У рамках Кантактнай групы па Беларусі ў Радзе Еўропы быў праведзены трэнінг, на якім сабралася больш за 30 маладых актывістаў і лідараў з Беларусі. Яны распрацавалі 7 праектаў, якія ахопліваюць розныя сферы грамадскага жыцця.
Гэтыя праекты – прыклад таго, як моладзь можа зрабіць свой унёсак у пабудову дэмакратыі. Будучыя праекты арыентаваны на падтрымку ЛГБТК+ асоб, развіццё медыя, абарону правоў чалавека і адукацыю. Гэта важны крок у пабудове інклюзіўнага еўрапейскага грамадства і новай Беларусі, дзе людзі будуць жыць у роўных умовах і кожны будзе мець магчымасці для самарэалізацыі. Такія праекты адлюстроўваюць імкненне беларускай моладзі да зменаў і іх гатоўнасць дзейнічаць.
«Важна прызнаць, што моладзь не проста прыхільнікі, а рухавікі зменаў. Гэты трэнінг умацаваў нашую ролю ў стварэнні новай дэмакратычнай моладзі», – падкрэсліла дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнтам Маргарыта Ворыхава.
Ужо ў лістападзе гэтага году Радзе Еўропы будзе прадстаўлены новы план дзеянняў ад Кантактнай групы. Нагадаем, што план дзеянняў ад Кантактнай групы па падтрымцы беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці на 2023 год быў прыняты 1 лютага. З ім можна азнаёміцца па спасылцы. Згодна з гэтым планам, Кантактная група ўжо арганізавала шэраг мерапрыемстваў для незалежных журналістаў, беларускіх юрыстаў і моладзі.
У студзені 2024 года Маргарыта Ворыхава далучыцца да Кансультацыйнай Рады ў Радзе Еўропы па моладзі.