Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька наведаў Берлін, дзе правёў перамовы ў Бундэстагу. Адзін з галоўных вынікаў сустрэчаў, які можна адзначыць ужо цяпер, — аднаўленне працы групы «За Дэмакратычную Беларусь». Пасля выбараў у нямецкім парламенце група абнавіла склад, аб’яднаўшы дэпутатаў з трох галоўных фракцыяў нямецкага парламента: хрысціянска-дэмакратычнага саюзу, сацыял-дэмакратаў і «зялёных».
Чаго практычнага дамагаўся для беларусаў Анатоль Лябедзька падчас візіту?
➖ працягу праекта стажыровак для беларускай моладзі ў парламенце: у мінулым годзе чацвёра беларусаў прайшлі стажыроўкі ў Бундэстагу;
➖ запуску кампаніі ў падтрымку беларускіх палітвязняў, якая б магла стартаваць у верасні з нагоды дня народзінаў Алеся Бяляцкага;
➖ старту праграмаў для аздараўлення чарнобыльскіх дзяцей. Каб абмеркаваць ініцыятыву, восенню плануецца зладзіць сустрэчу парламентарыяў, прадстаўнікоў чарнобыльскіх ініцыятываў і беларускай дыяспары;
➖ працы ў ландстагах і — у доўгатэрміновай перспектыве — стварэння невялікіх дэпутацкіх групаў, якія мусяць наўпрост працаваць з беларускай дыяспарай (у тым ліку па тэме мясцовага самакіравання). У прыярытэтах такія гарады, як Дрэздэн, Мюнхен, Франкфурт.
Падрабязней пра тое, як працуюць парламенцкія групы і Альянс «За Дэмакратычную Беларусь» можна дазнацца па спасылцы.