• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Прамова Святланы Ціханоўскай на Кангрэсе Еўрапейскай партыі зялёных, 2024

    02 лютага, 2024

    «Паважаная Мелані Фогель,

    Паважаны Томас Уэйтс,

    Паважаныя «зялёныя» Еўропы,

    Я прыехала сюды, каб расказаць вам пра свае думкі ў такі важны момант для гісторыі ўсяго свету.

    Я радая выступаць сёння перад вамі. Я адчуваю ваш энтузіязм, вашую энергію і жаданне змяніць свет.

    Я радая, што не знаходжуся ў камеры катаванняў, як многія мае сябры,

    Я радая, што мае дзеці са мной, а не ў прытулку.

    Але мяне засмучае, што мой муж усё яшчэ ў турме, і я не маю ўяўлення, ці жывы ён.

    Мяне засмучае, калі я чытаю пра чарговую хвалю арыштаў у Беларусі і нявінныя ахвяры ва Украіне.

    Мяне засмучае, што я не магу вярнуцца дадому, у любімую Беларусь, якая ўжо 30 гадоў знаходзіцца ў закладніках у дыктатара.

    Некалькі гадоў таму я была звычайнай хатняй гаспадыняй, выхоўвала двух выдатных дзяцей і не цікавілася палітыкай.

    Сама думка аб тым, каб выйсці на такую сцэну, здавалася мне кашмарам.

    Але жыццё часам дае нам такія ролі, якія мы і ўявіць сабе не маглі.

    Калі мой муж Сяргей вырашыў кінуць выклік дыктатару на выбарах, яго пасадзілі ў турму.

    Каб падтрымаць яго, я балатавалася на пасаду прэзідэнта замест яго. І я зрабіла гэта з кахання.

    Дыктатар не ўспрыняў мяне ўсур’ёз, і я стала кандыдаткай. «Ніхто не будзе галасаваць за жанчыну», – казаў ён. Але ведаеце што? Я перамагла. Мы перамаглі.

    Гэта магла б быць гісторыя са шчаслівым канцом. Але!

    Але дыктатары – трусы. Яны не прызнаюць параз. Яны ніколі не гуляюць па правілах. І яны дапамагаюць адзін аднаму.

    Калі беларускі дыктатар быў на мяжы краху, іншы, Пуцін, прыйшоў яго ратаваць.

    Яны ўтапілі наш рух у гвалце і тэроры. І з таго часу гэты тэрор не спыняўся ні на адзін дзень.

    Цяпер, пакуль я выступаю, за кратамі знаходзяцца больш за 1500 палітычных вязняў. Штодзень затрымліваюць па 15-20 чалавек.

    Больш за 70 000 людзей прайшлі праз катаванні, допыты ў КДБ, бяссонныя месяцы ў турме. Многія загінулі…

    А мае дзеці не перастаюць пытацца, калі вернецца іх тата і чаму ён ніколі не адказвае на іх лісты. Яны не бачылі яго ўжо 4 гады.

    Паверце, у мяне былі ўжо тысячы момантаў, калі я была гатова здацца. Спыніць барацьбу.

    Але кожную раніцу я прачынаюся і ўспамінаю пра тых змагароў за свабоду, якія знаходзяцца за кратамі. І аб тых, хто сышоў з жыцця.

    Сярод іх шмат «зялёных» актывістаў.

    Я думаю пра Вітольда Ашурка – палітычнага і экалагічнага актывіста. Ён памёр пры нявысветленых абставінах у калоніі, і па факце яго смерці нават не была ўзбуджана крымінальная справа.

    Я думаю пра Сцяпана Латыпава – самага вядомага арбарыста ў Беларусі. Яго прыгаварылі да васьмі гадоў пазбаўлення волі. З-за катаванняў ён спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, праткнуўшы сабе шыю ручкай.

    Я думаю пра Паўла Ноздра, эка-актывіста, які ўзначальваў рух «Зялёны дазор» у сваім родным горадзе Мазыры. Ён атрымаў 2 гады калоніі, і з таго часу мы не ведаем пра яго месцазнаходжанне.

    А яшчэ я думаю пра Андрэя Кузнечыка, журналіста і велаактывіста, які прасоўваў эка-транспарт. Ужо больш за два гады яго дзеці растуць без бацькі.

    Думкі пра іх даюць мне энергію для барацьбы. Не толькі за іх свабоду, але і за свабоду Беларусі.

    Бо я ведаю: яны разлічваюць на мяне. І яны разлічваюць на вас. Нам нельга іх падвесці!

    Я таксама думаю пра ўсіх беларусаў, якія пайшлі ваяваць за Украіну. Яны разумеюць, што, змагаючыся за Украіну, яны змагаюцца і за свабоду Беларусі.

    Таму што лёсы нашых краінаў пераплеценыя. Без свабоднай Украіны не будзе свабоднай Беларусі – але і наадварот. Без свабоднай Беларусі Украіна не зможа адчуваць сябе ў бяспецы.

    Абедзве нашыя краіны змагаюцца супраць аднаго і таго ж ворага – восі дыктатараў.

    Абедзве нашы краіны змагаюцца за адну і тую ж будучыню – еўрапейскую будучыню.

    За будучыню, у якой яны змогуць жыць без страху. У якім людзей не кідаюць у турму за іхнія погляды.

    У якім свабодныя выбары, вяршэнства закону, справядлівасць, роўнасць і правы чалавека – не проста словы, а рэальнасць.

    У вашых краінах яны ўспрымаюцца як нешта, што само сабой разумеецца. Але ў нашых дзеля іх мы рызыкуем жыццём.

    Дарагія «зялёныя»,

    Пачынаецца выбарчая кампанія ў Еўрапейскі парламент і я заклікаю вас стаць абаронцамі дэмакратыі.

    Стаць абаронцамі ўсіх тых, хто рызыкуе сваім жыццём і свабодай у імя каштоўнасцяў, якія мы ўсе тут адстойваем.

    Уключыце падтрымку Украіны і дэмакратычнай Беларусі ў сваю перадвыбарчую праграму. Таму што барацьба за свабоду – гэта агульная, глабальная барацьба. Дайце Украіне ўсё, што ёй трэба. Перамога Украіны стане канчатковай паразай Пуціна і Лукашэнкі.

    Нам трэба супрацьстаяць спробам Пуціна выкарыстоўваць карупцыю, запалохванне, шпіянаж і дэзінфармацыю для ўмяшання ў справы Еўропы і падрыву яе інстытутаў.

    Падчас гэтай перадвыбарнай кампаніі хтосьці можа прапанаваць нам ахвяраваць сваімі прынцыпамі дзеля таннейшага газу ці нафты і камфортнага жыцця.

    Але які тут можа быць камфорт, калі прама ў нашага парога стаіць тыранія?

    Ёсць сілы, якія могуць прапанаваць вам заключыць дамову з дыктатарамі. «Давайце дадзім ім тое, што яны хочуць», – скажуць яны.

    Але дыктатараў нельга ўлагодзіць. Дыктатараў нельга перавыхаваць!

    «Гэта не наша вайна», – скажуць некаторыя. Памыляецеся! Гэта наша агульная вайна. За агульныя каштоўнасці і будучыню.

    Ад некаторых палітыкаў я часта чую аб стомленасці. Стомленасці? Раскажыце пра стомленасць украінцам у заснежаных акопах.

    Раскажыце пра стомленасць Алесю Бяляцкаму, нашаму нобелеўскаму лаўрэату, якога трымаюць без сувязі са знешнім светам у камеры Лукашэнкі.

    У іх няма права адчуваць стомленасць. І ў нас яго таксама няма.

    Няхай пры вашай падтрымцы Еўрапейскі саюз працягне развівацца як супольнасць каштоўнасцяў. Еўрапейскі Саюз ад Лісабона да Віцебска, ад Дубліна да Харкава.

    Беларусы жадаюць быць часткай еўрапейскай сям’і. І мы хочам пачуць ад вас, што, калі надыдзе момант, дзверы Еўрасаюза будуць для нас адчыненыя.

    Мы хочам, каб Беларусь была не толькі дэмакратычнай. Мы хочам, каб Беларусь была зялёная.

    Нам неабходна дыверсіфікаваць пастаўкі энерганосьбітаў і пазбавіцца ад ганебнай залежнасці ад расійскага выкапнёвага паліва.

    Дыктатарам няма справы ні да людзей, ні да планеты – яны клапоцяцца толькі аб уласным выжыванні.

    Для прыродныя рэсурсы – таннае паліва для машыны рэпрэсій і вайны. Час пакласці гэтаму канец!

    Дзякуючы шчылінам у санкцыях рэжым не толькі захаваў экспарт драўніны ў ЕС, але нават павялічыў яго. Час пакласці гэтаму канец.

    Нашыя каштоўныя лясы высякаюць, а ў запаведніках робяць рэзідэнцыі для хакеістаў лукашэнкаўскай каманды. Час пакласці гэтаму канец.

    Нам трэба скончыць з ядзерным шантажом. Спачатку яны пабудавалі на мяжы з ЕС атамную электрастанцыю, ігнаруючы нормы бяспекі. Цяпер яны размясцілі на нашай тэрыторыі расійскую ядзерную зброю. Час пакласці гэтаму канец.

    Мы не можам давяраць дыктатарам абарону навакольнага асяроддзя, калі яны не клапоцяцца нават аб сваіх грамадзянах.

    І я вітаю рашэнне ЕС прыпыніць супрацоўніцтва з афіцыйным Мінскам і пачаць працаваць з дэмакратычнымі сіламі.

    Мы гатовыя прадставіць нашу дарожную карту зялёнага развіцця. Праект зялёнай эканомікі для Беларусі ўключае дзесяць інавацыйных прапановаў па пераходзе да ўстойлівай эканомікі.

    Гэта частка нашай шырэйшай стратэгіі па вяртанні Беларусі ў Еўропу.

    Барацьба за экалагізацыю Беларусі не можа быць аддзелена ад барацьбы за правы чалавека і дэмакратыю.

    Гэта два бакі аднаго і таго ж пытання.

    Выступаючы ў абарону палітычных зняволеных і асноўных свабодаў, мы пракладаем шлях да ўстойлівай будучыні.

    Акрамя таго, выступаючы за дэмакратыю, мы ўмацоўваем уласную бяспеку. Калі тыранію не стрымліваць, яна працягне распаўсюджвацца, нібы рак.

    Таму падтрымка Беларусі і Украіны – гэта не дабрачыннасць, а інвестыцыі ў вашу ўласную бяспеку і ўстойлівае развіццё Еўропы.

    Дарагія «зялёныя»,

    Я прыехала сюды не дзеля таго, каб прачытаць вам лекцыю. Я прыехала сюды, каб падзякаваць вам.

    Дзякуй, што трымайце Беларусь у цэнтры ўвагі.

    Дзякуй сябрам партыі «зялёных» у Еўрапарламенце, якія сталі сімвалічнымі хроснымі бацькамі для беларускіх палітвязняў. Віёла фон Краман, Якап Далундэ, Маркета Грэгарава, Сяргей Лагадзінскі, Эрык Марквардт, Ніклас Нінас, Тэры Райнтке, Цінеке Стрык. Дзякуй.

    Кожны парламентарый можа далучыцца да гэтай кампаніі ўжо сёння і стаць сімвалічным бацькам палітвязня, расказаць яго гісторыю, адправіць яму словы падтрымкі або дапамагчы яго сям’і. 25 сакавіка мы заклікаем вас далучыцца да Дня салідарнасці з Беларуссю.

    Дзякуй вам за вашую снежаньскую рэзалюцыю ў падтрымку Беларускай партыі зялёных, якая была ліквідаваная рэжымам. Беларускія «зялёныя» працягваюць сваю смелую працу з выгнання. Дзякуй!

    Дзякуй за ваша супрацоўніцтва з альянсам «Зялёная Беларусь», які працуе, каб падрыхтаваць нашу краіну да зялёнага пераходу. Адна з яго лідарак, Ірына Сіхій, знаходзіцца ў гэтай зале. Дзякуй!

    Дарагія сябры,

    Цяпер, калі надыходзіць вырашальны момант гісторыі, нам трэба заставацца адзінымі і быць смелымі.

    Нам трэба ўмацоўваць нашыя інстытуты і абараняць іх ад спробаў падарваць нашае адзінства.

    Як мой лёс прывёў мяне на перадавую барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі, так і вас лёс прывёў на перадавую еўрапейскую дэмакратыю.

    Разам мы знаходзімся на перадавой барацьбы за будучыню Еўропы.

    І дазвольце запэўніць вас – мы не спынімся. Беларусы не спыняцца. Пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітычныя вязні. Пакуль кожны расійскі салдат не пакіне нашу краіну. Пакуль мы не правядзём судовыя працэсы па злачынствах супраць чалавечнасці. Пакуль мы не вернем сабе нашу краіну.

    Я не спыню змаганне, пакуль мае дзеці, усе беларускія дзеці, не змогуць жыць у краіне, свабоднай ад страху, тыраніі і вайны.

    Лукашэнка прайграе. Пуцін прайграе. Украіна пераможа. А Беларусь нарэшце вернецца ў еўрапейскую сям’ю народаў.

    Будучы шлях можа быць доўгім і цяжкім. Але дзякуючы вам, дзякуючы вашаму энтузіязму, дзякуючы вашай сталай падтрымцы – я ведаю, што мы ўсе пераможам.

    Дзякуй».

    Фота: Margot L’Hermite

    Апошнія навіны