Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова пракаментавала дамоўленасць пра стварэнне адзіных падручнікаў па гісторыі для школ і ВНУ Беларусі і Расіі. Шчытцова адзначыла, што патрэбна супрацьстаяць палітыцы каланізацыі праз развіццё незалежнай гістарычнай навукі і стварэнне магчымасцяў для беларускай моладзі па вывучэнні гісторыі, не скажонай прапагандай.
Таццяна Шчытцова: «Амбасадар РФ у Мінску Барыс Грызлоў заявіў аб тым, што Беларусь і Расія дамовіліся аб стварэнні адзіных падручнікаў па гісторыі для школ і ВНУ.
Гэтаму рашэнню папярэднічалі два знакавыя мерапрыемствы:
1) Першы расійска-беларускі Форум гісторыкаў у чэрвені 2023 года ў Маскве.
2) Падпісанне Мемарандума аб узаемаразуменні паміж Рэспубліканскай радай па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі і міжведамаснай камісіяй па гістарычнай асвеце пры прэзідэнце РФ.
Мемарандум прадугледжвае стварэнне Сумеснай расійска-беларускай камісіі па гісторыі, якая, відавочна, і будзе адказваць за стварэнне новых падручнікаў.
Паказальна, што аб новай дамоўленасці было абвешчана на пасяджэнні праграмнай камісіі партыі «Адзіная Расія». Гэта даволі дакладна фіксуе, што менавіта маецца на ўвазе, калі расійскі амбасадар кажа пра неабходнасць разумець гістарычныя падзеі «з адзінага пункту гледжання». Адзіны пункт гледжання – гэта пункт гледжання, які прадстаўляе ідэалогію «Адзінай Расіі». Устаноўка Грызлова на ліквідаванне розначытанняў у разуменні гісторыі мае цалкам каланіяльны характар.
Каланізаваныя не маюць права на разыходжанні з каланізатарам, не маюць права гаварыць ад сябе, гаварыць інакш. Яны могуць казаць толькі голасам і словамі каланізатара. У каланізаваных не можа быць свайго погляду на гісторыю, сваёй уласнай гісторыі.
Пасля таго, як рэжым Лукашэнкі пазбавіў права на палітычны голас мільёны беларусаў і затармазіў развіццё краіны жорсткімі рэпрэсіямі, зараз ён падпісвае «Мемарандум аб узаемаразуменні», дзе «ўзаемаразуменне» азначае згоду рэжыму на падпарадкаванне беларускай гісторыі як навукі і як нацыянальнага наратыву «адзінаму пункту гледжання» – чытай: «Адзінай Расіі». Гэта азначае канец навукі і здраду нацыянальным інтарэсам.
Мы можам і будзем супрацьстаяць такой палітыцы самымі рознымі спосабамі. Галоўны ж з іх – гэта развіццё незалежнай гістарычнай навукі і стварэнне магчымасцяў для нашай моладзі вывучэння гісторыі, не скажонай расійска-беларускай прапагандай».