• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы, міністрам замежных справаў Эстоніі і ініцыятывамі па дапамозе былым палітвязням. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 12–18 студзеня

    20 студзеня, 2026

    СУСТРЭЧА З ПРЭЗІДЭНТАМ ПОЛЬШЧЫ КАРАЛЕМ НАЎРОЦКІМ

    13 студзеня беларуская лідарка сустрэлася з прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім. Гэта першая двухбаковая сустрэча ў Варшаве пасля абрання Наўроцкага прэзідэнтам, раней лідары сустракаліся на палях Генеральнай Асамблеі ААН. 

    Ціханоўская і Наўроцкі абмеркавалі:

    – працэс вызвалення палітвязняў; 

    – сітуацыю з Анджэем Пачобутам; 

    – магчымасць супольных ініцыятываў у падтрымку беларускай супольнасці ў Польшчы;

    – адносіны з адміністрацыяй ЗША; 

    – бяспекавую сітуацыю ў рэгіёне. 

    Акрамя гэтага, прэзідэнт правёў сустрэчу з беларусамі, на якой сабралася больш за 150 чалавек, у тым ліку журналісты, блогеры, дзеячы культуры, праваабаронцы, палітыкі, акцёры і музыкі, спартоўцы. У сваёй прамове прэзідэнт Наўроцкі падкрэсліў, што Польшча падтрымлівала і будзе падтрымліваць беларусаў у іх змаганні за свабоду, а таксама згадаў шэраг гістарычных падзеяў, якія яднаюць беларусаў і палякаў.

    СУСТРЭЧА З ПАЛІТВЯЗНЯМІ І ПРАДСТАЎНІКАМІ ІНІЦЫЯТЫВЫ «ВОЛЬНЫЯ»

    Падчас візіту ў Варшаву 14 студзеня Святлана Ціханоўская сустрэлася з валанцёрамі і валанцёркамі, якія штодзённа дапамагаюць беларускім палітвязням і іх сем’ям. У размове прынялі ўдзел каля 40 чалавек, у прыватнасці — прадстаўніцы ініцыятывы дапамогі былым беларускім палітвязням у адаптацыі і рэсацыялізацыі «Вольныя». Падчас размовы беларуская лідарка выказала словы глыбокай падзякі валанцёрам за іх дабрыню, адданасць і чалавечнасць, а таксама адзначыла важнасць іх працы для захавання падтрымкі тых, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў.

    Акрамя гэтага, беларуская лідарка разам з Паўлам Латушкам сустрэліся з палітвязнямі, якія былі вызваленыя ў снежні і дэпартаваныя ва Украіну, а пасля перавезеныя ў Польшчу. Падчас сустрэчы абмеркавалі пытанні легалізацыі, уладкавання жыцця ў Польшчы, магчымасці для наступных вызваленняў і праблемы бяспекі. У сустрэчы ўзялі ўдзел больш за 40 вызваленых палітвязняў.

    СУСТРЭЧА З ГРУПАЙ СЕЙМА ЛІТВЫ «ЗА ДЭМАКРАТЫЧНУЮ БЕЛАРУСЬ»

    15 студзеня Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з дэпутатамі групы Сейма Літвы «За дэмакратычную Беларусь». Удзел у сустрэчы ўзялі прадстаўнікі як урадавай кааліцыі, так і апазіцыі. Кіраўніком групы з’яўляецца Русланас Барановас, які прадстаўляе кіруючую сацыял-дэмакратычную партыю. 

    Падчас сустрэчы абмеркавалі:

    – бяспекавую і палітычную сітуацыю;

    – наступныя крокі па вызваленні палітвязняў;

    – пытанне санкцыяў на транзіт калійных угнаенняў;

    – праблемы беларусаў у Літве;

    – сітуацыю з Беларускім домам у Вільні;

    – план працы групы на 2026 год. 

    СУСТРЭЧА З МІНІСТРАМ ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ЭСТОНІІ МАРГУСАМ ЦАХКНАМ

    15 студзеня Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Эстоніі Маргусам Цахкнам у Вільнюсе. Беларуская лідарка падзякавала міністру за падтрымку рэпрэсаваных, Міжнароднага гуманітарнага фонду і Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Таліне.

    Падчас сустрэчы абмеркавалі сітуацыю з бяспекай у рэгіёне, падзеі ў Іране і Венесуэле, працэс і наступныя крокі па вызваленні палітвязняў, адносіны з ЗША, супольныя ініцыятывы ў міжнародных арганізацыях, а таксама санкцыйную палітыку Еўрапейскага Саюза. Асобна абмеркавалі працу Місіі дэмакратычных сілаў у Таліне і магчымасць пашырэння яе дзейнасці на суседнія краіны, супрацоўніцтва з Паўночнымі краінамі і Паўночна-Балтыйскай васьмёркай, удзел вызваленых палітвязняў у міжнародных канферэнцыях у Таліне, правядзенне канферэнцыі па Беларусі і працу над прызнаннем беларускага нацыянальнага пашпарта.

    СУСТРЭЧА З СПІКЕРКАЙ СЕНАТА ПОЛЬШЧЫ МАЛГАЖАТАЙ КІДАВА-БЛОНЬСКАЙ

    15 студзеня Святлана Ціханоўская разам з Паўлам Латушкам і спікерам Каардынацыйнай Рады Арцёмам Бруханам сустрэліся са спікеркай Сената Польшчы Малгажатай Кідава-Блоньскай.

    Святлана Ціханоўская падзякавала Польшчы за прыём вызваленых палітвязняў і за надзвычайную падтрымку з боку польскай дзяржавы і парламента. Малгажата Кідава-Блоньская, у сваю чаргу, выказала падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі і падкрэсліла, што Польшча будзе працягваць дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў, у тым ліку Анджэя Пачобута, а таксама і надалей аказваць дапамогу беларусам у Польшчы. 

    Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі і Сенатам Польшчы, у тым ліку магчымасць падпісання мемарандума аб супрацоўніцтве. 

    СУСТРЭЧА З ВІЦЭ-ПРЭЗІДЭНТКАЙ ЕЎРАПЕЙКАГА ПАРЛАМЕНТА ПІНАЙ ПІЧЭРНА

    12 студзеня Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з віцэ-прэзідэнткай Еўрапейскага парламента Пінай Пічэрна ў Офісе ў Вільні. Падчас размовы бакі абмеркавалі бягучую сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі, бяспеку ў рэгіёне і ролю Еўрасаюза ў супрацьстаянні аўтарытарызму. Акрамя таго, абмяркоўвалася падтрымка еўрапейскай перспектывы для Беларусі і падрыхтоўка дарожнай карты збліжэння з ЕС і Радай Еўропы.

    СУСТРЭЧА З ДЗЯРЖАЎНЫМ САКРАТАРОМ МІНІСТЭРСТВА ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ІСПАНІІ ДЫЕГА МАРЦІНАСАМ БЕЛІА

    Падчас візіту ў Мадрыд 15 студзеня дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчу з дзяржаўным сакратаром Міністэрства замежных справаў Іспаніі Дыега Марцінасам Беліа.

    У ходзе сустрэчы бакі вызначылі ключавыя напрамкі супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, закранулі актуальныя міжнародныя і гуманітарныя пытанні, сітуацыю з палітычнымі зняволенымі і санкцыйную палітыку Еўрапейскага Саюза і Іспаніі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. 

    Асобнай тэмай сустрэчы стала пытанне адкрыцця Місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ў Мадрыдзе, якая можа стаць важным цэнтрам каардынацыі дзейнасці беларускага прадстаўніцтва і падтрымкі беларусаў у Іспаніі.

    АНАЛІЗ СІТУАЦЫІ З ПРАВАМІ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ Ў 2025 ГОДЗЕ

    Апублікаваны гадавы даклад праваабарончага цэнтра «Вясна», які кожны год фіксуе рэальны стан правоў чалавека ў Беларусі. Ключавыя высновы дакладу:

    1. У 2025 годзе ўзмацнілася практыка «ціхіх рэпрэсіяў»: спынена публічнае інфармаванне пра суды і закрыты доступ да банка судовых рашэнняў;
      2. За год — двое загінулых у калоніі і тры выпадкі смерцяў ужо пасля вызвалення, а таксама новыя сведчанні катаванняў і жорсткага абыходжання;
      3. За ўдзел у пратэстах 2020 года вядома як мінімум пра 643 асуджаных па арт. 342, пры гэтым пераслед працягваецца і пасля заканчэння тэрмінаў даўнасці;
      4. Нягледзячы на памілаванні, колькасць палітвязняў працягвае расці — у сярэднім каля 40 новых прызнанняў у месяц.

    Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў падкрэсліў важнасць дакладу і расказаў пра ключавыя напрамкі працы міжнароднага правасуддзя і пра тое, як яно дзейнічае дзеля вяртання права ў Беларусь.

    АНАЛІЗ УПЛЫВУ АПОШНІХ ПАДЗЕЯЎ У ВЕНЕСУЭЛЕ НА БЕЛАРУСЬ

    Дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька прааналізаваў, што азначаюць апошнія падзеі ў Венесуэле для Беларусі і чаму сітуацыя вакол Нікаласа Мадура прымушае рэжым у Беларусі хвалявацца. 

    «Сістэма кіравання ў Беларусі неэфектыўная, а эканамічная мадэль — тупіковая. Калі б усё было нармальна, ВУП Беларусі павінен быць прыкладна ў тры разы большым».

    СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ ДАЛУЧЫЦЦА ДА СУСВЕТНАГА ЭКАНАМІЧНАГА ФОРУМУ Ў ДАВОСЕ 

    На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская едзе ў Давос, каб выступіць на Сусветным эканамічным форуме і правесці шэраг палітычных сустрэчаў. У цэнтры ўвагі — палітвязні і спыненне рэпрэсіяў, а таксама шляхі выхаду з палітычнага крызісу.

    Ціханоўская: 

    «Для мяне важна, каб тэма Беларусі гучала, каб нас адрознівалі ад Расіі, а беларусаў — не прыроўнівалі да рэжыму».

    МЕДЫЯ

    Польское Радио по-беларуски (Польшча), Polskie Radio (Польшча), Polskie Radio (Польшча), Polskie Radio 24 (Польшча), Rzeczpospolita (Польшча), Haaretz Daily (Ізраіль).

    Апошнія навіны