Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр пракаментавала рашэнне міністэрства ўнутраных справаў Польшчы аб намеры змяніць працэдуру выдачы візаў беларусам з картай паляка.
Крысціна Рыхтэр: «Зараз праект пастановы Міністэрства знаходзіцца на этапе публічных кансультацый, і павінна прайсці яго прыняцце ў профільных камітэтах. На дадзены момант яно не падпісана і не прынята.
Але ўжо зараз важна адзначыць, што гэты крок мае вялікае значэнне для беларусаў, якія маюць польскія карані. Раней беларусы з картай паляка атрымлівалі візу з паметкай D18 на візавым стыкеры. Гэта давала прадстаўнікам рэжыму прадстаўленне аб наяўнасці польскіх каранёў і самой карты, што выклікала шмат пытанняў і ўвагі. Некаторым беларусам на мяжы нават прапанавалі «добраахвотна» адмовіцца ад карты паляка.
З новымі зменамі візам будзе прысвоены нумар D23. Гэта значыць, што іх будзе цяжэй адрозніць ад іншых катэгорый візавых атрымальнікаў – удзельнікаў праграмы Poland Business Harbour і іх сямей, а таксама турыстаў.
Для беларусаў гэта сапраўды істотныя змены, бо адно толькі перасячэнне мяжы з такім тыпам візы можа прывесці да таго, што чалавек апынецца пад пільнай увагай з боку прадстаўнікоў рэжыму. Мы ўздымалі гэтае пытанне падчас сустрэчаў працоўнай групы пры МУС Польшчы, і радыя, што нашая прапанова будзе рэалізаваная.
Рэжым Лукашэнкі на працягу практычна ўсяго свайго існавання варожа ставіцца да асобаў польскага паходжання. Пасля 2020 года ўсе польскія школы былі зачынены, а лідары польскіх аб’яднанняў, такія як Анджэй Пачобут, асуджаны да зняволення.
Змены ў працэдуру выдачы візаў беларусам з польскімі каранямі стануць крокам у правільным кірунку, які садзейнічае змяншэнню пераследу польскай меншасці ў Беларусі».