Беларуская лідарка далучылася да Кангрэсу Еўрапейскай партыі зялёных, што праходзіць у Ліёне напярэдадні выбарчай кампаніі ў Еўрапарламент. Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай, у якой узняла шэраг маштабных тэмаў. У прыватнасці, яна распавяла пра актуальную сітуацыю ў краіне: новую хвалю рэпрэсіяў, паўзучую русіфікацыю і пагрозу суверэнітэту нашай краіне з боку Расіі. Пры гэтым лідарка адзначыла: для Беларусі пытанні незалежнасці і «зялёнага» парадку дня звязаныя паміж сабой.
«Нам неабходна дыверсіфікаваць пастаўкі энерганосьбітаў і пазбавіцца гэтай ганебнай залежнасці ад расійскага выкапнёвага паліва», – адзначыла Ціханоўская.
Асобную ўвагу лідарка надала пытанню ядзернага шантажу з боку рэжыму, з якім сутыкаецца ўся Еўропа.
«Мы павінныя пакласці канец ядзернаму шантажу з боку рэжыму. Спачатку Лукашэнка пабудаваў на мяжы Еўрасаюза атамную электрастанцыю, якая ігнаруе нормы бяспекі. Зараз жа на нашай тэрыторыі ён размясціў расійскую ядзерную зброю. Гэта трэба спыніць», – нагадала Ціханоўская. Акрамя таго, яна звярнула ўвагу на нізкую эфектыўнасць абмежаванняў, уведзеных Еўрасаюзам з боку рэжыму. Напрыклад, экспарт драўніны ў ЕС з Беларусі не толькі захаваўся ў былых аб’ёмах, а нават павялічыўся.
Напрыканцы выступу лідарка падзякавала сябрам фракцыі «Зялёных», якія сталі сімвалічнымі хроснымі для палітзняволеных, і заклікала далучыцца да падтрымкі беларускіх палітвязняў тых, хто яшчэ не ўдзельнічае ў гэтай міжнароднай кампаніі.
Фота на вокладцы: Margot L’Hermite