• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Прэзідэнт Польшчы правёў калядную сустрэчу з беларусамі 

    14 студзеня, 2026

    Мерапрыемства прайшло чацвёрты год запар і мае ўнікальны характар, калі прэзідэнт Польшчы збірае прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасці. 

    Прысутнічала больш за 150 чалавек, у тым ліку журналісты, блогеры, дзеячы культуры, праваабаронцы, палітыкі, акцёры і музыкі, спартоўцы. У гэтым годзе ўдзел таксама ўзялі нядаўна вызваленыя палітвязні, у тым ліку Марына Золатава, Максім Знак, Ксенія Луцкіна, Яўген Меркіс і многія іншыя.

    У сваёй прамове прэзідэнт Наўроцкі падкрэсліў, што Польшча падтрымлівала і будзе падтрымліваць беларусаў у іх змаганні за свабоду, а таксама згадаў шэраг гістарычных падзеяў, якія яднаюць беларусаў і палякаў.

    Святлана Ціханоўская падзякавала прэзідэнту, адзначыла, што Польшча грае асаблівую ролю не толькі ў гісторыі, але і сучаснасці Беларусі, і распавяла, што беларусы працягваюць рабіць у выгнанні і робяць усё, каб маглі вярнуцца дадому.

    Святлана Ціханоўская:

    «Паважаныя госці,

    Найперш, дазвольце мне сказаць вялікі дзякуй пану Прэзідэнту за цёплыя словы. За вашую салідарнасць і за гэтую сустрэчу, якая стала добрай традыцыяй тут, у Бельведэры. Вы і ўявіць сабе не можаце, як шмат беларусаў хацелі сюды трапіць, каб з вамі пазнаёміцца і выказаць сваю павагу! Тут, у Польшчы, беларускае пытанне — адно з тых, якое аб’ядноўвае ўсіх — левых і правых, урад і апазіцыю. І гэтая сустрэча — выразны сігнал, што падтрымка Беларусі і беларусаў будзе працягвацца.

    Сёння я падаравала прэзідэнту некалькі кніг Сяргея Пясецкага — у перакладзе на беларускую. Я ведаю, пане Прэзідэнце, што гэта адзін з вашых любімых пісьменнікаў. Народжаны на тэрыторыі сучаснай Беларусі, Пясецкі паказаў, як беларусы і палякі разам пераадольвалі цяжкія часы. Разам вучыліся выжываць ва ўмовах савецкай дыктатуры і супрацьстаяць тыраніі.

    Беларусы ніколі не былі чужымі палякам, гэтаксама як і Польшча — заўжды была побач з беларусамі. Беларусы як нацыя фармаваліся ў складзе Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай. Разам з палякамі змагаліся за незалежнасць ад Расіі. Шмат чаму вучыліся ў польскай «Салідарнасці». Нас яднаюць Касцюшка і Каліноўскі, Міцкевіч і Ажэшка, Орда і Агінскі… 

    І, вядома ж, Свада і Нічос, якія ледзь не прабіліся на Еўравізію ад Польшчы! Беларусы Падляшша — жывы прыклад таго, як дзве культуры могуць суіснаваць і ўзаемна ўзбагачаць адна адну.

    Сёння мы, беларусы, глядзім на Польшчу з захапленнем, а часам нават і з зайздрасцю. Вы для нас больш чым сусед і саюзнік, вы для нас — прыклад. Менавіта такой мы б хацелі бачыць Беларусь — моцнай, свабоднай і суверэннай дзяржавай, якая служыць сваім грамадзянам, а не чужой імперыі.

    Так, сёння мы вымушана ў выгнанні. Але я ведаю: гэта часова. Мы абавязкова вернемся дадому. Нягледзячы на ўсе спробы рэжыму знішчыць нас — мы працягваем рабіць сваю справу. Медыя аднаўляюць працу і выходзяць на новую аўдыторыю. «Белсат» запускае новыя праграмы. Праграма Каліноўскага набірае таленавітых студэнтаў і рыхтуе кадры для новай Беларусі. Нашыя праваабаронцы дапамагаюць рэпрэсаваным. Бізнесоўцы развіваюць сусветнавядомыя кампаніі. Мы захоўваем нашую мову і культуру. «Купалаўцы» збіраюць поўныя залы. Беларускія спартоўцы, як Марыя Жодзік ці Крысціна Ціманоўская, перамагаюць у польскіх спаборніцтвах. Футбольны клуб «Пагоня» прабіўся ў польскі чэмпіянат. Мы ўзмацняем нашыя дэмакратычныя інстытуты: Кабінет, Каардынацыйную Раду. Развіваем міжнародныя кантакты. Дакументуем злачынствы рэжыму, як гэта робіць шаноўны Павел Латушка з камандай НАУ, ці Белпол. Падтрымліваем Украіну ў яе гераічным змаганні за свабоду і ганарымся нашымі добраахвотнікамі. Бо разумеем, што лёсы нашых краінаў узаемазвязаныя.

    Дарагія беларусы і беларускі,

    Дзякуй, што не здаліся, не скарыліся і не змірыліся. Дзякуй, што мы разам працягваем крочыць да нашай мэты. Я веру, што мы, беларусы, таксама пройдзем свой шлях да свабоды — як калісьці прайшла Польшча. Так, гэты шлях можа падацца далёкім і доўгім. Але сёння тут з намі многія былыя палітвязні, якія яшчэ месяц таму былі ў засценках рэжыму. Як бачыце — усё магчыма. І мы павінны працягваць змагацца — за кожнага і кожную. За Кацю Андрэеву, за Андрэя Аляксандрава, за Мікалая Статкевіча. І, вядома, за Анджэя Пачобута. Анджэй калісьці сказаў: «Трэба проста не здавацца». І няхай гэтыя словы будуць нашым дэвізам.

    Я віншую вас са святамі Божага Нараджэння і Новага года, дарагія сябры. Зычу плёну, натхнення, перамогаў, а самае галоўнае — свабоды. Гэта самая вялікая каштоўнасць на свеце.

    Niech żyje Polska, 

    і Жыве Беларусь!»

    Пасля выступаў адбылася мастацкая частка з удзелам калядоўшчыкаў, беларускіх спеваў і танцаў, а таксама ў прэзідэнцкай рэзідэнцыі адкрылася выстава мастачкі Кацярыны Еўдакімавай пра беларускіх палітвязняў.

    Апошнія навіны