• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Візіты ў Люксембург, Познань і Албанію, акцыі да Дня салідарнасці з палітвязнямі. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 12–18 траўня

    19 мая, 2025

    ВІЗІТ У АЛБАНІЮ
    Святлана Ціханоўская ў Тыране ўзяла ўдзел у шостым саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці (EPC) — адной з найважнейшых палітычных пляцовак Еўропы, дзе лідары 46 краінаў і кіраўнікі найбуйнейшых міжнародных арганізацыяў шукалі агульныя адказы на сучасныя выклікі. Беларуская лідарка сустрэлася з шэрагам ключавых палітыкаў сярод якіх Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган, Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер, Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск і іншыя.

    Фотарэпартаж.


    ВІЗІТ У ЛЮКСЕМБУРГ

    Святлана Ціханоўская правяла працоўны візіт у Люксембург, каб прыняць удзел у міністэрскай сустрэчы Рады Еўропы, дзе было абвешчана пра стварэнне трыбуналу за злачынствы Расіі супраць Украіны. Беларуская лідарка правяла шэраг асабістых сустрэчаў: з Прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Тэадорасам Русопуласам, з дзяржаўным сакратаром Швейцарыі па замежных справах Аляксандрам Фазелем, з новым дзяржаўным сакратаром МЗС Германіі Гюнтэрам Крыхбаўмам.

    Па выніках візіту Люксембург далучыўся да міжнароднага гуманітарнага фонду і выдзеліў 250 000 еўра для лячэння і рэабілітацыі палітвязняў і рэпрэсаваных.

    Фотарэпартаж.

    ДЗЕНЬ САЛІДАРНАСЦІ З ПАЛІТВЯЗНЯМІ

    21 траўня адзначаецца Дзень салідарнасці з палітвязнямі. З гэтай нагоды ў Вільні прайшла акцыя, падчас якой Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай: «Вітольд Ашурак верыў, што перамены хутка настануць — давайце і мы будзем у гэта верыць і змагацца далей. Бо чым больш мы будзем актыўныя, тым хутчэй яны настануць».

    Спіс усіх мерапрыемстваў глядзіце па спасылцы.

    ВІЗІТ У ПОЗНАНЬ

    Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у міжнароднай канферэнцыі «Impact» у Познані. Impact збірае лідараў думак, палітыкаў і экспертаў з усяго свету. Ціханоўская выступіла ў другі дзень канферэнцыі падчас дыскусіі «Голас мужнасці: дэмакратыя, лідарства і сіла жанчын».

    РЭАКЦЫЯ НА СМЕРЦЬ БЫЛОЙ ПАЛІТЗНЯВОЛЕНАЙ ТАМАРЫ КАРАВАЙ

    Сышла з жыцця Тамара Каравай — былая палітзняволеная, якая была вызвалена па памілаванні ў жніўні 2024 года. Святлана Ціханоўская — пра смерць былой палітзняволенай: «Выпусціць чалавека, калі яго арганізм ужо зломлены — гэта не памілаванне, гэта хаванне доказаў забойства. Рэжым Лукашэнкі не шкадуе ні жанчын, ні хворых, ні старых. Я хачу выказаць глыбокія спачуванні родным і блізкім Тамары. Гэта жудасная трагедыя, якая не павінна была здарыцца.».

    КРУГЛЫ СТОЛ ПА ПЫТАННЯХ ГЕНДАРНАЙ РОЎНАСЦІ

    У прадстаўніцтве дэмакратычных сілаў Беларусі ў Эстоніі прайшоў круглы стол, прысвечаны абароне правоў ЛГБТК+ і гендарнай роўнасці ў будучай Беларусі. Удзельнікі абмеркавалі выклікі, з якімі сутыкаецца ЛГБТК+ супольнасць, і магчымыя заканадаўчыя рэформы, на прыкладзе эстонскага вопыту. Галоўным вынікам стала дамоўленасць аб распрацоўцы канцэпцыі гендарнай роўнасці для Беларусі і далейшым супрацоўніцтве.

    КАМЕНТАР ЮРЫДЫЧНАГА АДДЗЕЛУ ПРА НОВЫЯ ПАГАДНЕННІ АБ ВЫДАЧЫ БЕЛАРУСАЎ

    Стала вядома, што рэжым плануе падпісаць двухбаковыя пагадненні аб выдачы беларусаў, абвінавачаных па крымінальных злачынствах, з дзевяццю краінамі. Дарадца па прававых пытаннях Святланы Ціханоўскай Леанід Марозаў пракаментаваў навіну: «Для беларусаў, якія вымушана пакінулі сваю краіну, такія навіны азначаюць патэнцыйнае папаўненне спісу краінаў, у якія ехаць небяспечна. Мы безумоўна праінфармуем нашых міжнародных партнёраў і арганізацыі аб патэнцыйных рызыках выкарыстання пагадненняў аб выдачы для палітычна матываванага пераследу».

    30 ГАДАВІНА РЭФЕРЭНДУМА АБ ЗМЕНЕ ДЗЯРЖАЎНЫХ СІМВАЛАЎ

    30 гадоў таму ў Беларусі адбыўся рэферэндум, вынікам якога стала змена дзяржаўнай сімволікі, паглыбленне эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і наданне рускай мове статусу роўнага з беларускай. Святлана Ціханоўская з гэтай нагоды: «Цяпер мы можам выразна ўбачыць, да чаго нас прывяло тое рашэнне. Аўтарытарны рэжым, залежнасць ад Расіі, захаванне савецкай эканомікі, нестабільны рост ВУП, аслабленая валюта, абмежаваныя рэформы, рэпрэсіі, задушэнне пратэстаў, татальны дзяржаўны кантроль над СМІ».

    МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ МЕДСЯСЦЁР

    13 траўня адзначаецца Міжнародны дзень медсясцёр. З гэтай нагоды Святлана Ціханоўская звярнулася да прадстаўніц прафесіі: «У гэты дзень я звяртаюся да вас, дарагія, са словамі падзякі. Настане час, калі вам будзе дзякаваць і ўся краіна. Беларусь, да якой мы ўсім сэрцам імкнёмся, — гэта краіна, якая беражэ тых, хто беражэ людзей».

    МЕДЫЯ

    PAP (Польшча), Fakt (Польшча), Glos Wielkopolski (Польшча), The Baltic Times (Міжнароднае), Wysokie Obcasy (Польшча), Radio Zet (Польшча), The Dallas Morning News (ЗША), Bankier (Польшча), LSM.lv (Латвія), Diena (Латвія), PAP (Польшча), Stooq (Польшча), Radio Pin (Польшча).


    Апошнія навіны