• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Уступнае слова Святланы Ціханоўскай на адкрыцці выставы «Беларускі мартыралог» у Вільні

    21 лістапада, 2023

    «Паважаная спадарыня дырэктарка Ёланта Паскевічэне,

    Дарагая Ксіша,

    Дарагія Жыгіс, Вольга, Валерыя,

    Шаноўныя сябры!

    Шчыры дзякуй усім, хто спрычыніўся да выставы партрэтаў беларускіх палітвязняў аўтарства Ксішы Анёлавай. Першым чынам, самой мастачцы. 

    Вялікі дзякуй і мэрыі Вільнюса, Еўрасаюзу, Дацкаму інстытуту культуры, Беларускай Рады культуры. А таксама музею Марыі і Юргіса Шлапялісаў за магчымасць размясціць выставу тут. 

    Сужэнцы Шлапялісы былі выбітнымі дзеячамі літоўскай культуры, выдаўцамі і кнігагандлярамі. Іх кнігарня адыграла вельмі важную ролю ў літоўскім культурным жыцці 20-га стагоддзя.

    На жаль, сярод тысячаў цяперашніх беларускіх палітвязняў ёсць і калегі Шлапялісаў – як напрыклад Павел Белавус, заснавальнік крамы Symbal.by. За тое, што Павел прасоўваў у жыццё беларушчыну, улады абвясцілі яго тэрарыстам і прысудзілі яму 13 гадоў зняволення.

    Я веру, што калі-небудзь у колішняй Паўлавай краме таксама будзе музей, як і тут. Але яшчэ раней Павел разам з іншымі палітвязнямі выйдзе на свабоду. 

    Калі я гляджу на ўсе гэтыя партрэты – мне балюча. За скрадзеныя гады жыцця, паламаныя лёсы. Шмат з гэтых людзей я ведаю асабіста. Я не магу ўявіць, як ім складана цяпер, і фізічна і псіхалагічна. Але я таксама ведаю, што яны там – разлічваюць на нас з вамі. І гэта думка дае мне сілы змагацца. 

    Я хачу кожнага з вас папрасіць таксама, калі вы пачынаеце свой дзень – думаць пра гэтых людзей, і задаваць сабе пытанне – а што я яшчэ магу зрабіць для іх вызвалення? Што яшчэ я магу зрабіць, каб падтрымаць іх і іх сем’і?

    Я б хацела, каб гэтая выстава праехала па кожнай еўрапейскай сталіцы. Каб яе пабачыў кожны палітык. Тэма палітвязняў павінна гучаць і ў Брусэлі і Вашынгтоне, на міжнародных форумах і высокіх сустрэчах. Іх вызваленне павінна стаць не толькі нашай з вамі задачай, але і прыярытэтам для міжнароднай супольнасці.

    Дарагія сябры,

    На Ксішыных партрэтах нашы палітвязні выглядаюць ласкавымі і аптымістычнымі, як казачныя персанажы. Упэўненая, што кніжкі пра іх мы сапраўды будзем аднойчы чытаць нашым дзецям і ўнукам. Гэта будуць гісторыі пра добрых герояў, абаронцаў праўды, якія трапілі ў палон да цмока. Але перамаглі яго сваёй сілай волі і любові.

    Я ўпэўнена, што так яно і будзе. І давайце зробім усё магчымае, каб гэты дзень настаў як мага хутчэй.

    Жыве Беларусь!»

    Апошнія навіны