемся і верым у цуд. Асабліва дзеці. Яны з нецярпеннем чакаюць моманту, калі пад ёлкай як па чараўніцтве з’явяцца падарункі. Бо для іх сапраўднае шчасце – гэта не набор лега, камп’ютарная гульня або мяккая цацка, а адчуванне магіі і здзяйснення жаданняў. Давайце падорым дзецям свята!» – заклікала беларусаў Святлана Ціханоўская. Далучыцца да акцыі можна па спасылцы.

    ВІЗЫ Ў ПОЛЬШЧЫ. Польшча плануе змяніць атрыманне візаў беларусамі з картай паляка.  Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр пракаментавала рашэнне міністэрства ўнутраных справаў: «Для беларусаў, якія маюць польскія карані, гэты крок мае вялікае значэнне. Раней беларусы з картай паляка атрымлівалі візу з паметкай D18 на візавым стыкеры. Гэта давала прадстаўнікам рэжыму прадстаўленне аб наяўнасці польскіх каранёў і самой карты, што выклікала шмат пытанняў і ўвагі. Некаторым беларусам на мяжы нават прапанавалі «добраахвотна» адмовіцца ад карты паляка. Мы ўздымалі гэтае пытанне падчас сустрэчаў працоўнай групы пры МУС Польшчы, і радыя, што нашая прапанова будзе рэалізаваная».

    КАНФЕРЭНЦЫЯ «ШЛЯХ ДА ВОЛІ» У КІЕВЕ. 29 лістапада ў Кіеве пройдзе Канферэнцыя, якую арганізоўвае фонд Палка Каліноўскага ў партнёрстве з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Удзел у Канферэнцыі возьмуць прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька і Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Генадзь Манько. Падчас Канферэнцыі плануецца абмеркаваць украінска-беларускія адносіны і стратэгію вызвалення Беларусі. 

    БЕЛАРУСЬ-НАРВЕГІЯ. 24 лістапада Святлана Ціханоўская правяла званок з міністрам замежных справаў Нарвегіі Эспенам Барт Эйдэ. Міністр запрасіў беларускую лідарку наведаць з афіцыйным візітам Осла. Абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі, падтрымку сем’яў рэпрэсаваных, праекты папулярызацыі беларускай культуры і мовы, а таксама прыцягнення рэжыму да адказнасці. Святлана Ціханоўская падзякавала Нарвежскаму ўраду за падтрымку незалежных медыя і праваабаронцаў.

    ШКОЛЫ Ў БЕЛАРУСІ. Нядаўна школу № 72 у Мінску назвалі імем Уладзіміра Арцёмава – былога камандзіра АМАПу. Святлана Ціханоўская пракаментавала гэтую падзею: «Школы павінны насіць імёны нашых Нобелеўскіх лаўрэатаў, а не рэжымных карнікаў. Перайменаванне школы – не проста фармальнасць. Гэта спроба навязаць дзецям ілжывых герояў. Дарагія бацькі, вашыя дзеці ніколі не павераць у прапаганду рэжыму, калі галоўнай крыніцай інфармацыі для іх будзеце вы».

    МАГЧЫМАСЦІ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ. Выйшаў новы выпуск дайджэста па пытаннях адукацыі і навукі. У ім сабраныя новыя і актуальныя адукацыйныя магчымасці для беларусаў.

    РАЗМОВЫ З БЕЛАРУСАМІ. На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская правяла штотыднёвыя асабістыя размовы з беларусамі. Прачытаць пра тое, што такое асабістыя размовы і як яны праходзяць, можна тут.

    МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Зеркало (Беларусь), Diário de Notícia (Партугалія), Vrij Nederland (Нідэрланды), Expresso (Партугалія), Euronews (Міжнароднае), Kontekst (Латвія).

    Апошнія навіны