Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская разам з намеснікам Паўлам Латушкам і спікерам Каардынацыйнай Рады Арцёмам Бруханам сустрэліся са спікеркай Сената Польшчы Малгажатай Кідава-Блоньскай.
Святлана Ціханоўская падзякавала Польшчы за прыём вызваленых палітвязняў і за надзвычайную падтрымку з боку польскай дзяржавы і парламента. Малгажата Кідава-Блоньская, у сваю чаргу, выказала падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі і падкрэсліла, што Польшча будзе працягваць дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў, у тым ліку Анджэя Пачобута, а таксама і надалей аказваць дапамогу беларусам у Польшчы.
Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі і Сенатам Польшчы, у тым ліку магчымасць падпісання мемарандума аб супрацоўніцтве па аналогіі з пагадненнямі, падпісанымі раней з Еўрапейскім парламентам, Супольнасцю дэмакратыяў і Еўрапейскім эканамічна-сацыяльным камітэтам.
Таксама ўздымаліся пытанні легалізацыі беларусаў, уключаючы вызваленых палітвязняў, праца парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» у польскім Сейме і Сенаце, правядзенне вялікай канферэнцыі па Беларусі ў польскім парламенце, падрыхтоўка да выбараў у Каардынацыйную Раду і магчымы ўдзел назіральнікаў ад польскага парламента, а таксама правядзення сустрэчы сяброў Каардынацыйнай Рады ў Сенаце Рэспублікі Польшча.
Акрамя таго, абмеркавалі стратэгію па Беларусі, неабходнасць дамагацца не толькі вызвалення палітвязняў, але і спынення рэпрэсіяў, а таксама правядзення сістэмных зменаў у краіне. Святлана Ціханоўская, Павел Латушка і Арцём Брухан прадставілі прыярытэты дэмакратычных сілаў на 2026 год і прапанавалі шэраг супольных ініцыятываў.
Святлана Ціханоўская:
«У Польшчы беларускае пытанне аб’ядноўвае ўсе сілы і палітычныя партыі, і тут, у польскім парламенце, ёсць кансэнсус па Беларусі. Я радая, што ў нас ёсць такія саюзнікі, і супольнае разуменне — што толькі свабодная і незалежная Беларусь будзе надзейным суседам і партнёрам для Польшчы і ўсяго Еўрапейскага Саюза. Так мы змагаемся за вызваленне людзей, але нашая мэта — незваротныя дэмакратычныя змены ў нашай краіне».
