Беларуская лідарка – пра «выбары», якія рэжым прызначыў на 2024 год:
«Паважаныя беларусы!
Давайце называць рэчы сваімі імёнамі.
Так званы «Адзіны дзень галасавання», які прызначыў рэжым – гэта БЕЗВЫБАРЫ. Рытуал без сэнсу і справядлівасці.
Пад відам дэмакратычнага працэсу, дыктатар спрабуе ўмацаваць ўладу, за якую ён так старанна трымаецца «пасінелымі пальцамі».
Падрыхтоўка да гэтага дня больш нагадвае вайсковую аперацыю. Імёны ў выбарчых камісіях засакрэцілі, а на ўчасткі збіраюцца паставіць міліцыю і ваенных.
Дыктатар баіцца, што нешта зноў можа пайсці не па плане, як гэта было ў 2020-м.
Ён баіцца любой канкурэнцыі. Каб усё прайшло стэрыльна і ціха, рэжым ліквідаваў усе апазіцыйныя партыі, а іх лідараў кінуў ў турмы. Любая палітычная актыўнасць крыміналізаваная.
Рэжыму няма чаго прапанаваць беларусам, акрамя рэпрэсіяў. Кожны дзень людзей арыштоўваюць, катуюць. Любое іншадумства прызнаецца экстрэмізмам. Пра якое свабоднае волевыяўленне можа ісці гаворка ў такіх умовах?
Яны хочуць, каб беларусы маўчалі. Маўчалі і баяліся. Але рэжым памыляецца, калі думае, што рэпрэсіямі можна спыніць волю людзей да свабоды.
Дарагія сябры!
Будзьце пільныя і не дайце сябе падмануць. Пазбягайце ўдзелу ў рэжымных мерапрыемствах. Распаўсюджвайце праўдзівую інфармацыю. У рэшце рэшт, падтрымлівайце адно аднаго.
Толькі супольнымі намаганнямі мы зможам адбудаваць краіну, дзе закон шануецца, голас кожнага ўлічваецца, а ўлада змяняецца».