Дазналася, што сілавікі затрымалі Алега Хаменку — лідара гурта «Палац». Я не знаёмая з Алегам асабіста, але яго ведаюць багата беларусаў. Бо людзі, палюбіўшы яго творы, вярталіся да іх праз гады і пакаленні — і ў 90-е, і ў 2010-е, і сёння.
Але рэжыму важна толькі адно: ці згодны ты танчыць пад музыку дыктатуры. Усё астатняе не мае для яго ніякай каштоўнасці. Яму ўжо даўно абыякавыя і чалавечы лёс, і нашая культура. Гэта не адзіны «палац», за які ўзяўся рэжым. Ужо некалькі гадоў у краіне ўціхую выключаюць з-пад аховы і разбураюць гістарычныя будынкі, паступова плануюць знішчэнні былых палацаў. Гэта не адзіны культурны дзеяч, які раптоўна аказаўся нязручным: за кратамі ўсё яшчэ застаюцца музыка Яўген Бурло, краязнаўца Уладзімер Гундар, мастак Генадзь Драздоў, пісьменніца Алена Церашкова і шмат-шмат іншых.
Нас вымушаюць маўчаць. Але калі знікае голас народа, знікае ён сам. Бо нашая культура і робіць нас асабістымі, унікальнымі. Таму нам так важна размаўляць на роднай мове, слухаць, запамінаць — і перадаваць усе мелодыі і словы дзецям, каб нашая музыка не сціхала. Каб часцінка беларушчыны жыла ў кожным з нас. Бо ці есць што больш разбуральнае для народа, чым спробы знішчыць яго гісторыю, культуру і самасвядомасць?