У сталіцы Аўстраліі Канберы галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка сустрэўся з намеснікам міністра замежных справаў Аўстраліі, прадстаўнікамі міністэрства ўнутраных справаў, прадстаўнікамі Офіса прэм'ер-міністра, новапрызначаным амбасадарам Аўстраліі ў Расіі (ён адказвае і за Беларусь), з амбасадарам па правах чалавека і лідарамі кіруючай Рабочай партыі Аўстраліі.
Вячорка правёў асобныя сустрэчы з кіраўніком дэлегацыі ЕС і амбасадарамі Германіі, Францыі, Латвіі ды Польшчы. Таксама дарадца сустрэўся з беларускай дыяспарай і экспертнай супольнасцю.
Падчас сустрэчаў абмяркоўвалі падтрымку для былых палітвязняў і іх рэабілітацыю, прыцягненне рэжыму да адказнасці праз Міжнародны крымінальны суд, а таксама санкцыі супраць памагатых Лукашэнкі: алігархаў, прапагандыстаў і суддзяў. Вячорка заклікаў узняць пытанне Беларусі на мерапрыемствах Вялікай дваццаткі (G20) і ASEAN (Асацыяцыі дзяржаваў Паўднёва-Усходняй Азіі). Таксама абмеркавалі візіт Святланы Ціханоўскай у Аўстралію, які плануецца ў 2024 годзе.
На сустрэчы з міністэрствам унутраных справаў гаварылі пра праблемы легалізацыі беларусаў у Аўстраліі, выдачу часовых праязных дакументаў, а таксама пра прызнанне новага беларускага пашпарта.
Падчас размовы з новапрызначаным амбасадарам Аўстраліі ў Расіі і Беларусі Вячорка заклікаў не ўручаць даверчыя граматы Лукашэнку.
Раней Аўстралія ўвяла персанальныя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі, яго дзяцей, блізкіх і памагатых, у тым ліку супраць міністра Хрэніна. Аўстралія падтрымала рашэнне аб прымяненні 33 артыкулу Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) супраць рэжыму Лукашэнкі за парушэнне правоў рабочых. Аўстралія не прызнала вынікі выбараў 2020 года ў Беларусі.