• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Прамова Святланы Ціханоўскай на Кангрэсе Зялёных у Карлсруэ, 2023

    25 лістапада, 2023

    «Паважаны віцэ-канцлер Роберт Хабэк,

    Паважаная міністр Аналена Бербак,

    Паважаныя Рыкарда Ланг, Амід Нурыпур,

    Паважаныя Брыта Хасельман і Катарына Дроге,

    Дарагія сябры,

    Для мяне вялікі гонар і прывілей выступаць сёння перад вамі. Хоць я і нервуюся, выступаючы перад такімі выбітнымі людзьмі, я разумею, што знаходжуся сярод сяброў.

    Сярод сяброў, у якіх такія ж, як у нас, каштоўнасці і бачанне дэмакратычнай, квітнеючай і ўстойлівай Еўропы. Я хачу падзякаваць Зялёным за запрашэнне на гэты Кангрэс.

    Зялёныя Германіі падтрымалі нас у першых шэрагах пасля пачатку мірнай рэвалюцыі ў Беларусі ў 2020 годзе.

    Я памятаю свае першыя сустрэчы з Зялёнымі ў Бундэстагу. Тады Клаўдыя Рот правяла для мяне экскурсію ў купал Рэйхстага. Потым мы зрабілі фота з партрэтамі маёй дарагой Марыі Калеснікавай ды іншых палітвязняў.

    І ведаеце, што мяне найбольш уразіла? Не, не купал! А ўплывовыя жанчыны з нямецкай партыі Зялёных. Я падумала, можа, аднойчы і ў Беларусі будзе гэтак жа: жанчыны будуць займаць па-сапраўднаму кіруючыя пасады, а не будуць у палітыцы проста для фасада.

    Я памятаю, як выступала на Кангрэсе Зялёных у 2021 годзе. Адна дэлегатка падышла да мяне і расказала, што падчас нашых пратэстаў яна вывешвала ў сябе на балконе бел-чырвона-белы сцяг. Яна расказала, што нарадзілася ў ГДР, і падзеі ў Беларусі нагадваюць ёй, як за свабоду змагаліся немцы.

    Я памятаю сустрэчы з Аналенай і Робертам. Яны казалі мне, што Беларусь заўсёды будзе на павестцы Зялёных. І яны стрымалі слова! Праз некалькі месяцаў прасоўванне дэмакратыі ў Беларусі было ўключана ў кааліцыйную дамову ўрада.

    Не без дапамогі Зялёных у Бундэстагу была створана група «За дэмакратычную Беларусь». У яе ўваходзяць як кааліцыйныя, гэтак і апазіцыйныя партыі. Я радая, што тэма Беларусі аб’ядноўвае палітыкаў незалежна ад іх поглядаў. Такія групы ўжо ёсць у парламентах 23 краін, і група ў Германіі – самая вялікая.

    Я памятаю энтузіязм Робіна Вагенера, калі яго прызначылі спецыяльным прадстаўніком па супрацоўніцтве з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Спачатку ягоную пасаду называлі «прадстаўніком па кантактах з беларускай апазыцыяй». Я ж сказала: «Мы не апазіцыя, мы выйгралі выбары!». З таго часу нямецкі Бундэстаг больш не называе нас апазіцыяй. Дзякуй!

    Робін і яшчэ пяцьдзясят сябраў партыі Зялёных сталі хроснымі бацькамі беларускіх палітвязняў. Робін узяў шэфства над журналістам Ігарам Лосікам і яго жонкай Дар’яй, якія зараз знаходзяцца ў турме. Дар’ю пасадзілі толькі за тое, што яна адважылася выступіць супраць зняволення свайго мужа. Цяпер рэжым пагражае забраць іх 5-гадовую дачку Паўліну.

    Сяргей Лагадзінскі стаў хросным Максіма Знака – адваката, які абараняў Марыю Калеснікаву. Яго прыгаварылі да 10 гадоў зняволення. У адным са сваіх лістоў ён пісаў: «Калі дзеля кахання можна пачакаць, то дзеля свабоды можна адсядзець у турме». Мы не атрымлівалі ад яго вестак ад пачатку году.

    Тэры Рэйнтке ўзяў шэфства над Вольгай Залатар – маці пяцярых маленькіх дзяцей. Яе збілі і прыгаварылі да 4 гадоў пазбаўлення волі. У чым яе злачынства? Яна была незалежным назіральнікам падчас выбараў і задакументавала паражэнне дыктатара. 

    Падчас пратэстаў разам з суседзямі яна арганізавала невялікую пратэсную супольнасць, праводзіла чаяванні, абмяркоўвала палітыку. Рэжым палічыў яе небяспечнай злачынцай. Дзеці Вольгі не бачылі маці ўжо амаль тры гады.

    Мае дзеці не бачылі бацьку з 2020 года. Яго прыгаварылі да 19 гадоў пазбаўлення волі. Часам мы разам глядзім яго канал на YouTube, каб не забыць ягоны голас і твар.

    З сакавіка я не атрымлівала аб ім ніякай інфармацыі. Толькі чуткі, што ён памёр. Мая дачка ўвесь час пытаецца: «Мама, калі тата вернецца дадому?» Яна піша яму лісты, але ніколі не атрымлівае адказу. І такіх дзяцей у Беларусі тысячы.

    Мой муж Сяргей, як і Марыя Калеснікава, утрымліваецца ў поўнай ізаляцыі. І гэта форма катавання. Ім не дазволены ні лісты, ні званкі, ні кантакты з адвакатамі. Год таму Марыя ў турме перанесла складаную аперацыю, і бацькі адчайна спрабуюць высветліць яе месцазнаходжанне.

    Турмы КДБ нічым не лепшыя за цёмныя камеры Штазі. Мы ведаем гэта па страшэнных гісторыях тых, хто ўжо адбыў свой тэрмін. Людзей ламаюць маральна і фізічна. Ім неабходна медычная дапамога і рэабілітацыя.

    Я бясконца ўдзячная МЗС Германіі і Libereco за дапамогу, якую вы аказалі вялізную сотням палітвязняў. Аднак неўзабаве такая дапамога спатрэбіцца тысячам іншых пацярпелых.

    Немцы ведаюць, што такое – жыць за сцяной. Беларусы жывуць у такой рэальнасці. Людзі адчайна спрабуюць выратавацца ад тэрору, часам рызыкуючы сваім жыццём. І Германія ласкава прыняла тысячы беларусаў.

    Аднак нават у выгнанні яны становяцца аб’ектамі рэпрэсій. Рэжым заяўляе іх імёны Інтэрполу. Бярэ іх сем’і ў Беларусі ў закладнікі. Нядаўні ўказ дыктатара пазбаўляе беларусаў у выгнанні пашпартоў і дакументаў, робячы іх дэ-факта асобамі без грамадзянства.

    Вось чаму такое важнае значэнне мае Рэзалюцыя Бундэстагу па Беларусі, якую прапанавалі Зялёныя разам з СвДП і СДПГ два тыдні таму. Спадзяюся, дзякуючы ёй спросціцца працэдура легалізацыі для беларусаў у Германіі. І дзякуючы ёй беларусы пачулі вельмі выразны сігнал: вы не самотныя. Мы разам у гэтай барацьбе.

    Дарагія сябры,

    Мы ўсе спадзяваліся, што наша перамога настане хутчэй. Але зараз мы разумеем, што бяжым не спрынт, а марафон.

    Сёння пад пагрозай не толькі нашая свабода, але і само існаванне нашай краіны.

    У абмен на палітычную падтрымку дыктатар прадае нашу краіну Расіі. Крок за крокам. Ён дазволіў Расіі размясціць на нашай тэрыторыі свае войскі і ядзерную зброю. Разам яны спрабуюць сцерці нашу нацыянальную ідэнтычнасць, мову і знішчыць грамадзянскую супольнасць.

    Расія не разглядае як незалежныя краіны ні Украіну, ні Беларусь. Для Расіі мы проста калоніі, якія трэба вярнуць. Яна спрабуе адрадзіць сваю імперыю любой цаной. Але хто ад гэтага цярпіць? Людзі. Беларусы. Украінцы.

    Сёння адзначаецца Дзень памяці ахвяраў Галадамору. Мы ўзгадваем пра той генацыд, які 90 гадоў таму ўстроіла Расія. І нам трэба аб’яднацца, каб тыя жахі ніколі не паўтарыліся.

    Дапамажыце нам вырваць Беларусь з кіпцюроў Расіі і прывесці Беларусь у Еўропу. Еўрапейская будучыня для нас неабходнасць, а не проста магчымасць. Калі Беларусь хоча застацца незалежнай краінай, уступленне ў Еўрапейскі Саюз – гэта адзіны шлях, якім можна гэтага дасягнуць.

    Мы разумеем, што Еўропа – гэта не толькі магчымасці. Гэта і абавязацельствы. І нашае бачанне Беларусі на найвышэйшым узроўні адпавядае ідэалам Зялёных. Мы думаем не толькі пра Беларусь, вольную ад дыктатуры, але і пра Беларусь, якая развіваецца паводле прынцыпаў устойлівага развіцця.

    Дэмакратычная Беларусь гатова падтрымаць еўрапейскі зялёны курс і выканаць свае міжнародныя абавязацельствы. Мы ўжо распрацавалі праграму «Зялёная Беларусь 2050», якая ўключае неабходныя рэформы і крокі для будучага пераходу да зялёнай эканомікі.

    Дарагія сябры,

    Я хачу звярнуцца да вас з некалькімі практычнымі просьбамі.

    Першая: падтрымайце еўрапейскія памкненні беларусаў. Беларусы хочуць пачуць ад вас, што наша будучыня – у Еўропе, і дзверы Еўропы для нас адчыненыя. Еўропа ніколі не будзе ў бяспецы, пакуль Беларусь не стане свабоднай. Так што вашая падтрымка еўрапейскай будучыні Беларусі – гэта не дабрачыннасць. Гэта інвестыцыі ў мір і бяспеку ў Еўропе.

    Другая: дапамажыце тым, хто змагаецца за свабоду. У нас ёсць рэсурсы для існавання, але нам патрэбны рэсурсы для перамогі. Дапамажыце нашым СМІ, грамадзянскай супольнасці, палітвязням.

    Трэцяя: не здымайце Беларусь з парадку дня. Няхай Беларусь будзе неад’емнай часткай перадвыбарных праграм у Еўрапарламент. Дык вы дэманструеце сваю прыхільнасць дэмакратыі не толькі ўнутры Еўрапейскага Саюза, але і ўсюды, дзе ёй пагражае небяспека.

    Чацвёртая: дапамажыце нам прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці. За злачынствы супраць чалавечнасці. За выкраданне ўкраінскіх дзяцей. За саўдзел у злачыннай расійскай вайне. Няма лепшага месца, каб абмяркоўваць гэтае пытанне, чым тут, у Карлсруэ – у самым сэрцы нямецкага канстытуцыяналізму і правасуддзя.

    І нарэшце – давайце дапаможам Украіне перамагчы ў гэтай вайне. Перамога Украіны стане канчатковай паразай Пуціна і Лукашэнкі.

    Пакуль мы гаворым, многія беларусы змагаюцца за свабоду Украіны. Многія з іх аддалі свае жыцці ў гэтай барацьбе. Таму што мы разумеем, што гэта не нечая барацьба – гэта наша агульная барацьба за свабоду.

    Дарагія сябры,

    Як паказала падзенне Берлінскай сцяны, дыктатура падае хутка – і тады, калі гэтага ніхто не чакае.

    Дапамажыце нам не толькі наблізіць перамены, але і падрыхтавацца да іх.

    Дзякуючы вашай падтрымцы мара аб суверэннай, дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі стане рэальнасцю.

    Разам мы зможам пабудаваць Еўропу, якая будзе мацнейшай, устойлівай і адзінай, чым калі-небудзь.

    Шлях наперадзе можа быць яшчэ доўгі. Але я ўпэўненая, што з такімі паплечнікамі, як нямецкія Зялёныя, мы зможам здзейсніць нашу мару.

    Дзякуй, што вы падтрымліваеце Беларусь. Дзякуй, што абараняеце нашу мару аб Еўропе.

    Жыве Беларусь!

    Жыве Еўропа!»

    Апошнія навіны