У межах сустрэчаў на высокім палітычным узроўні Святлана Ціханоўская правяла перамовы з Прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Тэадорасам Русопуласам. У цэнтры ўвагі былі пытанні далейшага развіцця супрацоўніцтва паміж ПАРЕ і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
Абмеркавалі:
– падрыхтоўку да чэрвеньскай сесіі ПАРЕ і далейшае супрацоўніцтва, у тым ліку ўдзел дэлегацыі Каардынацыйнай рады ў працы асамблеі;
– стварэнне пастаяннага офіса дэмакратычных сілаў у памяшканні Рады Еўропы — як знака падтрымкі і прысутнасці беларусаў у еўрапейскай прасторы;
– падрыхтоўку новай рэзалюцыі ПАРЕ, прысвечанай праблеме транснацыянальных рэпрэсіяў, у тым ліку пераследу беларусаў па-за межамі краіны.
Святлана Ціханоўская падзякавала за працу спецдакладчыка ПАРЕ па Беларусі Рышарда Петру і за прыняцце рэзалюцыі, у якой Беларусь была ўключаная ў кантэкст расійскай агрэсіі супраць Украіны.
Ціханоўская асобна адзначыла важную ролю ПАРЕ ў падтрымцы беларускай дэмакратычнай супольнасці, падзякавала за прынцыповую салідарнасць і за «Люксембургскія рашэнні», што датычацца праблем беларусаў у выгнанні.