ВІЗІТ У ВЯЛІКАБРЫТАНІЮ. 16-18 кастрычніка Святлана Ціханоўская знаходзілася ў Лондане з працоўным візітам, дзе выступіла з «Вэстмінстэрскай лекцыяй», правяла брыфінг для амбасадараў 24 краінаў Еўрасаюзу, а таксама ўзяла ўдзел у беларуска-брытанскім Форуме.
Падчас візіту Святлана Ціханоўская таксама сустрэлася з шэрагам брытанскіх палітыкаў: міністрам замежных справаў, ценявым міністрам замежных справаў, міністрам па правах чалавека, ценявым міністрам абароны, лідаркай Кансерватыўнай партыі, былой міністаркай па Еўропе, членамі Палаты абшчын і Палаты лордаў, а таксама з беларусамі Лондана.
ВІЗІТ У АЎСТРЫЮ. 19 кастрычніка Святлана Ціханоўская знаходзілася з працоўным візітам у аўстрыйскім Інсбруку, дзе выступіла ва ўніверсітэце MCI – «Цэнтр менеджменту ў Інсбруку» перад тысячнай аўдыторыяй. З нагоды візіту беларускай лідаркі ўніверсітэт запусціў стыпендыяльную праграму для беларусаў пад патранажам Святланы Ціханоўскай. Падрабязней пра стыпендыю – па спасылцы.
ВІЗІТ У МАЛДОВУ. 20-21 кастрычніка Святлана Ціханоўская знаходзіцца з працоўным візітам у Малдове па запрашэнні прэзідэнткі Майі Санду. Гэта першы афіцыйны візіт Ціханоўскай у краіну СНД. Падчас візіту беларуская лідарка сустрэлася з прэзідэнткай, спікерам Парламента, прадстаўнікамі групы «За дэмакратычную Беларусь». Таксама Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у Малдоўскім жаночым форуме.
ВІЗІТ У АЎСТРАЛІЮ. На гэтым тыдні галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай знаходзіўся з працоўным візітам у Аўстраліі. Там у яго адбыліся сустрэчы з намеснікам міністра замежных справаў, прадстаўнікамі міністэрства ўнутраных справаў, прадстаўнікамі Офіса прэм'ер-міністра, амбасадарам Аўстраліі ў Расіі і Беларусі. Падчас сустрэчаў абмяркоўвалі падтрымку для былых палітвязняў і іх рэабілітацыю, прыцягненне рэжыму да адказнасці, санкцыі супраць памагатых Лукашэнкі, узняцце пытання Беларусі на мерапрыемствах Вялікай дваццаткі (G20) і Асацыяцыі дзяржаваў Паўднёва-Усходняй Азіі. Абмяркоўвалі візіт Святланы Ціханоўскай у Аўстралію, які плануецца ў 2024 годзе.
БЕЛАРУСЬ-ЛАТВІЯ. 19 кастрычніка адбылася сустрэча дарадцы Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкаму супрацоўніцтву Анатоля Лябедзькі і прадстаўніка Офіса ў Латвіі і ў Эстоніі Віталя Малчанава з прадстаўнікамі групы «За дэмакратычную Беларусь» у Сейме Латвіі. На сустрэчы абмеркавалі закон аб абмежаваннях на аўтамабілі з беларускімі нумарамі і пытанне падаўжэння дзеяння відаў на жыхарства з аднаго да трох гадоў.
СУПРАЦОЎНІЦТВА З РАДАЙ ЕЎРОПЫ. У рамках Кантактнай групы па Беларусі ў Радзе Еўропы быў праведзены трэнінг, на якім сабралася больш за 30 маладых актывістаў і лідараў з Беларусі. У ім удзельнічала дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнтам Маргарыта Ворыхава. На трэнінгу распрацавалі 7 праектаў, якія ахопліваюць розныя сферы грамадскага жыцця. Гэтыя праекты – прыклад таго, як моладзь можа зрабіць свой унёсак у пабудову дэмакратыі. Будучыя праекты арыентаваны на падтрымку ЛГБТК+ асоб, развіццё медыя, абарону правоў чалавека і адукацыю.
САЛІДАРНАСЦЬ ЗА ПАЛІТВЯЗНЯМІ. Падчас візіту беларускай лідаркі ў Лондан былы прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан запісаў відэа, у якім падтрымаў кампанію Святланы Ціханоўскай па павышэнні дасведчанасці пра палітзняволеных у Беларусі і заклікаў міжнародную супольнасць далучыцца да яе. Таксама Джонсан заявіў, што будзе сімвалічным хросным палітзняволенага Сяргея Ціханоўскага. «Я вельмі ўдзячная Борысу Джонсану за падтрымку не толькі Сяргея, але і ўсіх беларускіх палітзняволеных. Мы ўсе павінны быць іх голасам. Кожны дзень нам трэба нагадваць свету пра нашых герояў, каб у рэжыму не было магчымасці перагарнуць старонку», – пракаментавала Святлана Ціханоўская.
КАМПЕНСАЦЫЯ ШКОДЫ. Офіс Святланы Ціханоўскай у супрацоўніцтве з беларускімі праваабарончымі арганізацыямі, НДА, юрыстамі і былымі адвакатамі, распрацаваў праект Канцэпцыі кампенсацыі шкоды. Карткі з адказамі на пытанні адносна кампенсацыі шкоды студэнтам, якіх адлічылі з навучальных установаў па палітычных матывах можна знайсці тут. Адказы на пытанні адносна кампенсацыі шкоды рабочым, звольненым па палітычных матывах – па спасылцы.
Глядзіце поўны тэкст Праекта Канцэпцыі, дасылайце свае прапановы, заўвагі, дапаўненні ды каментары, якія можна пакінуць праз тэлеграм-бот @AskOffice_Bot, пошту transitionaljustice@tsikhanouskaya.org і гугл-форму.
АЎДЫТ ОФІСА. 19 верасня 2023 года Офіс Святланы Ціханоўскай атрымаў справаздачу аўдытарскай кампаніі аб выніках фінансавай праверкі дзейнасці. З вынікамі можна азнаёміцца па спасылцы. Азнаёміцца з адказамі на галоўныя пытанні і знайсці тэкст справаздачы таксама можна тут.
ДЗЕНЬ САЛІДАРНАСЦІ. 12 лістапада Святлана Ціханоўская заклікае міжнародных партнёраў і беларусаў замежжа далучыцца да Міжнароднага Дня салідарнасці з Беларуссю. У гэты дзень кожны можа арганізоўваць мерапрыемствы і акцыі, рабіць заявы, выказваць сваю салідарнасць з палітвязнямі і тымі, хто змагаецца за вольную і незалежную Беларусь.
МАГЧЫМАСЦІ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ. Выйшаў новы выпуск дайджэста Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі «Асвета». У ім вы можаце знайсці розныя адукацыйныя магчымасці, стыпендыі і стажыроўкі.
МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю The Times (Велікабрытанія), Новая газета Европа (дэмакратычная Расія), DW (Міжнароднае), Polsat (1, 2) (Польшча).