Беларуская лідарка працягвае працоўны візіт у Люксембург. У межах сустрэчаў на высокім палітычным узроўні яна правяла перамовы з Прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Тэадорасам Русопуласам. У цэнтры дыялогу — стратэгічнае супрацоўніцтва дэмакратычных сілаў Беларусі з Радай Еўропы. Яно ўжо мае трывалую аснову: працуе кантактная група, дзейнічае дэлегацыя ў ПАРЕ, была прынятая важная рэзалюцыя па Беларусі падчас саміту ў Рэйк’явіку.
Апроч гэтага, бакі абмеркавалі:
➖стварэнне механізму маніторынгу выканання «Люксембургскіх рашэнняў»;
➖магчымасць юрыдычнага аналізу праекта Канстытуцыі новай Беларусі;
➖неабходнасць прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці ў рамках спецыяльнага трыбуналу.
Акрамя таго, Святлана Ціханоўская выступіла перад міністрамі ўсіх краінаў Рады Еўропы на сесіі Камітэта міністраў, дзе падкрэсліла важнасць адзінства, падтрымкі людзей і смеласці ў абароне дэмакратыі.
Тры важныя думкі, якія Святлана Ціханоўская агучыла міністрам:
«Па-першае: давайце заставацца адзінымі — дзеля каштоўнасцей, якія мы ўсе падзяляем. Каштоўнасці — вось што робіць Еўропу моцнай. Трэба быць адзінымі па ўсёй Еўропе і па абодва бакі Атлантыкі.
Па-другое: падтрымлівайце людзей. Будуйце масты, а не сцены. Ваенная сіла сама па сабе нічога не значыць без людзей, гатовых абараняць свабоду.
І, па-трэцяе: будзьце смелымі. Будзьце адважнымі. Падтрымайце Украіну. Супрацьдзейнічайце Пуціну. Прыцягніце Лукашэнку да адказнасці. Абараняйце свае дэмакратыі — і дапамажыце тым, хто ўсё яшчэ змагаецца за свае».