ВІЗІТ У СТРАСБУРГ. У межах візіту ў Страсбург Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у пасяджэнні Камітэта міністраў Рады Еўропы, дзе выступіла з прамовай. Удзел бралі кіраўнікі і прадстаўнікі 45 краінаў. У сваім выступе Ціханоўская заклікала падтрымаць грамадзянскую супольнасць, медыя, праваабаронцаў, а таксама двухгадовы план працы Кантактнай групы паміж дэмакратычнымі сіламі і Радай Еўропы. Ціханоўская прапанавала распрацаваць дарожную карту ўступлення Беларусі ў Раду Еўропы. Паводле Ціханоўскай, уступленне Беларусі ў Раду Еўропы пасля дэмакратычных зменаў будзе першым крокам на шляху еўраінтэграцыі.
Таксама Ціханоўская ўрачыста ўручыла Крыж Добрасуседства генеральнай сакратарцы Марыі Пейчынавіч-Бурыч, па чыёй ініцыятыве была створана Кантактная група па Беларусі ў Радзе Еўропы. Група працуе паўтары гады і рэалізавала шэраг праектаў падтрымкі незалежных журналістаў, юрыстаў і беларускай моладзі.
КАНГРЭС ЕЎРАПЕЙСКАЙ ПАРТЫІ ЗЯЛЁНЫХ. Святлана Ціханоўская далучылася да Кангрэсу Еўрапейскіх «Зялёных», што прайшоў у Ліёне, Францыя, напярэдадні выбарчай кампаніі ў Еўрапарламент. Лідарка выступіла з прамовай, у якой заклікала ўключыць падтрымку Беларусі і Украіны ў выбарчыя праграмы. Ціханоўская адзначыла: для Беларусі пытанні незалежнасці і «зялёнага» парадку дня звязаныя паміж сабой.
Напрыканцы выступу лідарка падзякавала сябрам фракцыі «Зялёных» у Еўрапарламенце, якія сталі сімвалічнымі хроснымі для палітзняволеных, і заклікала далучыцца да падтрымкі беларускіх палітвязняў тых, хто яшчэ не ўдзельнічае ў гэтай міжнароднай кампаніі.
Таксама Ціханоўская сустрэлася з еўракамісарам па пытаннях навакольнага асяроддзя, міністаркай культуры Латвіі, міністрам транспарту Латвіі, мэрам Ліёну, міністрам па справах моладзі Ірландыі і іншымі палітыкамі.
АДУКАЦЫЯ. Дарадца па моладзевай палітыцы і студэнтам Маргарыта Ворыхава звярнулася да беларусаў з нагоды зменаў у сістэме адукацыі. Цяпер для абітурыентаў з агульнай сярэдняй адукацыяй для паступлення на завочную форму навучання неабходна будзе мець стаж працы па спецыяльнасці ад дзесяці месяцаў. «Мы павінныя імкнуцца да роўнага доступу да адукацыі – каб гарантаваць, што кожны жадаючы мае справядлівыя шанцы», – пракаментавала дарадца. Маргарыта Ворыхава таксама адзначыла, што ўвядзенне вайсковых гурткоў і лагераў для школьнікаў – гэта мэтанакіраваная спроба мілітарызацыі беларускай адукацыі.
Святлана Ціханоўская пракаментавала інфармацыю аб тым, што Беларусь і Расія створаць адзіны падручнік па гісторыі для школаў і вышэйшых навучальных установаў: «Рэжым ужо не раз спрабаваў перапісваць нашу гісторыю. Выкрэсліваў з падручнікаў памятныя даты, «адмяняў» нацыянальных герояў. Важна разумець: адказнасць за тое, што насамрэч будуць ведаць дзеці, ляжыць на нас з вамі. І для таго, каб расказаць ім праўду, сумесныя з Расіяй падручнікі не патрэбныя».
Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова таксама пракаментавала гэтую навіну. Шчытцова адзначыла, што неабходна супрацьстаяць палітыцы каланізацыі праз развіццё незалежнай гістарычнай навукі і стварэнне магчымасцяў для беларускай моладзі па вывучэнні гісторыі, не скажонай прапагандай.
ПАДТРЫМКА МЕДЫЯ. Ціханоўская сустрэлася з рэдактарамі беларускіх незалежных медыя. Удзел бралі прадстаўнікі 12 рэдакцыяў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Абмеркавалі праблемы фінансавання незалежных медыя, супрацоўніцтва з тэхкампаніямі, пытанні легалізацыі за мяжой і сітуацыю з беларусамі ў Літве.
САЛІДАРНАСЦЬ З ПАЛІТВЯЗНЯМІ І РЭПРЭСАВАНЫМІ. У дзень народзінаў Эдуарда Бабарыкі Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў і міжнародную супольнасць працягваць аказваць разнастайную падтрымку палітзняволеным і іх сем’ям: «Толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам зрабіць так, каб дні нараджэння былі нагодай выключна для радасці, а слова «палітвязень» – назаўжды засталося ў мінулым».
Беларуская лідарка таксама звярнулася да беларусаў з нагоды затрыманняў за ахвяраванні: «У Беларусі працягваюцца затрыманні людзей за дапамогу іншым, за словы і жэсты падтрымкі, за данаты. Паглядзіце на банеры навокал: «Зрабіў добрую справу? Выправішся ў турму!» А ў нармальным свеце на гэтых банерах былі б вашыя твары і словы падзякі: і ад людзей, якім вы дапамаглі, і ад дзяржавы, якая вамі ганарыцца. Я ўпэўненая: вы працягнеце дапамагаць. Але вельмі прашу: робячы дабро, беражыце сябе. І памятайце: няма такога закону, які б зрабіў беларусаў абыякавымі!»
СТРАТЭГІЯ ПЕРАХОДУ ДА НОВАЙ БЕЛАРУСІ. Каманда Офіса падрыхтавала карткі, у якіх аналізуецца сістэма дзяржаўнага ладу, прапісаная ў Стратэгіі пераходу да Новай Беларусі, а таксама ўдакладняюцца моманты, якія выклікалі сумневы ў беларусаў пры грамадскім абмеркаванні дакумента.
БЕЛАРУСЬ-ЛАТВІЯ. У Рызе прайшло пасяджэнне Камісіі па грамадзянстве, міграцыі і сацыяльнай згуртаванасці, прысвечанае праблемам беларусаў. У пасяджэнні ўдзельнічалі пасол Латвіі ў Беларусі Эйнарс Семаніс, прадстаўнік Офіса Святланы Ціханоўскай у Эстоніі і ў Латвіі Віталь Малчанаў, а таксама прадстаўнікі Парламента, МУС і Міністэрства адукацыі Латвіі, арганізацый Free Belarus, Світанак і Суполка. Ільва Эвертэ, прадстаўніца Free Belarus, адзначыла: «На пасяджэнні ўзнімаліся пытанні, з якімі сутыкаюцца беларускія ўцекачы ў Латвіі, у тым ліку – пачатковай і вышэйшай адукацыі, а таксама пенсіённага забеспячэння». А амбасадар Семаніс прапанаваў арганізацыям беларускай дыяспары прадставіць праекты дапамогі бежанцам і арганізацыям грамадзянскай супольнасці.
ПАМЯЦЬ ПРА НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ГЕРОЯЎ. 2 лютага, з нагоды дня народзінаў Кастуся Каліноўскага, каманда Офіса ўзгадала цікавыя факты пра нацыянальнага героя. «Пераацаніць важнасць постаці Кастуся Каліноўскага для нас і для нашай гісторыі немагчыма. Яго дзеянні – прыклад таго, як адна асоба натхніла тысячы людзей паважаць сваю годнасць, бараніць уласныя мову і культуру, а таксама змагацца за свабоду. Зараз мы жывём у рэаліях, калі пагрозы, з якімі сутыкаліся беларусы часоў Каліноўскага, зноў актуальныя. І таму важна не забываць урокі Паўстання 1863-1864 гадоў, якія беларусы вынеслі для сябе як нацыя», – пракаментавала Святлана Ціханоўская.
4 лютага, у дзень народзінаў Тадэвуша Касцюшкі, каманда Офіса падрыхтавала карткі з незвычайнымі фактамі пра героя. Святлана Ціханоўская адзначыла: «Тадэвуш Касцюшка – асоба неверагоднага маштабу, чалавек ідэалаў і прынцыпаў. Ён не толькі марыў пра роўнасць і свабоду – ён за іх змагаўся. Як і ў нас, ягоных нашчадкаў, сэрца Касцюшкі прагнула свабоды і незалежнасці для сваёй краіны».
МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю БелСАТ (Беларусь), AFP (Міжнароднае), FREEDOM (Украіна), LRT Radio (Літва), Iran TV Independent (Іран, Міжнароднае).
Фота: Margot L’Hermite