«Дзякуй, шаноўны Старшыня,
Паважаная Генеральная сакратарка Бурыч,
Дарагія сябры,
Для мяне вялікі гонар выступаць сёння перад вамі. Я ўпэўненая, што знаходжуся тут сярод сяброў.
Я прыехала да вас, каб падзяліцца нашым бачаннем супрацоўніцтва паміж дэмакратычнай Беларуссю і Радай Еўропы.
Рада Еўропы – гэта супольнасць, заснаваная на каштоўнасцях, і мы, беларусы, хочам быць часткай гэтай супольнасці.
Доўгія гады Беларусь была шэрай плямай на карце Еўропы. Дамарослы дыктатар, які захапіў уладу 30 гадоў таму, прывёў нашу краіну ў ізаляцыю.
У беларусаў ніколі не было тых перавагаў сяброўства ў Радзе Еўропы, якія могуць здавацца вам такімі відавочнымі.
У беларусаў не было магчымасці бараніць свае правы ў міжнародных судах. Не было доступу да лепшых экспертных ведаў у галіне законатворчасці. Не было магчымасці развіваць чалавечы капітал, ствараць партнёрствы і альянсы, сувязі паміж людзьмі…
І мы бачым вынік – Беларусь з’яўляецца адной з самых бедных краінаў Еўропы. Дзяржаўныя і сацыяльныя інстытуты разбураныя. Людзі жывуць ва ўмовах тэрору. Суверэнітэт знаходзіцца пад пагрозай. І нарэшце, мая краіна аказалася ўцягнутая ў злачынную вайну супраць суседняй Украіны.
Аднак рэжыму ў Мінску так і не ўдалося здушыць свабодалюбівы дух беларусаў.
Мы ўбачылі гэты дух у 2020 годзе, калі ўсю краіну ахапілі мірныя мітынгі. Мы ўбачылі гэты дух у бясстрашных жанчынах, мастаках, журналістах і пенсіянерах, якія адстойвалі свае правы.
Мы бачым гэты дух у тысячах палітычных зняволеных, якія нават за кратамі не страчваюць надзеі.
Мы бачым гэты дух у тысячах людзей, якія пасля трох гадоў тэрору працягваюць мірную барацьбу за дэмакратычныя перамены ў нашай краіне. Людзі аб’ядноўваюцца ў ініцыятывы, ствараюць супольнасці і дэманструюць сваё імкненне да пераменаў.
Беларусы мірна змагаюцца за ўсе тыя каштоўнасці, якія так важныя для Рады Еўропы: вяршэнства закону, роўнасць, народаўладдзе і, вядома ж, свабодныя выбары.
І мы плацім за гэта высокую цану. Толькі на мінулым тыдні рэжым правёў масавыя ператрусы і затрыманні ў 160 дамах родных палітвязняў. Некаторыя былыя палітвязні былі зноў арыштаваныя.
Сярод арыштаваных – Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, лідара Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі.
Яго прыгаварылі да 14 гадоў турмы і ўжо год трымаюць без сувязі са знешнім светам, як і майго мужа. Мае дзеці не бачылі свайго бацьку ўжо амаль 4 гады.
У Беларусі салідарнасць стала злачынствам. Звычайных людзей затрымліваюць толькі за тое, што тыя адпраўлялі пасылкі з ежай і адзеннем. Іх арыштоўваюць за тое, што яны падтрымліваюць тых, хто ўжо сядзіць за кратамі. І караюць за ахвяраванні Украіне.
Падтрымліваць Украіну сёння азначае і падтрымліваць дэмакратычную Беларусь. Гэта працуе і ў адваротны бок. Лёсы нашых краінаў пераплеценыя. Абодва нашыя народы змагаюцца за еўрапейскія каштоўнасці – каштоўнасці Рады Еўропы. І перамога Украіны будзе перамогай Беларусі, ды і ўсёй Еўропы таксама.
Я апладзірую Радзе Еўропы за вашу цвёрдую пазіцыю па Украіне. Вы паказалі сапраўдны прыклад рашучасці, адхіліўшы краіну-агрэсара ад удзелу ў працы вашай арганізацыі.
Вы таксама праявілі смеласць, афіцыйна аформіўшы адносіны паміж Радай Еўропы і дэмакратычнай Беларуссю.
Гледзячы на вашыя намаганні, я зноў знаходжу веру ў міжнародныя арганізацыі!
Сябры,
Нашая праца з Радай Еўропы мае ключавое значэнне для дэмакратычнай будучыні Беларусі.
Мы не ведаем, калі адбудуцца перамены ў Беларусі, але мы павінныя быць гатовымі да іх.
Сумеснымі намаганнямі мы зможам умацаваць пазіцыі дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці, зрабіць іх больш устойлівымі і трывалымі.
Мы толькі што завяршылі рэалізацыю нашага першага плана дзеянняў, які ўключаў у сябе працу з незалежнымі журналістамі, якія працягваюць даносіць праўду да нашых людзей. Акрамя таго, ён уключаў падтрымку нашых адвакатаў, якія працягваюць абараняць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў і прадастаўляць свае веды і досвед нашым дэмакратычным сілам і арганізацыям грамадзянскай супольнасці. У ім былі і шматлікія праекты па недыскрымінацыі і гендарнай роўнасці.
Гэтыя тэмы ніколі не былі ў цэнтры ўвагі ва ўмовах рэпрэсіўнага рэжыму ў Беларусі. Але нам трэба казаць пра іх, каб наблізіць гэтыя каштоўнасці да нашых людзей.
Нашыя дасягненні ў рамках Кантактнай групы сапраўды ўражваюць. Я хачу падзякаваць Марыі Бурыч і яе камандзе, а таксама ўсім нашым партнёрам у структурах Рады Еўропы за іх гнуткасць і крэатыўнасць.
На вашых сталах вы бачыце перагледжаны План дзеянняў. Так, ён амбіцыйны, але ў той жа час рэалістычны.
Дазвольце мне вылучыць некалькі прапаноў:
Першае. Працягвайце навучанне беларускіх юрыстаў. Яны важныя для нашай працы сёння, а таксама даюць нам надзею на будучыню.
Другое. Падтрымлівайце нашыя моладзевыя арганізацыі і актывістаў. Яны могуць і хочуць дагрукацца да маладых людзей унутры Беларусі, нягледзячы на цэнзуру, рэпрэсіі і пагрозы.
Моладзь ужо не раз перахітрыла рэжым.
Трэцяе. Патрэбна больш актыўная камунікацыя пра Раду Еўропы. Нам трэба прасоўваць Раду Еўропы, яе каштоўнасці, яе працу сярод беларусаў. Прасоўваючы Раду Еўропы, мы таксама прасоўваем еўрапейскую будучыню для Беларусі.
І тут я падыходжу да найважнейшага моманту. Я хачу звярнуць на яго асаблівую ўвагу.
Мы разглядаем нашае супрацоўніцтва з Радай Еўропы як стратэгічнае.
Гэта, бадай, найважнейшае знешняе супрацоўніцтва, якое ў нас ёсць. Прычына такой высокай ацэнкі простая – мы не бачым для Беларусі іншай будучыні, акрамя як еўрапейскай.
Пасля нападу Расіі на Украіну стала відавочна, што бяспека і дэмакратыя ўзаемазвязаныя.
Таксама стала відавочна, што толькі ў рамках еўрапейскай сям’і народаў Беларусь можа стаць квітнеючай, мірнай і суверэннай дзяржавай.
І наш шлях – еўрапейскі шлях – пачнецца тут, у Страсбургу. Нашым першым крокам на шляху еўрапейскай інтэграцыі стане ўступленне ў Раду Еўропы.
Менавіта таму нашае супрацоўніцтва з Радай Еўропы сёння з’яўляецца ключавым элементам нашай еўрапейскай будучыні. Але нам трэба падыходзіць да гэтага пытання больш структуравана.
Я прапаную абмеркаваць і распрацаваць «дарожную карту» для найхутчэйшага ўступлення будучай дэмакратычнай Беларусі ў Раду Еўропы.
З гэтага пункту гледжання нам трэба разглядаць кожнае мерапрыемства ў Плане дзеянняў.
На якіх рэформах нам трэба сканцэнтравацца, каб хутка зрабіць патрэбныя крокі на шляху да ўступлення ў Раду Еўропы?
Як растлумачыць шараговым грамадзянам, што гэтая арганізацыя прыносіць ім карысць?
Дзе ў нашых мерапрыемствах і праектах гендарная роўнасць?
Я прапаную распрацаваць рамкі нашага супрацоўніцтва ў стратэгічнай перспектыве.
Калі прыйдзе час, дэмакратычная Беларусь будзе грукацца ў дзверы Еўропы. Мы хочам ведаць, што гэтыя дзверы адчыняцца хутка.
Мы хочам быць часткай Еўропы. Толькі так мы зможам забяспечыць устойлівы і канчатковы пераход Беларусі да дэмакратыі.
У Еўропе не павінна быць шэрых плямаў. У інтарэсах еўрапейскай сям’і – прадказальная і дэмакратычная Беларусь.
Мы патрэбныя адно аднаму. Калі адчыніцца акно магчымасцяў, мы будзем гатовыя. Нам нельга ўпусціць гэты шанец. Давайце працаваць над гэтым ужо сёння.
Сёння я прашу вас падтрымаць ідэю гэтай дарожнай карты, і тады вельмі хутка мы звернемся да вас з канкрэтнымі прапановамі.
На заканчэнне я хачу выказаць надзею. Мы, народ Беларусі, сутыкнуліся з многімі праблемамі. Але сёння мы не самотныя. Мы разам з вамі ідзём да лепшай будучыні.
І хоць будучы шлях можа быць цяжкім, я ўпэўненая, што мы зможам дасягнуць нашай мэты, калі будзем разам.
З вашай падтрымкай Беларусь можа стаць краінай дэмакратыі і свабоды, важнай часткай адзінай Еўропы.
Ад імя беларусаў хачу сказаць: прыемна быць дома.
Дзякуй».