СУСТРЭЧА З МІНІСТРАМ ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ЛІТВЫ
Святлана і Сяргей Ціханоўскія сустрэліся з міністрам замежных справаў Літвы Кястуцісам Будрысам. Падчас сустрэчы бакі абмяркоўвалі супольныя дзеянні супраць рэжымных структураў і прапаганды за межамі Беларусі. Літва пацвердзіла падтрымку і бяспеку для тых, хто ратуецца ад пераследу. Ціханоўскія падзякавалі Літве за прынцыповую пазіцыю і заклікалі працягваць ціск на рэжым.
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ ДА «ДНЯ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ БЕЛАРУСІ»
3 ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень Незалежнасці. Святлана Ціханоўская з гэтай нагоды: «Мы з вамі заслугоўваем сапраўднай свабоды і сапраўднай незалежнасці. І дзень суверэнітэту нашай краіны мы адсвяткуем разам, калі дзяржава зноў будзе належыць грамадству».
ГРУПА «ЗА ДЭМАКРАТЫЧНУЮ БЕЛАРУСЬ» У БУНДЭСТАГУ
Дарадца Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька наведаў Берлін і правёў перамовы ў Бундэстагу. Вынікам стала аднаўленне міжпарламенцкай групы «За Дэмакратычную Беларусь» з удзелам дэпутатаў з трох галоўных фракцыяў. На сустрэчы абмеркавалі працяг стажыровак для беларускай моладзі, падтрымку палітвязняў і чарнобыльскіх праграмаў, а таксама працу з беларускай дыяспарай у Германіі.
РЭАКЦЫЯ НА ПРЫМУСОВЫЯ АДПРАЦОЎКІ ДЛЯ ШКОЛЬНІКАЎ
З гэтага лета Міністэрства адукацыі Беларусі ўвяло абавязковую працоўную практыку для навучэнцаў 5–8-х класаў. Святлана Ціханоўская адрэагавала на змены: «Гэта не працоўнае выхаванне і не інвестыцыя ў будучыню краіны — гэта прымус. Толькі мы, дарослыя, можам зрабіць усё магчымае, каб паказаць дзецям, што прымус — гэта не норма. Бо толькі так мы зможам выхаваць іх свабоднымі і адказнымі».
САЙД-ІВЭНТ ПА БЕЛАРУСІ НА РАДЗЕ ААН
2 ліпеня ў Жэневе прайшоў сайд-івэнт, прысвечаны сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Удзел узяў дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў. Ён заклікаў міжнародную супольнасць выкарыстоўваць усе механізмы адказнасці за рэпрэсіі. Асобная ўвага была нададзеная палітвязням і транснацыянальным рэпрэсіям.
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ ПРА ЗАТРЫМАННЕ АЛЕГА ХАМЕНКІ
Сілавікі затрымалі Алега Хаменку — лідара гурта «Палац». Святлана Ціханоўская пракаментавала затрыманне культурнага дзеяча: «Рэжыму важна толькі адно: ці згодны ты танчыць пад музыку дыктатуры. Усё астатняе не мае для яго ніякай каштоўнасці. Яму ўжо даўно абыякавыя і чалавечы лёс, і нашая культура».
КАНФЕРЭНЦЫЯ НОВАЙ БЕЛАРУСІ
9–10 жніўня ў Варшаве пройдзе чацвёртая «Канферэнцыя Новая Беларусь» — мерапрыемства для адкрытага дыялогу пра будучыню Беларусі паміж прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасці і актывістамі. Рэгістрацыя ўжо адкрытая па спасылцы.
ВЫНІКІ МЕСЯЦА
Офіс Святланы Ціханоўскай падрыхтаваў вынікі чэрвеня: галоўныя падзеі, новыя даследаванні і значныя дасягненні актывістаў і арганізацыяў.
МЕДЫЯ
BBC (Міжнароднае), Gazeta Wyborcza (Польшча), Reuters (Міжнароднае), FAZ (Германія), БелСАТ (Беларусь), Зеркало (Беларусь), ABC (Аўстралія), VOT TAK (Беларусь), TVP (Польшча), BBC (Вялікабрытанія), БелСАТ (Беларусь), Зеркало (Беларусь).