9 жніўня: Беларусь зрабіла выбар
– Святлана Ціханоўская і ўсе дэмакратычныя сілы заклікалі беларусаў 9 жніўня нагадаць усім, што роўна год таму Беларусь зрабіла свой выбар: «Рэжым хацеў бы сцерці гэты дзень з памяці ўсіх беларусаў. Але мы не забудземся. Мы не даруем і працягнем нагадваць». Далучыцеся да акцыі: распаўсюдзьце па сваім горадзе або раёне налепкі і сумленныя пратаколы з выбараў. Тут вы можаце спампаваць для раздрукоўкі налепкі, тут – улёткі, а тут – пратаколы.
– Валанцёры Офіса адправілі 750 паштовак палітвязням і ўжо распаўсюдзілі 30 тысяч налепак «Беларусь зрабіла выбар».
Міжнародная праца
– Ціханоўская завяршыла працоўны візіт у Вялікабрытанію, дзе правяла перамовы з прэм'ер-міністрам Барысам Джонсанам, міністрам замежных спраў Дамінікам Раабам і міністаркай па справах Еўрапейскага суседства і Амерыкі Вэндзі Мортан. Вялікабрытанія падтрымае беларускую грамадзянскую супольнасць і падтрымае новыя санкцыі супраць рэжыму.
– Чальцы беларускага кокуса ў Кангрэсе ЗША, які быў запушчаны падчас візіту Ціханоўскай у Вашынгтон, аператыўна выступілі з першай рэакцыяй. Яны заклікалі ініцыяваць правядзенне міжнароднага трыбунала і ўвесці новыя санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі і каардынаваць дзеянні ЗША з ЕС.
– У Сенаце ЗША 7 жніўня таксама запусцілі беларускі кокус. Офіс Ціханоўскай падчас перамоваў вёў кансультацыі пра адкрыццё гэтай групы.
Падтрымка і ўзаемадапамога
– Крысціна Ціманоўская паспяхова дабралася з Токіа ў Варшаву, ёй і яе мужу прадастаўленыя гуманітарныя візы. Святлана Ціханоўская дзякуе НАК і Фонду спартыўнай салідарнасці за хуткую рэакцыю і дапамогу беларусам.
– Святлана Ціханоўская правяла анлайн-сустрэчу з лідарамі руху «Рабочы рух». Яны абмеркавалі сумесныя дзеянні, уключаючы падрыхтоўку да стачкі. Каб нарасціць рэсурсы для забастоўкі, трэба павялічыць колькасць чальцоў «Рабочага руху» – для гэтага рэгіструйцеся на платформе «Руху» і яднайцеся з супрацоўнікамі розных кампаній і прадпрыемстваў. Стаць чальцом «Руху» могуць і айцішнікі, і ІП, і настаўнікі, і медработнікі – кожны беларус, які працуе.
– Офіс Святланы Ціханоўскай стварыў бот для хуткай сувязі з прадстаўнікамі двароў або іншых тэрытарыяльных супольнасцяў – @dvory_OST_bot. Для іншых зваротаў і прапаноў працягвае сваю працу бот @AskOffice_Bot.
– «Рэжым баіцца ўсяго, што не можа зламаць сілай, – таму ён баіцца Марыю і Максіма». Святлана Ціханоўская падтрымала Марыю Калеснікаву і Максіма Знака ў першы дзень «суда» над імі. А прадстаўнік Ціханоўскай па прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі адказаў на пытанні «Еўрарадыё» пра працэс Калеснікавай і Знака.
– Святлана Ціханоўская і яе дарадца Франак Вячорка стэлефанаваліся з валанцёрамі Офіса. Ціханоўская распавяла пра вынікі візіту ў ЗША, сустрэчы з палітыкамі і як гэта паўплывае на ўвядзенне санкцый, а таксама якая эканамічная падтрымка будзе аказаная новай Беларусі. Святлана Ціханоўская асобна падзякавала «партызанам» за іх выхады на дваровыя маршы і адзначыла, што такія моманты натхняюць і матывуюць яшчэ больш працаваць. Стаць валанцёрам можна, запоўніўшы анкету на сайце.
– Святлана Ціханоўская падвяла вынікі года і распавяла пра бесперапынную працу дзеля вызвалення палітвязняў і правядзення новых выбараў у інтэрв'ю СМІ: APNews (раз, два), Reuters, Financial Times, Радыё Свабода, Дождж (Расія), Mail (Вялікабрытанія), Расійская служба BBC, DW (Германія), Avvenire (Італія), Spiegel (Германія).